КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́рставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карсту, уласцівы карсту. Карставыя з’явы. Карставыя ўтварэнні. Карставыя пячоры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карст, -у, М -сце, м. (спец.).

Сукупнасць з’яў, звязаных з растварэннем прыроднымі водамі горных парод і ўтварэннем у іх пячор, правалаў, паглыбленняў і інш.

|| прым. ка́рставы, -ая, -ае.

Карставыя ўтварэнні.

Карставыя пячоры.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ка́рставы

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. ка́рставы ка́рставая ка́рставае ка́рставыя
Р. ка́рставага ка́рставай
ка́рставае
ка́рставага ка́рставых
Д. ка́рставаму ка́рставай ка́рставаму ка́рставым
В. ка́рставы (неадуш.)
ка́рставага (адуш.)
ка́рставую ка́рставае ка́рставыя (неадуш.)
ка́рставых (адуш.)
Т. ка́рставым ка́рставай
ка́рставаю
ка́рставым ка́рставымі
М. ка́рставым ка́рставай ка́рставым ка́рставых

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

суфазі́йна-ка́рставы

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. суфазі́йна-ка́рставы суфазі́йна-ка́рставая суфазі́йна-ка́рставае суфазі́йна-ка́рставыя
Р. суфазі́йна-ка́рставага суфазі́йна-ка́рставай
суфазі́йна-ка́рставае
суфазі́йна-ка́рставага суфазі́йна-ка́рставых
Д. суфазі́йна-ка́рставаму суфазі́йна-ка́рставай суфазі́йна-ка́рставаму суфазі́йна-ка́рставым
В. суфазі́йна-ка́рставы (неадуш.)
суфазі́йна-ка́рставага (адуш.)
суфазі́йна-ка́рставую суфазі́йна-ка́рставае суфазі́йна-ка́рставыя (неадуш.)
суфазі́йна-ка́рставых (адуш.)
Т. суфазі́йна-ка́рставым суфазі́йна-ка́рставай
суфазі́йна-ка́рставаю
суфазі́йна-ка́рставым суфазі́йна-ка́рставымі
М. суфазі́йна-ка́рставым суфазі́йна-ка́рставай суфазі́йна-ка́рставым суфазі́йна-ка́рставых

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),

карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.

Да арт. Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБІ́-ЯЙЛА́,

вялікі вапняковы масіў у галоўнай градзе Крымскіх гор, на ПнУ ад г. Алушта, на Украіне. Выш. да 1254 м (г. Тай-Коба). Камяністая платопадобная паверхня. Паўн. схіл спадзісты, паўд. — абрывісты. К.-Я. бязлесная, у паніжэннях — лугава-стэпавая расліннасць. Карставыя пячоры і прыродныя шахты.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РЫ,

прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл. Карст).

П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл. Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.​Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л. сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.

Літ.:

Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.

Р.​Р.​Паўлавец.

Пячора. Пастойнска-Яма ў Славеніі.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛСБА́ДСКІЯ ПЯЧО́РЫ (Carlsbad Caverns),

карставыя пячоры ў ЗША (штат Нью-Мексіка), у гарах Гуадалупе (паўд. ч. Скалістых гор), на ПдЗ ад г. Карлсбад. Буйнейшыя ў свеце па аб’ёме гротаў, з вял. сталагмітамі. Глыб. 313 м, агульная даўж. ўсіх праходаў і залаў каля 33 км. Месцазнаходжанне калоній кажаноў (11 відаў). З 1930 нац. парк. Турызм.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАРДЭ́НСКАЯ ПЯЧО́РА,

карставая пячора каля паўн. падножжа хрыбта Капетдаг, у Туркменіі, за 19 км на Пд ад г.п. Бахардэн. Даўж. 250 м, глыб. 69 м. Гал. грот завалены каменнымі глыбамі, ёсць карставыя варонкі; ніжні грот заняты праточным воз. Коу-Ата з тэрмальнай (34—77 °C) серавадароднай вадой. Спелефауна: лятучыя мышы, грызуны, птушкі, каля 50 відаў беспазваночных. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)