КАРПА́ТЫ,

горная сістэма на У Цэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.

К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.

Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч. паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас. р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас. р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

Да арт. Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся. Займае ПдЗ тэр. Брэсцкай вобл. Мяжуе на Пн з Прыбугскай раўнінай, на Пд — з Валынскім узв.; працягнулася з З ад даліны р. Зах. Буг на У да Загароддзя на 110 км. З Пн на Пд прасціраецца на 60—70 км. Абс. вышыні рэльефу вагаюцца ад 130 м у даліне Зах. Буга да 189 каля г. Маларыта. Пл. 5,9 тыс. км².

Брэсцкае Палессе прымеркавана да ўсх. часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны і прылеглых да яе з Пд Лукаўска-Ратнаўскага горста і Дзівінскай ступені. У тоўшчы антрапагену развіты ледавіковыя адклады нараўскага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, брэсцкага перадледавікоўя, міжледавіковыя белавежскія, александрыйскія і муравінскія, а таксама галацэнавыя. Сярэдняя магутнасць іх 10—50 м, у ледавіковых лагчынах да 110 м. Асн. рысы паверхні аформіліся ў час дняпроўскага зледзянення. Пераважае плоскі і спадзіста-хвалісты рэльеф водна-ледавіковых нізін і раўнін з забалочанымі ўчасткамі азёрна-алювіяльнай нізіны на адзнаках 140—150 м з адноснымі перавышэннямі 2—10 м. Паверхня нахілена на З, да месца зліцця Мухаўца і Зах. Буга. Невысокія насыпныя і напорныя грады і ўзгоркі цягнуцца на Пд Брэсцкага Палесся — ад Зах. Буга да в. Олтуш Маларыцкага р-на і г. Маларыта. Абс. адзнакі тут 175—189 м, адносныя дасягаюць 25 м. На павышаных водападзелах развіты эолавы рэльеф (дзюны, грады, масівы), у лагчынах, арыентаваных пераважна з ПнЗ на ПдУ, забалочаныя стараж. і сучасныя азёрныя катлавіны, у т. л. карставыя. Трапляюцца ўчасткі марэннага рэльефу. Шмат скразных далін. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, жвір, пясок, мел, сапрапель. Гал. рэкі: Зах. Буг з прытокамі справа Мухавец, Спанаўка, Капаёўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца Рыта і Асінаўка. У Брэсцкім Палессі зах. ч. Дняпроўска-Бугскага канала, шматлікія меліярац. каналы. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Белае, Любань, Рагазнянскае, Чорнае, вадасх. Лукаўскае. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,8 °C, ападкаў 548 мм за год. Глебы тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Лясы займаюць 10—20%, на Пд да 40% тэрыторыі. У межах Брэсцкага Палесся заказнікі бат. Радастаўскі і біял. Селяхі.

А.​В.​Мацвееў.

Брэсцкае Палессе. Маларыцкі раён Брэсцкай вобл.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнУ Усх.-Еўрапейскай раўніны і на зах. схілах Паўн. і Сярэдняга Урала, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 3.10.1938. Пл. 160,6 тыс. км². Нас. 2989 тыс. чал. (1997), гарадскога 77%. Цэнтр — г. Перм. Найб. гарады: Беразнікі, Салікамск, Чайкоўскі, Кунгур, Лысьва, Краснакамск, Чусавой. У складзе П.в. Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга. Цэнтр. ч. вобласці займае раўніна з далінай р. Кама, на З Верхнякамскае ўзв., на ПнЗ Паўн. Увалы, на У хрыбты Паўн. Урала (выш. да 1469 м) і Сярэдняга Урала. Пашыраны карставыя формы рэльефу, у т. л. Кунгурская пячора. Радовішчы нафты, калійна-магніевых солей, каменнага вугалю, храмітаў, кухоннай солі, буд. матэрыялаў і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 да -18 °C, ліп. 16—18 °C. Ападкаў ад 450 мм на ПдЗ да 800 мм на ПнУ. Гал. р. Кама з прытокамі Чусавая, Косьва, Вішара і інш. Камскае і Воткінскае вадасх. на р. Кама. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 60% тэр. (піхтава-яловыя і мяшаныя лясы). На тэр. П.в. запаведнікі Басегі і Вішарскі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць абароннай прадукцыі, у т. л. ракетна-касм. тэхнікі, нафтапрамысл. і горна-шахтавага абсталявання, газавай апаратуры, буксіраў-плытаводаў, навігацыйнага абсталявання, турбагенератараў, электра- і авіярухавікоў, электрапомпаў, электрапіл, валачна-тралёвачных машын, пральных машын, магнітафонаў, тэлефонаў, веласіпедаў і інш.), хім. і нафтахім. (вытв-сць мінер. угнаенняў, каўстычнай і кальцыніраванай соды, пластмасы, пральнага парашку, лакаў і фарбаў, гумава-тэхн. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, мэблі, кардону, шпалер, піхтавага алею). Развіты чорная (біметалы, сталь, пракат) і каляровая (тытанавая губка, метал. магній і яго сплавы) металургія, вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло і інш.), лёгкая (шаўковая, трыкат., абутковая), паліграф. і харч. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, алмазаў, золата, буд. матэрыялаў і інш. Вытв-сць электраэнергіі на Камскай і Воткінскай ГЭС, Пермскай і Яйвінскай ДРЭС і інш. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур і малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн. га, пераважна на Пд вобласці. Пасевы збожжавых (жыта, ячмень, пшаніца, авёс) і кармавых культур. Бульба- і агароднінаводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Даўж. чыгунак 1,5 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 8 тыс. км. Суднаходства па рэках Кама (гал. парты — Перм, Салікамск, Беразнікі), Чусавая, Вішара. Развіта сетка газа- і нафтаправодаў. Курорты Усць-Качка і Ключы.

т. 12, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.​М.​Корзун.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й (ад цюркска-манг. алтан залаты),

горная сістэма ў Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Манголіі і Кітая. Працягласць больш за 2000 км, макс. шырыня больш за 500 км. Распасціраецца з ПнЗ ад Зах.-Сібірскай раўніны на ПдУ да раўнін Гобі. Складаецца з сістэмы расчлянёных хрыбтоў, нагор’яў, пласкагор’яў, міжгорных упадзін, катлавін. Водападзел Обі, Енісея, рэк бяссцёкавага бас. Цэнтр. Азіі. Найб. вяршыня — г. Бялуха (4506 м). Падзяляецца на ўласна Алтай (Расійскі, Казахстанскі), Мангольскі Алтай і Габійскі Алтай. Тэктанічныя структуры Алтая належаць да герцынскай і каледонскай складкавасцяў. Складзены з пратэразойскіх і пераважна палеазойскіх парод: метамарфічных сланцаў, слюдзістых кварцытаў, амфібалітаў, вапнякоў, алеўралітаў, гліністых сланцаў, вулканагенных парод і інш. Асадкавыя, вулканічныя і метамарфічныя пароды пранізаны гранітнымі і гранадыярытавымі інтрузіямі. Сучасны выгляд Алтая набыў у выніку падняццяў у неагенавы і чацвярцічны перыяды. Грабяні высакагорных хрыбтоў характарызуюцца альпійскімі формамі рэльефу. Ёсць буйныя міжгорныя катлавіны, т.зв. стэпы (Чуйскі, Курайскі, Уймонскі, Абайскі, Канскі і інш.). У нізкагор’ях і сярэднягор’ях развіты паверхневыя і падземныя карставыя формы. Карысныя выкапні: поліметалічныя руды, золата, ртуць, сурма, вальфрам, марганец, жалеза, буры вугаль, солі, сульфаты і інш. Багатыя радовішчы мармуру і каштоўных вырабных камянёў (яшмы, парфіры і інш.). Тэрмальныя крыніцы: Абаканская, Белакурыхінскія, Рахманаўскія, Джумалінскія.

Клімат Алтая кантынентальны. Зіма халодная і працяглая. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (у перадгор’ях) да -28...-32 °C у міжгорных катлавінах у выніку тэмпературных інверсій. Лета адносна кароткае і халаднаватае; у перадгор’ях сярэдняя т-ра ліп. 19—22 °C, на высакагор’ях 14—16 °C. На схілах зах. раёнаў ападкаў да 2000 мм, паўн.-ўсх. — да 1000 мм, на ПдУ да 200 мм за год. Характэрны горнадалінныя вятры (фёны). Магутнасць снегавога покрыва у Зах. Алтаі можа дасягаць 2—3 м. Каля 1500 ледавікоў агульнай пл. больш за 900 км². Развіта густая сетка горных рэк, найбольшыя: Катунь, Бухтарма, Бія, Чуя. Жыўленне рэк пераважна алтайскага тыпу — талымі снегавымі водамі і летнімі дажджамі. Больш як 3500 азёраў, пераважна каравых і марэнападпрудных, самыя вял. Маркаколь і Цялецкае маюць катлавіны тэктанічнага паходжання.

На Алтаі добра выражана сістэма вышынных ландшафтных паясоў. У паўн. і зах. перадгор’ях да выш. 400—700 м — лугавыя разнатраўна-злакавыя, да выш. 1200—1500 м — палыноваціпчаковыя стэпы. Горныя лясы займаюць каля ⅔ тэрыторыі. Сярод іх пераважаюць паркавыя лістоўнічныя (да выш. 2000—2200 м). На Пн лясы цемнахвойныя, у т. л. кедравыя. Характэрны высакатраўныя лугі (велікатраўе), а таксама астравы горных стэпаў. На выш. 1400—2000 м у засушлівых катлавінах пашыраны паўпустынныя ландшафты. Высакагорная зона (выш. 1800—2400 м) з субальпійскімі хмызнякамі і лугамі змяняецца нізкатраўнымі альпійскімі лугамі. Ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах пашыраны горныя тундры (хмызняковыя, імхова-лішайнікавыя, камяніста-друзавыя). Вышэй альпійскіх лугоў і тундраў — голыя скалы, камяністыя россыпы, снежныя палі і ледавікі. Жывёльны свет разнастайны, стэпавага (суслікі, хамякі, палёўкі і інш.), таежнага (мядзведзь, рысь, ліс, собаль, вавёрка, марал, глушэц і інш.), высакагорнага (алтайская пішчуха, горны казёл, снежны барс і інш.) комплексаў. На тэр. Алтая — Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987.

А.​М.​Баско.

Да арт. Алтай. Горны Алтай.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЬЕ́Ф (франц. relief ад лац. relevo узнімаю),

сукупнасць форм зямной паверхні, разнастайных паводле абрысаў, памераў, паходжання, узросту і гісторыі развіцця. Формы Р. могуць быць дадатныя, або выпуклыя (горы, узвышшы, узгоркі), і адмоўныя, або ўвагнутыя (катлавіны, яры, рачныя даліны). Паводле маштабаў развіцця вылучаюць планетарныя формы Р. (мацерыкі, ложа акіянаў), мегарэльеф (горныя сістэмы, раўніны, упадзіны акіянаў), макрарэльеф (горныя хрыбты, міжгорныя ўпадзіны), мезарэльеф (узгоркі, яры), мікрарэльеф (стэпавыя сподкі, карставыя варонкі), нанарэльеф (тэрмітнікі, купіны, кратавіны).

Р. увесь час эвалюцыяніруе, формы ўтвараюцца, відазмяняюцца, разбураюцца, пахаваны або часткова захоўваюцца ў выглядзе рэліктаў былых геал. эпох. Залежыць ад характару, тыпу і ўзросту горных парод і асн. геал. структур, тэктанічнага развіцця, клімату, гідралаг. і гідрагеал. умоў, хуткасці і асаблівасцей разбурэння ці растварэння парод, пераносу і назапашвання адкладаў. Утвараецца і зменьваецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных працэсаў і экзагенных працэсаў. Эндагенныя рухі літасферных пліт і мацерыкоў, землетрасенні, векавыя падняцці і апусканні зямной кары, вулканічныя працэсы ў спалучэнні з уздзеяннем сіл сонечнага і месячнага прыцягнення і ’вярчэння Зямлі ўтвараюць буйныя структурныя (морфаструктура) няроўнасці Р. сушы і дна Сусв. ак. Узвышаныя тэр. характарызуюцца значнымі абс. і адноснымі вышынямі, стромкасцю схілаў і глыбінямі расчлянення, узрастаннем гравітацыйных працэсаў, дэнудацыі, эрозіі. Экзагенныя працэсы, абумоўленыя прамяністай энергіяй Сонца, утвараюць больш дробныя формы Р. (морфаскульптура), якія прыводзяць да згладжвання, выраўноўвання Р. Горы разбураюцца, расчляняюцца, набываюць рысы выпрацаванага, дэнудацыйнага і структурна-дэнудацыйнага Р. На фарміраванне Р. (асабліва ў гарах) уплываюць таксама гравітацыйныя працэсы, якія адбываюцца пад уздзеяннем сілы цяжару (лавіны, абвалы, асыпкі, апоўзні). Перавага экзагенных разбуральных працэсаў прыводзіць да пераўтварэння горных краін у хвалістыя дэнудацыйныя раўніны (пенеплены). Тэрыторыі, якія паніжаюцца, паступова нівеліруюцца, укрываюцца адкладамі, што зносяцца з больш узвышаных мясцін. На нізінных тэр. утвараецца акумулятыўны Р. са згладжанымі рысамі, увагнутымі схіламі, нязначнымі вышынямі (раўніны, нізіны). Р. садзейнічае дыферэнцыяцыі ландшафтаў і сам зазнае ўплыў занальнасці геаграфічнай і вышыннай пояснасці. Важныя асаблівасці Р. наяўнасць мацерыкоў, дзе абсалютныя вышыні да 1000 м складаюць 21,3%, раўніннага мацерыковага шэльфа, апушчанага пад узровень воднай паверхні акіяна да 100—200 м (зрэдку да 350—400 м); мацерыковага схілу з нахіламі ад 2—5 да 25° і глыб. да 1500—2000 м, ложа акіяна, дзе на глыбіні 4000—5000 м прыпадае 23,3%, 3000—6000 м — 53%. Агульная амплітуда верт. расчлянення Р. Зямлі амаль 20 тыс. м (г. Джамалунгма — 8848 м, глыбакаводны Марыянскі жолаб — 11022 м). У выніку актыўнага дзеяння экзагенных працэсаў паверхня сушы больш складаная і разнастайная, чым дно акіянаў і мораў. Самымі буйнымі марфалагічнымі тыпамі паверхні сушы з’яўляюцца: раўнінныя краіны (больш за ​1/3 плошчы), буйныя ўзвышшы і плато з вял ўпадзінамі, горныя сістэмы, хрыбты і інш горныя пабудовы. Паводле марфалагічнай выяўленасці, вышыні над узр. ак. вылучаюцца: высакагор’і, якія ўздымаюцца вышэй снегавой лініі, маюць ледавікі, вострыя вяршыні, трогі, ледавіковыя цыркі (Гімалаі, Кардыльеры, Альпы, Каўказ); сярэднягор’і з акруглымі вяршынямі, вышыннай пояснасцю, без слядоў абледзяненняў (Карпаты, Паўд. Урал); нагор’і з горнымі хрыбтамі і міжгорнымі масівамі, высока размешчанымі над узр. ак. (Армянскае, Іранскае, Усх. Памір); плато і пласкагор’і ў выглядзе прыўзнятых эразійных раўнін, абмежаваных уступам; нізкагор’і з градамі, гарамі і ўзгоркамі выш. да некалькіх соцень метраў, якія маюць мяккія абрысы і пакатыя схілы (Казахскі драбнасопачнік, Бадхыз, Карабіль); раўніны з плоскімі хвалістым і перасечаным Р., невял. амплітудамі вышынь, часта ўскладненымі градавымі, увалістымі, узгоркавымі і інш. дробнымі формамі (Прыкаспійская, Зах.-Сібірская раўніны). У пераўтварэнні Р. вял. роля належыць чалавеку (гл. Антрапагенны рэльеф) які свядома (тэрыконы, дамбы, адвалы, кар’еры) або ўскосна, пры няправільнай гасп. дзейнасці (яры, прасяданне паверхні, разбурэнне і размыванне схілаў і берагоў) зменьвае яго. Р. мае важнае гасп. значэнне. Ён уплывае на кліматычныя ўмовы, расліннасць, глебаўтваральныя працэсы, на спецыялізацыю земляробства і жывёлагадоўлі; яго асаблівасці ўлічваюцца пры праектаванні і буд-ве дарог, трубаправодаў, каналаў, вадасховішчаў, на спосабы здабычы карысных выкапняў і інш. Р. і гісторыю яго фарміравання вывучае геамарфалогія.

На Беларусі асн. формамі Р. з’яўляюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны, характэрныя рысы якіх вызначаны дзейнасцю ледавікоў. Найб. пашыраныя формы ўласналедавіковыя (марэнныя грады, раўніны і ўзгоркі), флювіягляцыяльныя (зандравыя раўніны, камавыя ўзгоркі, озавыя грады, тэрасы), алювіяльныя (даліны рэк, тэрасы, поймы, старыцы), азёрныя і азёрна-ледавіковыя (нізіны, катлавіны, тэрасападобныя пляцоўкі), эолавыя (дзюны, пясчаныя грады і ўзгоркі), крыягенныя (бугры пучэння).

Літ.:

Махачек Ф. Рельеф Земли: Опыт регионального морфол. описания поверхности Земли. Т. 1—2. М., 1959—61;

Райс Р.​Дж. Основы геоморфологии: Пер. с англ. М., 1980;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии Мн., 1990.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́,

адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз. вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз. рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз. вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл. бас. больш за 50 тыс. км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл. бас. 2—50 тыс. км²) і малая Р. (пл. бас. да 2 тыс. км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.​І.​Львовіча, П.​С.​Кузіна, Б.​Дз.​Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс. км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).

На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс. км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс. км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс. км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл. Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл. Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.

Літ.:

Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;

Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Назва Даўжыня,
км
Плошча
басейна,
тыс. км
Сярэднегадавы
расход вады,
м/с
Найбольшыя рэкі свету
Ніл (ад вытоку р. Кагера) 6671 2870 2,6 тыс. (каля г. Асуан)
Амазонка (ад вытоку р. Мараньён) 6400 7180 220 тыс.
Місісіпі (ад вытоку р. Місуры) 5970 3230 19 тыс.
Янцзы 5800 1808 34 тыс.
Об (ад вытоку р. Іртыш) 5410 2990 12,7 тыс.
Хуанхэ 4845 771 2 тыс.
Парана (з р. Уругвай) 4380 2663/2970 17,5/23 тыс.
Меконг 4500 810 13,2 тыс. (каля г. Пнампень)
Амур (ад вытоку р. Аргунь) 4440 1855 10,9 тыс.
Лена 4400 2490 16,5 тыс.
Конга (ад вытоку р. Луалаба) 4320 3700 46 тыс.
Макензі (разам з р. Піс ад вытоку р. Фінлі) 4250 1804 11 тыс.
Нігер 4160 2092 9,3 тыс.
Енісей (ад вытоку р. М.​Енісей) 4102 2580 19,8 тыс.
Мурэй (ад вытоку р. Дарлінг) 3750 1057 0,47 тыс.
Волга 3530 1360 7,71 тыс.
Найбольшыя рэкі Беларусі
Дняпро, увесь 2145 504 1670
у межах Беларусі 689 118 583
Нёман, увесь 937 98,2 685
у межах Беларусі 459 35 214
Зах. Дзвіна, уся 1020 87,9 666
у межах Беларусі 328 33,1 441
Прыпяць, уся 761 121 450
у межах Беларусі 500 52,7 383 (каля г. Мазыр)
Сож, увесь 648 42,1 219
у межах Беларусі 485 21,5 219
Бярэзіна 613 24,5 142
Рака Мухавец у г. Брэст.

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах. ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс. км². Нас. 533,8 тыс. чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г. Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.

Прырода. Большая ч. тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 м воз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.

Гісторыя. Найб. стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст. н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст. тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж. абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст. — Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав. сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр. грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз. абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.​Ардзынбу.

Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.

Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец. навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-т Груз. тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн. экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.

Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.​К.​Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх. газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.​Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.​Кагонія, Л.​Квіцынія, К.​Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.​Цвіжбы, А.​Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.​Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.​Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.​Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.​Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.​Хашбы, П.​Чкадуа, М.​Папаскіры, А.​Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.​Лабахуа, Агумаа, Д.​Дарсалія, С.​Кучберыя, П.​Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.​Тарбы, М.​Лакербая, А.​Ласурыя, А.​Джонуа, К.​Ломія, К.​Чачхалія, Г.​Гублія, У.​Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.​Тарба, Гогуа, Ш.​Чкадуа, Д.​Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.​Тапагуа, Г.​Папаскіры; у крытыцы — у Ш.​Інал-Іпы, Х.​Бгажбы, М.​Дзелбы, Ш.​Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).

З найб. стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш. Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.​Габелія, Х.​Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.​Іванба, Ю.​Чкадуа і інш), графіка (Т.​Ампар, З.​Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.​Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.​Шэнгелая, В.​Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.​Ковач, К.​Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.​Шведаў, А.​Чычба, Р.​Гумба, М.​Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.

Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.​Гулія. З 1928 працаваў драм. т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх. драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх. нац. т-р (з 1967 імя С.​Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.

Літ.:

Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;

Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;

Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), В.​С.​Клімовіч (гісторыя).

Да арт. Абхазія. Возера Рыца.
Да арт. Абхазія. Прыморскі парк у Гагры.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

частка свету, зах. ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн. км², у т. л. пл. астравоў каля 730 тыс. км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36° паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс. км. На долю паўастравоў прыпадае каля ​1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.

Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн. ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд. ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).

Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах. ч. Зах. Е.

На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На У Еўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.

Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.

Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.

Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл. паветр. мас большая ч. Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.

Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас. Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс. км²), Анежскае (9,9 тыс. км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс. км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс. км²), у Ісландыі (11,8 тыс. км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс. км²), Альпах (3,2 тыс. км²).

Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На Пн Усх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на Пд Рус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.

Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.

Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн. чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн. ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч. паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.

Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст. ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.
Да арт. Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.
Да арт. Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.
Да арт. Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.
Да арт. Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НІЯ (Slovenija),

Рэспубліка Славенія (Republika Slovenija), дзяржава на Пд цэнтр. ч. Еўропы, на ПнЗ Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Аўстрыяй, на У з Венгрыяй, на Пд і ПдУ з Харватыяй, на З з Італіяй і абмываецца Трыесцкім зал. Адрыятычнага мора. Пл. 20,3 тыс. км². Нас. 1927, 6 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — славенская. Сталіца — г. Любляна. Падзяляецца на 62 раёны. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Парламент — Дзяржаўны сход з 90 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Дзяржаўны савет (у ім 40 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў і прадстаўляюць сац., эканам., прафес. і мясц. інтарэсы) — дарадчы орган, карыстаецца правам адкладальнага вета. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду, які самастойны ў межах сваёй кампетэнцыі і падсправаздачны Дзярж. сходу.

Прырода. С. — пераважна горная краіна. На ПнЗ і Пн хрыбты Альпаў (усх. ч.), у т. л. Юлійскія Альпы з г. Трыглаў (2863 м). На Пд паўн. ўскраіна Дынарскага нагор’я, у т. л. вапняковае плато Карст. Нізінныя і раўнінныя ўчасткі на З, каля ўзбярэжжа Адрыятычнага м. і на У. Ёсць радовішчы свінцова-цынкавых і медных руд, бурага вугалю і інш. Клімат на большай ч. тэр. ўмерана-кантынентальны. У міжгорных далінах т-ра студз. ад 0 °C да -2 °C, ліп. 18—19 °C. На ўзбярэжжы клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў 800—1200 мм за год, у гарах месцамі больш за 2000 мм. Асн. рэкі — Сава і Драва (бас. Дуная). Горныя ледавіковыя і карставыя азёры. Горныя букавыя, дубовыя і хвойныя лясы займаюць каля 55% тэр., ёсць участкі са стэпавай расліннасцю (плато Карст), горныя лугі, на ўзбярэжжы міжземнаморскія хмызнякі. Жывёльны свет больш захаваўся ў гарах, там трапляюцца мядзведзі, рысі, дзікі, ваўкі, алені, серны і дзікія козы. Ёсць запаведнікі і заказнікі. Пячоры Скочыян уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 90% складаюць славенцы. Жывуць таксама харваты (3%), сербы (2%), баснійцы-мусульмане, венгры, італьянцы і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 70%), ёсць лютэране, уніяты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. каля 95 чал. на 1 км², на раўнінах і ў міжгорных далінах дасягае 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10—20 чал. на 1 км². У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Любляна — 330, Марыбар — 103,5, Цэле — каля 50. У прам-сці і буд-ве занята каля 45% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах — 35%.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. С. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. н.э. яе каланізавалі рымляне (значна раманізавана). З 6 ст. заселена славянамі (славенцамі). У 7 ст. яны ўтварылі княства Карантанія, якое напачатку ўваходзіла ў дзяржаву Сама, потым падпарадкоўвалася Баварыі (з 740—745) і Франкскай дзяржаве (з 788). Тут узніклі паселішчы ням. каланістаў (у Зах. С), у 11—13 ст. утварыліся княствы Карынтыя, Штырыя, Крайна, Горыца, Істрыя. З 1282 яны пад уладай аўстр. Габсбургаў (канчаткова з пач. 16 ст.), тэр. ядром С. з 1394 было герцагства Крайна. У час напалеонаўскіх войнаў большая ч. С. ўваходзіла ў Ілірыйскія правінцыі (1809—14) Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 славенскія землі зноў трапілі пад уладу Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Аўстра-Венгрыі тэр. С. 1.12.1918 увайшла ў новастворанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну землі С. акупіраваны ў ходзе Балканскай кампаніі 1941 і падзелены паміж Германіяй, Італіяй і Венгрыяй. Да 15.5.1945 яны вызвалены Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. Пасля абвяшчэння Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (29.11.1945) С. ўвайшла ў яе склад як адна з 6 рэспублік (з 1963 у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі). Уз’яднанню тэр. С. пасля 2-й сусв. вайны садзейнічалі Парыжскія мірныя дагаворы 1947. С. ўносіла значны ўклад у агульнаюгасл. эканоміку. На мяжы 1980—90-х г. улады С., як і суседняй Харватыі, сталі ініцыятарамі выхаду сваіх рэспублік са складу югасл. федэрацыі і тым самым распаду Югаславіі. Напачатку Саюз камуністаў С. (СКС) на чале з М.​Кучанам прапаноўваў пераўтварыць Саюз камуністаў Югаславіі (СКЮ) у саюз самаст. рэсп. арг-цый, а югасл. федэрацыю — у канфедэрацыю незалежных рэспублік. Потым Кучан узначаліў працэс супраціўлення С. югасл. федэральным уладам («раздружэнне»).

У сак. 1990 Сацыяліст. Рэспубліка С. перайменавана ў Рэспубліку С. У крас. 1990 у краіне адбыліся першыя свабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамог саюз 7 партый «Дэмас»; прэзідэнтам С. выбраны Кучан (перавыбраны ў 1992 і 1997). 2.7.1990 парламент прыняў «Дэкларацыю аб суверэнітэце дзяржавы Славенія». На плебісцыце (праведзены 23.12.1990) 88,2% выбаршчыкаў выказаліся за дзярж. незалежнасць С. 25.6.1991 парламент прыняў акт аб незалежнасці С. (абвешчаны 26.6.1991 адначасова з Харватыяй). Паміж 27.6 і 7.7.1991 адбыліся сутыкненні паміж уведзенымі ў С. часцямі югасл. федэральнай арміі і славенскімі ўзбр. атрадамі («малая вайна»). Пры пасрэдніцтве Еўрап. супольнасцей (ЕС) і процістаянні з Харватыяй югасл. ўрад спыніў узбр. канфлікт і 29.7.1991 вывеў свае войскі з тэр. С., і яна стала незалежнай дзяржавай дэ-факта. Незалежнасць С. першымі прызналі ФРГ (26.12.1991), краіны ЕС (15.1.1992), Расія (14.2.1992). 22.5.1992 С. прынята ў ААН. 13.8.1992 дзярж. суверэнітэт С. прызнаў і югасл. ўрад (двухбаковыя дыпламат. адносіны ўстаноўлены 30.11.1995) У С. разгарнуліся паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні. 23.12.1991 прынята канстытуцыя, паводле якой С. стала парламенцкай рэспублікай. Найб. уплывовай паліт. сілай стала ў 1992 Ліберальна-дэмакр. партыя (зноў пасля выбараў 1996), лідэр якой Я.​Дрноўшак стаў прэм’ер-міністрам С. У 1994 С далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». У 1995 парафіравана пагадненне аб асацыіраваным партнёрстве С. і Еўрап. Саюза. За гады незалежнасці С. дасягнула пэўных эканам. поспехаў, пераважна за кошт унутр. рэсурсаў. Урад краіны стымуляваў развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, заахвочваў вытв-сць на экспарт. Праведзена рэформа цэнаўтварэння і эканам. лібералізацыя ў цэлым, уведзена нац. валюта (толар). С. — чл. Савета Еўропы (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 23.7.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Найб. уплывовымі паліт. партыямі краіны з’яўляюцца: Ліберальна-дэмакр. партыя С., Славенская нар. партыя, С.-д. партыя С., Славенскія хрысц. дэмакраты, Аб’яднаны спіс сацыял-дэмакратаў, Дэмакр. партыя пенсіянераў, Славенская нац. партыя і інш.

Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна, па ўзроўні эканам. развіцця блізкая да найб. развітых краін Зах. Еўропы. Нягледзячы на эканам. спад пасля распаду Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, нармалізавалася сітуацыя ў нар. гаспадарцы, праведзена прыватызацыя. Краіна атрымлівае штогод 1,8—2 млрд. дол. замежных інвестыцый (пераважна з Германіі, Аўстрыі, Францыі). Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 20,4 млрд. дол. (каля 10 300 дол. на 1 чал.), 35% яго атрымліваюць у прам-сці, 5% — у сельскай гаспадарцы, 60% — у сферы паслуг. У горнай прам-сці найб. значэнне мае здабыча бурага вугалю (4,6 млн. т у 1999, асн. радовішчы на Пд), свінцовых і цынкавых руд, буд. матэрыялаў. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (175 ГЭС на горных рэках, у т. л. каскады ГЭС на рэках Драва, Сава, Соча), бурага вугалю і імпартнай нафты (68 ЦЭС). Працуе АЭС у Кршко (штогод выпрацоўвае каля 4 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі). У 1999 выпрацавана 13,1 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Шматгаліновая апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная (у 1999 чыгуну, сталі, ферасплаваў атрымана 947 тыс. т, асн. цэнтр г. Есеніцы) і каляровая (вытв-сць свінцу, цынку, алюмінію, гарады Межыца і Кідрычава) металургія, хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакафарбавых вырабаў, пластмас, пестыцыдаў і мінер. угнаенняў) і фармацэўтычная прам-сць. Развіта машынабудаванне, асабліва с.-г., электратэхн., трактара- і аўтамабілебудаванне, цяжкае машынабудаванне і інш. Аўтамабілі (118,9 тыс., 1999) выпускаюць філіялы ням. і франц. кампаній. Эл.-тэхн. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную прадукцыю быт. (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і інш.) і прамысл. прызначэння. Вырабляецца таксама абсталяванне для харч. прам-сці і металург. з-даў. Харч. і лёгкая прам-сць у асн. забяспечвае ўнутр. патрэбы, часткова — знешні рынак. У цэнтр. і ўсх. раёнах развіты мукамольная, маслабойная, мяса- і малочна-кансервавая, цукр. прам-сць. На Адрыятычным узбярэжжы вінаробства, вытв-сць аліўкавага алею, рыбных і фруктовых кансерваў, перапрацоўка імпартнай прадукцыі (кавы, чаю і інш.). Баваўняная, шарсцяная, шаўковая і гарбарна-абутковая прам-сць працуе пераважна на імпартнай сыравіне. Есць вытв-сць штучных валокнаў і скуры. У 1999 атрымана 39,1 млн. м² баваўняных і 4 млн. м² сінт. тканін. Развіты электронная, лясная і дрэваапр., папяровая, паліграф., мэблевая, швейная, шкляная і керамічная, буд. матэрыялаў прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы, выраб сувеніраў і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 680 тыс. га зямлі, у т. л. каля 500 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 180 тыс. га пад пашай і лугамі. Збожжавыя культуры займаюць каля 90 тыс. га, тэхн. — 15 тыс. га, збожжа на фураж —49 тыс. га, кармавыя травы — 292 тыс. га, пад садамі і вінаграднікамі —31 тыс. га. У 1999 сабрана 117,2 тыс. т пшаніцы, 309 тыс. т кукурузы. У жывёлагадоўлі (2000) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы (453 тыс. галоў) і свінагадоўля (592 тыс. галоў). У гарах і на плато Карст гадоўля авечак і коз. Птушкагадоўля (8,55 млн. курэй, 2000). У 1999 атрымана 247 тыс. т мяса (128,6 кг на душу насельніцтва), 620 тыс. т малака (323 л на душу). Марское і рачное рыбалоўства. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У 1999 у С. было 20,1 тыс. км аўтадарог, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 16,3 тыс. км (619 км дарог міжнар. класа); 1201 км чыгункі. У краіне 657 тыс. легкавых, 37 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). Развіты авіяц. транспарт, каля г. Любляна — міжнар. аэрапорт. Гал. марскі порт Копер. Выкарыстоўваюцца таксама парты Трыест (Італія) і Рыека (Харватыя). У 1999 экспарт склаў 8,5 млрд. дол., імпарт 10,1 млрд. дол. У экспарце пераважае прадукцыя машынабудавання і тэкст. прам-сці (разам больш за 70% кошту), хім. (8%) і с.-г. (5%) прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, сыравіна і паліва. Гал. гандл. партнёры: Германія (29% экспарту, 21% імпарту), Італія (15 і 17% адпаведна), Харватыя, Аўстрыя, Францыя, Расія, ЗША. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Ёсць горнаклімат. і прыморскія курорты. Штогод С. наведвае больш за 1 млн. замежных грамадзян. даход ад замежнага турызму ў 1999 склаў 1,01 млрд. дол. Грашовая адзінка — талар.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (9 тыс. 550 чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя, 4,5 тыс. чал.). Рэзерв —61 тыс. чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву На ўзбраенні 96 танкаў, да 100 баявых браніраваных машын, каля 230 адзінак рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 9 пускавых установак зенітных ракет, да 60 гармат зенітнай артылерыі, каля 10 самалётаў-разведчыкаў, 18 лёгкіх трансп. самалётаў, 16 верталётаў, 2 патрульныя катэры.

Ахова здароўя. Агульнадзярж. палітыку ў галіне аховы здароўя ажыццяўляе савет па ахове здароўя. Разам з бясплатным дзярж. лячэннем існуюць страхавая медыцына, прыватныя ўрачы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72, жанчын 79 гадоў. Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: — 0,05%. Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс. чал. (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 177 чал., урачамі — 1 на 866 чал. (1997).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. каля 656 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Dnevnik» («Штодзённік», з 1951), «Večer» («Вечар», з 1952), «Delo» («Праца», з 1959), «Slovenske novice» («Славенскія навіны», з 1991). Інфарм. агенцтва — Славенскае тэлегр. агенцтва (СТА, з 1991). Радыё і тэлебачанне С. ў складзе прадпрыемства «Радыё і тэлебачанне Славенія». Радыёвяшчанне з 1928. Радыёстанцыя «Радыё Славенія» вядзе перадачы па 3 нац. праграмах. У 1996 зарэгістравана 59 радыёстанцый, у т. л. 19 мясц., 2 студэнцкія і камерцыйныя (найб. уплывовыя «Радыё Копер-Кападзістрыя» і «Радыё Марыбар»). Тэлебачанне з 1959 (каляровае з 1974). Цэнтр. студыя тэлебачання «Тэлебачанне Славенія» вядзе перадачы па 2 нац. каналах. Дзейнічаюць 2 рэгіянальныя каналы. З 1998 трансліруюцца праграмы па кабельным тэлебачанні і праз Інтэрнет. З 1999 працуе 41 прыватная камерцыйная, рэгіянальная і лакальная тэлевізійныя станцыі. Вяшчанне на славенскай, венг. і італьян. мовах.

Літаратура. Развіваецца на славенскай мове. Першы літ. твор рэліг. зместу на лацінцы — Фрэйзенгскія фрагменты (10—11 ст.). У 14—15 ст. створаны Ратацкі і Сцічанскі рукапісы, якія ўключалі малітоўныя творы, у т. л. казанні і царк. песні. У 16 ст. пад уплывам пратэстантызму абуджалася нац. свядомасць славенцаў, развівалася літ. мова (біблейскія пераклады П.​Трубара, поўны пераклад Бібліі Ю.​Далмаціна). Пасля застою ў літ. жыцці на мяжы 18—19 ст. выйшаў першы паэт. альманах «Пісаніцы». Вылучыліся драматургія А.​Т.​Лінхарта, паэзія В.​Водніка, аўтара першай славенскай граматыкі на славенскай мове (1811). Рамант. паэзія 19 ст. прадстаўлена творчасцю Ф.​Прашэрна, які спалучыў дасягненні нар. паэзіі з высокім узроўнем літ. мовы. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі: у прозе — лірычныя і рэаліст. апісанні сял. побыту (Ф.​Леўсцік, І.​Юрчыч), у паэзіі — вершы І.​Стрытара, С.​Грэгарчыча, А.​Ашкерца. На мяжы 19—20 ст. праявіліся шматлікія плыні і школы, у т. л. мадэрнізм і новы рамантызм з імпрэсіянізмам, дэкадансам, экспрэсіянізмам, сімвалізмам (творы І.​Цанкара, О.​Жупанчыча, С.​Косавела), якія спрыялі ўздыму славенскай л-ры. У 1930-я г. найб. уплывовай плынню быў сац. рэалізм (творчасць Прэжыхава Воранца, Ю.​Казака, М.​Кранеца, С.​Касмача). Л-ра перыяду 2-й сусв. вайны прадстаўлена партыз. лірыкай і драматургіяй М.​Бора К.​Дзястоўніка-Каюха, прозай Т.​Свяціны. У сучаснай прозе традыцый рэалізму прытрымліваецца Б.​Зупанчыч, пераемнікам мадэрнізму і новага франц. рамана з’яўляецца Р.​Шаліга, да постмадэрнізму схіляецца А.​Блатнік. Яскравыя прадстаўнікі жаночай прозы — Б.​Баету, М.​Новак. У паэзіі пераважаюць інтымнасць, двухсэнсавасць, ірацыяналізм і суб’ектыўнасць (Д.​Зайц, Я.​Менарт, К.​Ковіч, В.​Таўфер, С.​Макаравіч, Т.​Шаламун, Б.​А.​Новак, А.​Дабяляк). У драматургіі значнае месца заняла творчасць Д.​Янчара. У перакладзе на бел. мову выдадзены апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), казкі ў зб. «Югаславянскія казкі» (1999), вершы ў зб-ках «На волю птушку выпускаю» (1989), «На зорных шляхах» (1991), «Знічкі сямі нябёс» (1992), анталогія паэзіі «Маці мая, Славенія» (1976), творы Леўсціка («Марцін Крпан», 1982), Зупанчыча («Памінкі», 1983), Жупанчыча («У вечным дазоры»), Прэжыхава Воранца («Падарункі»), Юрчыча («Як аднойчы казла судзілі: Незвычайная аповесць з даўніх часоў», усе 1986), Прашэрна («Санеты смутку», 1987). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Н Гілевіч, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, Р.​Люхцікаў, С.​Мінскевіч, А.​Разанаў, У.​Рубанаў, К.​Севярынец, Я.​Сіпакоў, І.​Чарота, Г.​Шаранговіч і інш.

Архітэктура. З эпохі бронзы вядомы абкружаныя валамі і равамі паселішчы, некропалі з магіламі на круглых каменных падмурках. Захаваліся ўмацаваныя паселішчы ілірыйцаў, рэшткі паселішчаў кельтаў (Цэле), стараж.-рым. гарадоў (Любляна, Птуй). З 8 ст. будавалі 1-нефавыя хрысц. храмы дараманскага тыпу (падмуркі з неапрацаванага каменю, плоскія драўляныя дахі). У 12—13 ст. панаваў манум. раманскі стыль, будавалі кляштарныя комплексы з 3-нефавымі базілікамі (у Сцічне, 1136—56; Кастаневіцы), 1-нефавыя касцёлы і ратонды (баптыстэрый у Коперы), касцёлы са шматграннай апсідай (у Сподня-Муце), невял. замкі з палацам, капэлай і данжонам (у Хмельніку каля Нова-Места). Гар. паселішчы, што вырасталі на месцы ант. (Любляна, Птуй, Цэле), захоўвалі іх рэгулярную планіроўку. У 13 ст. з’явіліся гатычныя арх. элементы, раслі ўмацаваныя гарады. У цэнтр. ч. С. пераважалі 2-павярховыя дамы з вузкімі фасадамі, на ўзбярэжжы Адрыятыкі — 3-павярховыя палацы з параднымі заламі і стральчатымі аконнымі праёмамі (у Коперы, Піране і інш.). У культавым буд-ве стаў пашыраным тып 3-нефавага касцёла (касцёл Маці Божай у с. Птуйска-Гора каля Птуя); сустракаліся 2-нефавыя зальныя касцёлы з вежай на фасадзе (у Свеці-Прымажы-над-Камнікам, каля 1459—1507) і 1-нефавыя з плоскай столлю і шматграннай скляпеністай апсідай. Саборы вызначаліся строгім вонкавым выглядам, акцэнтаваліся шмат’яруснымі квадратнымі вежамі з шатровым завяршэннем (у Марцьнцы, каля 1392; Солчаве, 1461—85); іх убранне стала больш дэкаратыўным, сеткавыя і зорчатыя скляпенні пакрывалі маляўнічай арнаментацыяй (у Шэнт-Руперце, каля 1482—97). У свецкай архітэктуры 16 ст. з’явіліся рэнесансавыя элементы — балконы, лоджыі, арачныя галерэі, ордэрныя парталы (ратуша і замак у Марыбары; замкі Тур’як і Жужамберк, палац «Старая графовія» ў Цэле). У пач. 17 ст. пашырыўся стыль барока. Формы італьян. і аўстр. дойлідства спалучаліся з мясц. асаблівасцямі. Касцёлы ўзводзілі 1-нефавыя з прадстаўнічым фасадам (касцёл св. Якаба, 1613—15; сабор св. Мікалая, 1700—07; урсулінак, 1718—26, 1744, гал. алтар маст. Ф.​Роба, у Любляне), у плане трохвугольныя (у Шмарна-Горы, 1711—12), авальныя (у Паляне, 1720, арх. абодвух Г.​Мачак) ці з увагнутым 2-вежавым фасадам (у Сладка-Горы, каля 1750). З 19 ст. ўсталяваўся класіцызм, з’явіліся элементы гістарызму (неагатычная ратуша ў Птуі, неарэнесансавы Нац. музей у Любляне) і стыль мадэрн (творы арх. М.​Фабіяні ў Любляне). 1920-я г. адзначаны пошукамі ў стылі нац. неарамантызму з выкарыстаннем сярэдневяковай, рэнесансава-барочнай спадчыны, нар. архітэктуры (б-ка ун-та ў Любляне, арх. І.​Плечнік, дзейнасць якога заклала аснову славенскай арх. школы 20 ст.). У 1930-я г. выявілася тэндэнцыя да функцыяналізму (арх. І.​Вурнік, В.​Шубіц у Любляне, Марыбары). Вял. урбаністычныя праекты канструктывізму рэалізоўваліся з рэгіянальнымі адметнасцямі: выкарыстанне разам з бетонам мясц. парод каменю, цэглы, дрэва, арганічнае ўпісанне архітэктуры ў горны ландшафт, пашырэнне 8-павярховых «кропачных» і вежападобных дамоў «стоўпніц». Пасля 2-й сусв. вайны ўзведзены новыя гарады з выразнай свабоднай планіроўкай, прамысл. раёны, добраўпарадкаваныя жылыя комплексы з грамадскімі цэнтрамі, школамі і інш. Паводле праектаў арх. Фабіяні і Плечніка рэканструяваны плошчы і набярэжныя Любляны. Сярод найб. значных пабудоў 2-й пал. 20 ст.: Нар. скупшчына (арх. В.​Гланц), спарт. зала «Цівалі» (арх. М.​Божыч), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (арх. Э.​Раўнікар) у Любляне, атэль «Рыўера» у Петравіцы (арх. І.​Арнаўтавіч), комплекс вакзала і атэля «Славія» ў Марыбары (арх. М.​Чэрнігай), работы арх. В.​Мушыча, С.​Севеча, М.​Міхеліча і інш. У 1959 засн. Саюз архітэктараў С.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. выяўлены дробная пластыка эпохі палеаліту, неалітычная кераміка з геам. арнаментам, блізкая да помнікаў Апуліі і Сіцыліі, творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ілірыйцаў (бронзавыя пасудзіны-сітулы з рэльефнымі культавымі і быт. сцэнамі). Да 4—7 ст. адносяцца маст. вырабы готаў і стараж. славян. У сярэдневякоўі пашыраны рэльефы ў тымпанах, з’явіліся алтары са статуямі і рэльефамі, драўляная скульптура («Божая Маці», 3-я чвэрць 14 ст., царква ў Солчаве). Асобным творам скульптуры 13—14 ст. уласцівы прыальпійскія і паўн.-італьян. ўплывы. Лінейна-плоскасны стыль размалёвак 1-й пал. 14 ст. (у Турнішчы, у Свеці-Янезе на Бохінскім воз.) пад італьян. уплывам змяніўся больш аб’ёмнымі выявамі з наіўнай непасрэднасцю (у Марцьянцы, 1392, майстар Янез Аквіла). Лірызмам, цікавасцю да пейзажу, быт. дэталей, простанар. вобразаў вылучаюцца размалёўкі Янеза Люблянскага ў Вісака (1443) і Муляве (1456). Евангельскія сцэны часта ствараліся ў выглядзе сцэн з сял. жыцця (размалёўкі касцёла ў Црнгробе, 1453, майстар Вольбенк). Рысы Адраджэння праяўляліся ў разных алтарах, рэльефных эпітафіях, найб. у размалёўках касцёлаў у Крыжна-Горы (1502) і Свеці-Прымажы-над-Камнікам (1504 і каля 1520), у якіх спалучаліся жывая характэрнасць вобразаў і шматлікасць быт. дэталей. Пад венецыянскім уплывам у канцы 16 ст. ўзніклі свецкія жанры — партрэт і дэкар. жывапіс. У скульптуры вылучаюцца пластычна-выразныя і дынамічныя работы Ф.​Робы, у жывапісе — ілюзіяністычныя размалёўкі і алтарныя карціны Ф.​Ялоўшака, партрэты Ф.​Берганта. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыранымі сталі вырабы з металу, дрэва, керамікі. У выяўл. мастацтве класіцызм суіснаваў з рамантызмам (творы Ф.​Каўчыча, М.​Лангуса). У жанрава-партрэтных кампазіцыях І.​Томінца рамант. ноты спалучаліся з рысамі бідэрмееру. У канцы 19 ст. ў стылістыцы позняга класіцызму жывапісныя кампазіцыі стваралі А.​Ажбе, А.​Гангл, І.​Заец, А.​Карынгер, браты Ю. і Я. Шубіцы, у якіх рысы акадэмізму саступілі месца пленэрным пошукам. У пач. 20 ст. склаўся славенскі імпрэсіянізм (нац. пейзажы часта са сцэнамі сял. працы І.​Грохара, М.​Стэрнена, М.​Ямы, Р.​Якапіча). Жывапісцы і графікі І.​Ваўпаціч, Х.​Смрэкар, Ф.​Тратнік у пошуках нац. своеасаблівасці звярталіся да сімволікі і стылізацыі. Цікавасць да сял. жыцця, драм. выразнасць, часам сац.-крытычныя ноты ўласцівы творчасці экспрэсіяністаў Ф. і Т.​Краляў, В.​Пілана, Тратніка. У 1920—30-я г. побач з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам (С.​Крэгар) развіваўся т. зв. паэтычны рэалізм: вытанчаныя па каларыце інтымныя і лірычныя жанравыя сцэны, партрэты, пейзажы Б.​Якаца, Г.​А.​Коса, Ф.​Міхеліча і інш., якія выкарыстоўвалі прыёмы постімпрэсіянізму. У скульптуры пад уплывам І.​Мештравіча неакласічная манументальнасць спалучалася з дэкар. стылізацыяй. З 1950-х г. мастакі звяртаюцца да фармальна-фактурных і колеравых пошукаў: жывапіс і графіка Я.​Берніка, Г.​Ступіцы, скульптура Я.​Савіншака, С.​Ціхеца. Нац. рэаліст. і гуманіст. традыцыі развівалі Кос, Міхеліч, Якац, Л.​Далінар. Развіваецца манум. мастацтва (мазаікі М.​Прэгеля, вітражы Крэгара), маст. канструяванне.

Музыка. Муз. фальклор С. падзяляецца на прыморска-істарскі, альпійскі і меджымурскі (усх. ч.). Бытуюць лірычныя, жартаўлівыя, шлюбныя песні, стараж. балады. Нар. песні і танцы маюць агульныя рысы з ням.-аўстр. і венг. нар. музыкай. У альпійскіх, прыморскіх і ўсх. рэгіёнах пашыраны шматгалосыя спевы, у паўд.-ўсх. — аднагалосыя абрадавыя песні, т.зв. каледы. Нар. музыка дыятанічная, для яе характэрны скачкі на шырокія інтэрвалы, пераменны метр, складаны рытм. Сярод муз. інструментаў пераважаюць духавыя — фрулы, рог, губны гармонік. Прафес. музыка развіваецца з 12—13 ст. Сярод кампазітараў 15—16 ст. Б.​Праспергіус, Ю.​Слатканя, Я.​Галус (царк. і свецкае шматгалоссе). З 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. актывізавалася муз. жыццё ў гарадах. У 1701 Я.​Хёфер засн. у Любляне Філарманічную акадэмію (адна са старэйшых у Еўропе, з 1794 — Філарманічнае т-ва). Сярод кампазітараў 18 ст. Я.​Зупан (аўтар першай оперы на славенскай мове «Белін», 1780 ці 1782, не паст.), Я.​Новак, М.​Омерза, Хёфер, Я.​Хочавар, М.​Чадзеж. Рысы нац. стылю, пераважна ў песенна-харавым жанры, усталяваліся да сярэдзіны 19 ст. (Ю.​Флейшман, М.​Вілхар, Г. і К. Машакавы). Пры муз. т-ве «Глазбена маціца» ў Любляне (з 1872) засн. муз. школа (1882), хор (1891), сімф. аркестр. У 1892 адкрыты Славенскі т-р (ставіліся нац. оперы і аперэты), пры ім — Славенская опера. У канцы 19—пач. 20 ст. нац. муз. мастацтва развівалі Ф.​Гербіч, А.​Фёрстэр, у пач. 20 ст. — Г.​Крэк, Э.​Адаміч, Р.​Савін, А.​Лаявіц. У 1919 адкрыта Люблянская кансерваторыя (з 1926 Дзярж. кансерваторыя, з 1939 Муз. акадэмія, з 1945 Вышэйшая муз. школа), у 1934 — Ін-т фальклору, у 1935 — Люблянская філармонія. Пачынальнік сучаснай нац. кампазітарскай школы С.​Осцерц (прыхільнік зах.-еўрап. музыкі). Да нац. вытокаў звярталіся Б.​Арніч (сімф. творы), М.​Казіна, Д.​Швара, П.​Шывіц, М.​Ліпаўшак. Пасля 2-й сусв. вайны развіццю муз. культуры С. садзейнічалі: кампазітары І.​Петрыч, П.​Рамаўш, Швара; дырыжоры Д.​Жэбрэ, Б.​Лескавіц, С.​Хубад, З.​Цыгліч; піяністы Ліпаўшак, Шывіц; скрыпач І.​Озім; спевакі В.​Букавец, Л.​Корашац, Ф.​Лупша, Р.​Францп, Х.​Хелцл; музыказнаўцы А.​Рыявец, Д.​Цветка і інш. Працуюць Ін-т музыказнаўства пры Люблянскім ун-це, Славенская філармонія, сімф. і камерны аркестры, аркестр лёгкай музыкі пры радыё і тэлебачанні, Люблянскі камерны хор, Славенскі актэт, «Актэт Галус» у Любляне і інш. З 1950 дзейнічае Саюз кампазітараў С.

Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні паказаны ў пач. 17 ст. ў Любляне ў гімназіі езуітаў. У 17—18 ст. адбываліся лац. і ням. містэрыі. Першае славенскае прадстаўленне, створанае манахам Ромуальдам, пастаўлена ў 1721. У 1765 у Любляне адкрыўся пастаянны Саслоўны т-р (з 1862 — Дзярж. т-р), у якім у 1789 пастаўлена першая славенская п’еса «Міцка — дачка жупана» А.​Лінхарта. У 2-й пал. 19 ст. ствараліся аматарскія гурткі пры славенскіх чытальнях. У 1867 арганізавана Тэатр. т-ва ў Любляне, пры якім працавала драм. школа. Драм. т-вы існавалі таксама ў Трыесце (1902), Марыбары (1909), Цэле (1911), Птуі (1912). У 1892 у Любляне засн. першы прафес. Славенскі нац. т-р, дзе ставілі п’есы класічнай драматургіі і нац. аўтараў (І.​Цанкар, Э.​Крыстан, Ф.​Фінжгар). На яго сцэне працавала першае пакаленне славенскіх акцёраў: І.​Борштнік, С.​Борштнік-Звонарава, А.​Даніла-Цэрар, А.​Данілава, Л.​Дрэнавац, Х.’Нучыч, М.​Скрбіншак. Паміж сусв. войнамі нанава сфарміравана трупа Славенскага нац. т-ра (акцёры М.​Вера, М.​Данілава, І.​Левар, Скрбіншак, рэжысёры Ц.​Дзебевец, Б.​Гавела, Б.​Крэфт, Б.​Ступіца, О.​Шэст), засн. т-р у Марыбары. У 1945 дзейнасць гэтых т-раў адноўлена, створаны новыя тэатр. калектывы, у т. л. Гарадскі т-р у Любляне. З 1950-х г. ствараліся эксперым. т-ры, якія аддавалі перавагу драме абсурду. У 1970-я г. распачалі дзейнасць шматлікія авангардысцкія калектывы («Глей», «Пекарна» ў Любляне). Існуе больш за 10 прафес. т-раў, працуюць таксама аматарскія калектывы; асн. цэнтры тэатр. жыцця — Любляна, Марыбар, Цэле, Нова-Горыца. Працуюць акцёры П.​Бабіч, Ш.​Дрольц, Д.​Почкай, Р.​Роліч, В.​Юван; рэжысёры М.​Корун, З.​Шэдлбаўэр, Д.​Іованавіч і інш. З 1945 у Любляне працуюць Акадэмія тэатр. мастацтва, Славенскі тэатр. музей.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​С.​Даўгяла (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), С.​Торкар (друк, радыё, тэлебачанне), І.​У.​Кур’ян (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Шымановіч (музыка).

Герб і сцяг Славеніі.
Да арт. Славенія. Падножжа Юлійскіх Альпаў на ПнЗ краіны.
Да арт. Славенія. Горад Марыбар.
Да арт. Славенія. Ландшафт паблізу г. Любляна.
Да арт. Славенія. Галоўны алтар касцёла урсулінак у Любляне. Мастак Ф.​Роба.
Да арт. Славенія. Від горада Любляна.
Да арт. Славенія. Касцёл урсулінак у Любляне.

т. 14, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)