КІ́МБЕРЛІ (Kimberley),

горад у цэнтр. ч. Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1871 у сувязі з адкрыццём радовішчаў алмазаў. Каля 150 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Цэнтр здабычы і апрацоўкі алмазаў. Праўленне алмазнай кампаніі «Дэ Бірс». Харч., гарбарна-абутковая і інш. прам-сць.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОДС ((Rhodes) Сесіл Джон) (5.7.1853, г. Бішапс-Стортфард, Вялікабрытанія — 26.3.1902),

брытанскі прадпрымальнік і калан. дзеяч. Скончыў Оксфардскі ун-т (1881). У 1870 пераехаў у брыт. Капскую калонію, дзе займаўся здабычай алмазаў. Паступова ўсталяваў кантроль над алмазаздабыўной прам-сцю Паўд. Афрык), з 1888 прэзідэнт кампаніі «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс», адначасова кантраляваў створаную ў 1887 золатаздабыўную кампанію «Голд філдс оф Саўт Афрыка». З 1881 чл. асамблеі Капскай калоніі. Як кіраўнік прывілеяванай Брыт. Паўд.-Афр. кампаніі (з 1889) ініцыіраваў анексію Вялікабрытаніяй Бечуаналенда (1885), дамогся падпарадкавання афр. тэрыторый на Пн ад р. Замбезі, якія атрымалі ў яго гонар назву Радэзіі. У 1890—96 прэм’ер-міністр Капскай калоніі, праводзіў палітыку ўмяшання ва ўнутр. справы бурскіх рэспублік — Аранжавай і Трансвааля, што прывяло да англа-бурскай вайны 1899—1902.

Літ.:

Давидсон А.Б. Сесил Родс — строитель империи. М.;

Смоленск, 1998.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́Ў,

1) любая ўласнасць кампаніі: машыны, абсталяванне, будынкі, запасы, банкаўскія ўклады і інвестыцыі ў каштоўныя паперы, патэнты, а ў практыцы зах. краін і дзелавая рэпутацыя.

2) Частка бухгалтарскага балансу, якая адлюстроўвае матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства паводле іх складу і размяшчэння.

3) Перавышэнне даходаў над расходамі ў некаторых відах балансаў (плацежных і інш.).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗЕ́ТА ВЫБО́РЧА»

(«Gazeta Wyborcza», «Выбарчая газета»),

незалежнае польскае перыяд. выданне. Выдаецца штодзённа з 1989 у Варшаве на польск. мове; выходзіць і ў англамоўным варыянце пад назвай «Gazeta international» («Міжнародная газета»). Створана кааліцыяй правячых партый (ПАРП і інш.) і паліт. апазіцыі з мэтай забеспячэння выбарчай кампаніі 1989 у сейм і сенат прадстаўнікоў «Салідарнасці».

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,

гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр. даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.

Літ.:

История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРЫВА́ТНАЕ АГЕ́НЦТВА НАВІ́Н (БелаПАН),

інфармацыйнае агенцтва. Засн. прыватнымі асобамі ў кастр. 1991 у Мінску ў складзе аднайм. кампаніі. Супрацоўнічае з буйнейшымі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, Прыбалтыкі, Расіі, а таксама Польшчы, Чэхіі, Германіі, ЗША. Мае шырокую сетку ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, карэспандэнцкія пункты ў Вільні, Маскве і Кіеве. Падтрымлівае цесныя сувязі з укр. інфарм. агенцтвам УНІАН.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРАНГЗЕ́Б (1618—1707),

апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. кампаніі.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́ЕВЕР ((Giaever) Айвар) (н. 5.4.1929, г. Берген, Нарвегія),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Нарвежскі тэхнал. ін-т (1952). З 1956 у ЗША. Працаваў у кампаніі «Джэнерал электрык», Кембрыджскім ун-це. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і паўправаднікоў, біяфізіцы. Сканструяваў звышправодны тунэльны дыёд (1960), выявіў нестацыянарны эфект Джозефсана. Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Б.Джозефсанам і Л.Эсакі).

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАХАНГІ́Р (Салім) (1569, г. Агра, Індыя — 1627),

правіцель Магольскай імперыі [1605—27]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)