ГРАШО́ВЫ КАПІТА́Л,

грошы, якія функцыянуюць у вытворчасці і прыносяць прыбытак; адна з функцыян. формаў прамысловага капіталу. Першапачаткова ўзнік у выглядзе ліхвярнага капіталу, грашова-гандл. і грашовай формы купецкага капіталу; гістарычна папярэднічаў вытв. і таварнай формам прамысл. капіталу. З развіццём капіталізму і ва ўмовах рыначнай гаспадаркі грашовы капітал функцыянуе ў сферы абарачэння і з’яўляецца зыходнай і заключнай стадыяй кругаабароту капіталу. На зыходнай стадыі грашовы капітал авансуе працэс вытв-сці, на заключнай адбываецца яго вяртанне ў выніку продажу вырабленых тавараў. Асаблівай формай грашовага капіталу з’яўляецца пазыковы капітал, рух якога апасродкуецца крэдытнай сістэмай дзяржавы.

Г.​С.​Кузьменка.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,

галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.

Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.

У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВЫ КАПІТА́Л, грашова-гандлёвы капітал, ліквідныя актывы,

капітал, які ўтвараецца ў выніку зліцця банкаўскага капіталу з прамысловым. У пач. 20 ст. ў развітых капіталіст. краінах узмацнілася канцэнтрацыя і цэнтралізацыя банкаўскага капіталу пад уздзеяннем працэсу канцэнтрацыі вытв-сці. Банкі з пасрэднікаў плацяжоў ператвараліся ў грашовых манапалістаў, укараняліся ў прамысл. прадпрыемствы і станавіліся іх саўладальнікамі. Адначасова прамысл. манаполіі стваралі ўласныя банкі, скуплялі кантрольныя пакеты акцый інш. банкаў. Значную ролю ў зрошчванні банкаўскага і прамысл. капіталаў мела асабістая унія (сканцэнтраванне ў адных руках кіруючых пасад у банкаўскіх і прамысл. манаполіях), сістэма ўдзелу (кіраванне манаполіяй чужымі капіталамі, большымі за ўласныя). Ф.к. не абмяжоўваецца рамкамі нац. эканомікі і стварае міжнар. Ф.к.

А.​М.​Гарбаценкаў.

т. 16, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІКТЫ́ЎНЫ КАПІТА́Л (ад фікцыя),

капітал, увасоблены ў каштоўных паперах (акцыі, аблігацыі і інш.), якія прыносяць даход іх уладальнікам у выглядзе працэнтаў, дывідэндаў, самастойна абарачаюцца (прадаюцца і купляюцца) на рынку каштоўных папер. Ф.к. не стварае сам па сабе даход, прыбытак, а толькі садзейнічае пераразмеркаванню даходаў. У адрозненне ад рэальнага капіталу не ўяўляе матэрыяльна-рэчавых або духоўных каштоўнасцей, у адрозненне ад пазыковага капіталу не з’яўляецца грашовым. Фарсіраваны рост Ф.к. (дзярж. пазык, дзярж. даўгоў) садзейнічае ўзмацненню інфляцыі.

т. 16, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВО́ВЫ КАПІТА́Л,

частка сродкаў акцыянернага таварыства, што ствараецца за кошт штогодніх адлічэнняў ад прыбытку. Выкарыстоўваецца для аплаты выдаткаў, папаўнення асн. капіталу, выплаты дывідэндаў пры недастатковым прыбытку.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая затрачана на фарміраванне рабочай сілы; можа мяняць сваю вартасць у працэсе вытв-сці, таму што ўтварае дадатковую прадукцыю або прыбавачную вартасць.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХВЯ́РСКІ КАПІТА́Л,

першая гіст. форма капіталу. Прыносіў яго ўладальніку даход у выглядзе працэнта. Уласцівы дакапіталіст. спосабу вытв-сці, папярэднік пазыковага капіталу. Ліхвяры спаганялі за грашовыя пазыкі вял. працэнты, даводзячы дробных вытворцаў да галечы.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,

грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)