ГЕО́РГІЕЎСКІ ТРАКТА́Т 1783,

дагавор паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам (Усх. Грузія), заключаны 4 жн. ў Георгіеўску (Паўн. Каўказ). Паводле Георгіеўскага трактата груз. цар Іраклій II прызнаваў пратэктарат Расіі і адмаўляўся ад самаст. знешняй палітыкі. Кацярына II гарантавала Грузіі поўную аўтаномію, непарушнасць яе тэр. і абарону на выпадак вайны; прывілеяваныя саслоўі Грузіі прыраўноўваліся да адпаведных рускіх. Георгіеўскі трактат аслабіў пазіцыі Ірана і Турцыі ў Закаўказзі і падрыхтаваў далучэнне Грузіі да Расіі ў 1801.

Літ.:

Брегвадзе А.И. Славная страница истории: Добровольное присоединение Грузии к России и ею социально-экон. последствия. М., 1983.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕФІ́РНЫЯ «ГРЫБКІ́»,

закваска для атрымання кефіру з каровінага малака. Уключае казеін і мікраарганізмы: малочна-кіслы стрэптакок (Streptococcus lactis), які зброджвае лактозу з утварэннем малочнай кіслаты; малочна-кіслая палачка (Streptobacterium plantarum), што надае кефіру неабходную кансістэнцыю і смак; малочныя дрожджы (Torulopsis kefir), якія зброджваюць лактозу з утварэннем этылавага спірту і вуглякіслага газу. У высушаным стане К.«г.» — залаціста-жоўтыя зярняты велічынёй з лясны арэх, у малацэ павялічваюць аб’ём у 2—5 разоў. Радзіма К.«г.» — Каўказ, дзе ў стараж. час была адабрана закваска з натуральна складзеным згуртаваннем мікраарганізмаў.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),

род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.

Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.

В.​М.​Чартовіч.

Камелія японская: 1 — культурная махровая форма; 2 — дзікарослая расліна.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РБУТ (Людвік Тэадоравіч) (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.​Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 11, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводле інш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАТЫЁНІ,

дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л. рас. палкаводзец П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),

старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксандр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962;

Избр. проза. М., 1991.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІЛО́ВІЧ (Аляксандр Восіпавіч) (1.7.1800, Магілёў — 11.9.1834),

дзекабрыст, ваенны гісторык, літаратар. Брат М.В.Без-Карніловіча. Скончыў Маскоўскае вучылішча для калонаважатых (1815). З 1816 у распараджэнні ваен. гісторыка Дз.​П.​Бутурліна, працаваў у архівах Калегіі замежных спраў. Аўтар каля 35 прац па гісторыі 17—18 ст., геаграфіі, статыстыцы і інш. З 1820 друкаваўся ў час. «Сын Отечества», «Северный архив», «Отечественные записки» і інш. У маі 1825 уступіў у Паўд. т-ва дзекабрыстаў. 13 12.1825 папярэдзіў штаб паўстання аб пераносе тэрміну прысягі Сената і Дзярж рады. Арыштаваны ў ноч на 15 снеж., прыгавораны да 12 гадоў катаргі (пазней тэрмін скарочаны да 8 гадоў). У вер. 1827 — студз. 1828 знаходзіўся ў Чыцінскім астрозе. Беспадстаўна абвінавачаны ў шпіянажы, дастаўлены ў Пецярбург і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У зняволенні напісаў аповесць «Андрэй Безыменны», перакладаў Тацыта і Ціта Лівія. У 1832 К. адпраўлены радавым у дзеючую армію на Каўказ, дзе і памёр.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,

тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.​Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)