ПРАКСІ́ЦЕ́ЛЬ (Praxitelēs; каля 390 да н.э., Афіны — каля 330 да н.э.),

старажытнагрэчаскі скульптар. Выступіў наватарам кампазіцыйнай пабудовы скульптуры — перанёс цэнтр цяжару цела на вонкавую апору. Працаваў пераважна ў мармуры. Зберагліся ў арыгінале група «Гермес з дзіцем Дыянісам» (каля 340 да н.э.), ант. копіі «Афрадыта Кнідская» (каля 350 да н.э.), «Сатыр адпачывае». Ў творах адлюстроўваў геданічны ідэал Грэцыі перыяду крызісу поліснай сістэмы. Творчасць П. паўплывала на майстроў элінізму, асабліва на александрыйскую школу.

Праксіцель Фрагмент статуі Афрадыты Кнідскай. Каля 350 г. да н.э.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́МБРЫЯ, звычайная,

макрэль (Scomber scombnis),

рыба сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак.: каля берагоў Паўн. Амерыкі — ад Лабрадора да Караліны; Еўропы — ад Канарскіх а-воў да Ісландыі, у Міжземным, Мармуровым, Чорным, Паўночным, Балтыйскім морах. Блізкія віды — японская С. (S. japonicus) — пашырана каля зах. і ўсх. узбярэжжаў Ціхага ак., у т. л. ў Японскім М.; каля Паўд. Афрыкі; каля зах. і ўсх. берагоў Атлант. ак., у т. л. ў Міжземным і Чорным м.; аўстралійская С. (S. australasicus) — каля Паўд. Аўстраліі і Новай Зеландыі; канагурта (Rastrelliger kanagurta) — каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, Паўн. Аўстраліі і ў прыастраўных водах — ад в-ва Мадагаскар і Чырвонага м. да а-воў Палінезіі; блізкая да канагурты індыйская С. (R. brachysoma) — каля берагоў Інданезіі, Індыі, Малайзіі, М’янмы, Пакістана, Тайланда, Шры-Ланкі; філіпінская С. (R. faughni) — каля берагоў Філіпін.

Даўж. да 60 см, маса да 1,6 кг. Цела верацёнападобнае. Спіна сінявата-зялёная са шматлікімі чорнымі выгнутымі палоскамі. Вясной робіць нераставыя і кармавыя міграцыі. Корміцца планктонам. Аб’ект промыслу.

Л.​В.​Кірыленка.

Скумбрыя звычайная.

т. 14, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БЕ́С, Малы Сірт,

заліў Міжземнага м. каля паўн. берага Афрыкі. Абмывае ўзбярэжжа Туніса. Даўж. каля 41 км, шыр. да 68 км, глыб. каля 50 м. Вялікі в-аў Джэрба. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Асн. парты — Габес, Сехіра.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНЧЖАЎВА́НЬ,

заліў Паўднёва-Кітайскага мора, каля берагоў Кітая (правінцыя Гуандун), паміж п-вам Лэйчжоў і в-вам Дунхайдао. Даўж. каля 20 км, шыр. каля ўваходу 2 км. Глыб. 7—13 м. Прылівы мяшаныя (2 м). Буйны порт — Чжаньцзян.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎТА́МА́, Мартабан,

заліў на Пн Андаманскага м. Індыйскага ак., каля берагоў М’янмы. Даўж. каля 150 км, шыр. каля ўвахода прыблізна 220 км, глыб. да 20 м. Прылівы паўсутачныя (да 7,2 м). На беразе М. сталіца М’янмы — г. Янгон.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПУА (Papua),

заліў Каралавага мора, каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа в-ва Новая Гвінея. Даўж. 150 км, шыр. каля ўвахода каля 330 км, глыб. да 969 м; прыбярэжная ч. мелкаводная. Берагі акаймаваны каралавымі рыфамі. Упадае р. Флай. Порт — Порт-Морсбі.

т. 12, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАНО́БУ (Хісікава) (каля 1618, Хода, Японія — каля 1694; паводле інш. крыніц 1625 — каля 1694 або 1638—1714),

японскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў кірунку укіё-э. Зазнаў уплывы школы Тоса, Іваса Матабэ. Працаваў у тэхніцы аднакаляровага дрэварыту, у жанрах «людзі», «прыгажуні». Сярод твораў: світкі — «Касцюмы і звычаі», «Прыгажуня», трыпціх «Вядомыя сцэны Эда»; парныя шырмы — «Вясёлыя кварталы і тэатры», «Касцюмы і звычаі», «Жанравыя сцэны» (1670); «Мацукадзё і Мурасімэ», «Група падарожнікаў» (сярэдзіна 1670-х г.), «Цырульня» (1670—80-я г.), «Закаханыя каля шырмы» (1673—81), «Закаханыя са слугамі» (каля 1680); серыі — «Асакскія гісторыі» (1668), «100 выяў жанчын гэтага тленнага свету» (1681), «Сцэны Ёсівара» (каля 1688), ілюстрацыі да «Веснавой кнігі» (сярэдзіна 17 ст.), кнігі «100 паэтаў» (выд. 1695).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУЭ́ (Clouet),

сям’я французскіх жывапісцаў эпохі Адраджэння.

Найб. вядомыя: Жан К. Малодшы [празваны Жанэ (Janet); каля 1485—90, вобл. Фландрыя — каля 1540—41], партрэтыст. Вучыўся ў свайго бацькі Жана К. Старэйшага. Прыдворны мастак Францыска I (з 1516). У 1521—25 у г. Тур (Францыя), пазней у Парыжы. Творы вызначаюцца мініяцюрнай дакладнасцю выканання, яркімі і чыстымі тонамі, характарнасцю вобразаў з некаторай аднастайнасцю ўрачыста застылых поз. Прыпісваюць аўтарства партрэтаў Людовіка Клеўскага, графа Неверскага, дафіна Францыска (каля 1519), пані Канапель (каля 1523), герцага К. Гіза (каля 1525), Францыска I (каля 1525—30), Луі дэ Клеў (1530), Францыска I на кані (1540) і інш., строгіх паводле графічнай манеры малюнкаў. Франсуа К. (Жанэ; паміж 1505—10, г. Тур, Францыя — 22.9.1572), сын і вучань Жана К. Малодшага. Зазнаў уплывы Г.​Гольбейна Малодшага. З 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі. Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Аўтар партрэта аптэкара П.​Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) і інш., партрэтныя малюнкі.

Да арт. Клуэ. Ж.​Клуэ Малодшы. Партрэт Людовіка Клеўскага, графа Неверскага.
Да арт. Клуэ. Ф.​Клуэ. Жанчына купаецца. Каля 1571.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАДУ́НСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Жоўтага м., каля берагоў Кітая. Абмежаваны з У Ляадунскім п-вам. Даўж. 220 км, шыр. пры ўваходзе 175 км, глыб. 10—50 м. Зімой каля берагоў — плаваючыя крыгі. Прылівы няправільныя паўсутачныя (каля 4,4 м). Парты — Інкоў, Цыньхуандао.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГЫШЛА́КСКІ ЗАЛІ́Ў,

каля ўсх. берага Каспійскага м., паміж паўастравамі Бузачы і Цюб-Караган (Казахстан). На З абмежаваны Цюленевымі а-вамі. Даўж. каля 100 км, шыр. каля ўваходу 70 км, глыб. 10—12 м. Паўд. бераг узвышаны, стромкі, усх. — нізінны. Зімой замярзае.

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)