ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ [ад імя англ.каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],
кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),
вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЗАР (Windsor),
Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс.ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст.Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЧЫ ((Gucci) Санці) (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),
дзеяч ірл.нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ.каралевы» і «за заклік да мяцяжу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст; чыг. станцыя на лініі Баранавічы—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад г. Баранавічы, 177 км ад Брэста. 1910 ж., 663 двары (1999). Лясніцтва, цэх Баранавіцкай мэблевай ф-кі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Казанская царква, касцёл Маці Божай Каралевы Анёлаў. Магіла ахвяр фашызму. Месца загубы сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў (у Вял.Айч. вайну каля Л. быў Ляснянскі лагер смерці), брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. Радзіма У.І.Галубка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Александэр) (1764, г. Інвернес, Вялікабрытанія — 12.3.1820),
англійскі купец-падарожнік, агент канадскай Паўн.-Зах. (футравай) кампаніі. У 1788 заснаваў на воз. Атабаска гандл. факторыю. У 1789 спусціўся па р. Нявольніцкая, даследаваў Вял. Нявольніцкае воз., адкрыў (ад вытоку да дэльты) р. Макензі, горы Макензі і Франклін. У 1792—93 перасек Паўн. Амерыку з У на 3, ад зал. Св. Лаўрэнція да зал. Каралевы Шарлоты, прасачыў цячэнне р. Піс, перасек Скалістыя горы і Берагавы хр., адкрыў паміж імі Унутранае плато з верхнім участкам р. Фрэйзер. У 1793—94, вяртаючыся тым жа шляхам на У, паўторна перасек мацярык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ЙНА (Станіслаў) (?—1573),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Служыў пры кіеўскім ваяводзе А.Неміровічу, удзельнічаў у войнах з татарамі і Маскоўскай дзяржавай. З 1528 каморнік каралевы Боны, з 1530 каралеўскі дваранін, з 1542 полацкі ваявода. Клапаціўся аб ваен. умацаванні горада, гасп. развіцці Полаччыны. У 1553 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла на 2 гады перамір’е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Калі ў час Лівонскай вайны 1558—83 у студз. 1563 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV Грозным аблажыла Полацк, Давойна кіраваў двухтыднёвай абаронай горада, урэшце мусіў здаць яго. Да ліп. 1567 знаходзіўся ў палоне. Пасля вяртання ў ВКЛ удзельнічаў у рабоце Люблінскага сейма 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-й пал. 16 ст.