шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМІ́ДЫЯ (лац. Numidia),
у старажытнасці вобласць у Паўн. Афрыцы (цяпер усх. частка Алжыра). Паступовы пераход качавых нумідыйскіх плямён масілаў і мазезілаў (масайсіліяў) да земляробства і аселай жывёлагадоўлі ў канцы 1-га тыс. да н.э. суправаджаўся ўзнікненнем і развіццём гарадоў — Цырта (гал., цяпер Канстанціна), Туга (цяпер Дуга), Тэвесце, Сіка і інш. У 3 ст. да н.э. заваявана Карфагенам. Нумідыйцы паўставалі супраць карфагенскага панавання. У час 1-й Пунічнай вайны (264—241 да н.э., гл.Пунічныя войны) яны займалі варожую Карфагену пазіцыю; удзельнічалі ў антыкарфагенскім паўстанні 241—237 да н.э. Росквіт Н. адбыўся ў час праўлення цара Масінісы [201—149 да н.э.], калі значна пашырылася тэр. краіны, выраслі гарады, умацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. У 111—105 да н.э. нумідыйскі цар Югурта ваяваў з Рымам (у выніку паражэння трапіў у палон і забіты). У 46 да н.э. Н. стала рым. правінцыяй Новая Афрыка. У 1—3 ст.н.э. ў Н. ўзнікалі гарады, развівалася буйное землеўладанне. Антырым. паўстанні адбываліся ў 17—24, сярэдзіне 4 — пач. 5 ст. У 429/430 заваявана вандаламі, у 533 — візантыйцамі. У 7 ст.тэр. Н. захапілі арабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р (Дзмітрый Канстанцінавіч) (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),
малдаўскі і рас. дзяржаўны дзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры двары тур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.
Літ.:
Бабий АИ. Дмитрий Кантемир. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),
умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.
Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.В.Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.П.Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.Безміна, І.Максімава, С.Ушакова, М.Чаглокава і інш.
У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.
Да арт.Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс.чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч.М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс.чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн.Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ТУРЭ́ЦКАЯ ВАЙНА́ 1919—22,
вайна Грэцыі пры падтрымцы дзяржаў Антанты (Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, ЗША) супраць Турцыі. Грэцыя, якая прэтэндавала на ч.тэр. Турцыі, аслабленай пасля 1-й сусв. Вайны, 15.5.1919 высадзіла дэсант у г. Ізмір. У ходзе наступлення (чэрв.—ліп. 1920) яе войскі прарвалі абарону тур.партыз. атрадаў і прасунуліся на 150—250 км у глыб Анатоліі, уступілі ва Усх. Фракію. Акупацыя значнай ч.тэр. Турцыі (у т. л. 16.3.1920 Стамбула брыт. войскамі) актывізавала ў ёй нац.-вызв. рух (гл.Кемалісцкая рэвалюцыя). У процівагу султанскаму (стамбульскаму) у г. Анкара створаны рэв. ўрад на чале з Мустафой Кемалем (Атацюркам). Сфарміраваныя ім ваен. атрады на чале з Ісмет-пашой у выніку 2 бітваў каля с. Інёню (10.1 і 31.3.1921) часова прыпынілі грэч. наступленне. Летам 1921 грэч. сілы (96 тыс.чал.) прарвалі абарону тур. атрадаў (51 тыс.чал.) і выйшлі да р. Сакар’я, аднак у выніку бітвы 23.8—13.9.1921 былі адкінуты тур. войскам (вярх. галоўнакаманд. Атацюрк). Ва ўмовах выхаду з антытур. кааліцыі Францыі (20.10.1921) і Італіі анкарскі ўрад з ваен. дапамогай Сав. Расіі да лета 1922 рэарганізаваў і пераўзброіў свае ваен. часці, якія 26.8.1922 перайшлі ў наступленне (гал. ўдар у раёне Аф’ён-Карахісара), разбілі грэкаў каля Думлупынара (30 жн.), вызвалілі Ізмір (9 вер.), да 18 вер. — усю Анатолію. У палон трапіла 40 тыс. вайскоўцаў грэч. арміі. Паражэнне Грэцыі прывяло да хваляванняў у яе арміі (вер. 1922), адрачэння ад прастола караля Канстанціна I, пакарання смерцю 5 міністраў на чале з прэм’ерам Д.Гунарысам.
Літ.:
Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983. С. 165—175.