ЛІ́НІЯ ў геаметрыі,

траекторыя руху пункта; адно з асн. геаметрычных паняццяў. Задаецца каардынатамі рухомага пункта, якія залежаць ад часу ці ад інш. параметра. Функцыі, якія апісваюць рух пункта, павінны задавальняць некат. патрабаванні: неперарыўнасці, дыферэнцавальнасці і інш.

У аналітычнай геаметрыі Л. на плоскасці — сукупнасць пунктаў, каардынаты якіх задавальняюць ураўн. x=φ(t), y=ψ(t), дзе φ(t), ψ(t) — неперарыўныя функцыі. Алг. ўраўненне F(x, y) = O, дзе F(x, y) — мнагачлен n-й ступені адносна x, y, таксама вызначае Л. на плоскасці. Гэта т.зв. алг. Л. n-га парадку; яны класіфікуюцца паводле ступені ўраўнення F(x, y) = O, напр., Л. 1-га парадку — прамая Л., 2-га парадку — канічныя сячэнні, 4-га парадку — кардыёіда, лемніската, канхоіда. Прыклады неалг. Л. — графікі трыганаметрычных функцый, лагарыфмічнай функцыі, паказальнай функцыі і інш. Л. ў прасторы часта вызначаецца перасячэннем 2 паверхняў, кожная з якіх задаецца адным ураўненнем адносна трох пераменных. Найб. агульнае вызначэнне Л. (крывой) прапанаваў рас матэматык П.​С.​Урысон.

Літ.:

Савелов А.А. Плоские кривые. М., 1960;

Гусак А.А., Гусак Г.М. Линии и поверхности. Мн., 1985.

В.​І.​Вядзернікаў, А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫ́ПНІК,

апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.

П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.

На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.

Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)