КРЫТЫ́ЧНЫ ТОК у звышправадніках,

максімальнае значэнне пастаяннага незатухальнага эл. току, які можа працякаць праз звышправаднік без супраціўлення. Пры перавышэнні К.т. звышправаднік пераходзіць у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.

т. 8, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),

1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.

2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.

3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.

4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.

5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАЧЭ́ННІ І СЭНС,

паняцці філасофіі, логікі, агульнай тэорыі знакавых сістэм (семіётыка). Значэнне выражае важнасць, значнасць, ролю прадмета або з’явы ў чалавечай дзейнасці. Яно выяўляецца ў аб’ектыўнай сутнасці рэчы і выконвае толькі тыя функцыі, якія адпавядаюць яе ўласнай прыродзе. Сэнс — канкрэтызацыя значэння ў адпаведнасці са зместам і сутнасцю рэальных рэчаў і з’яў. Суадносіны і ўзаемасувязь значэнняў, якія параджаюць іх сэнс, устанаўліваюцца аб’ектыўнымі фактарамі рэчаіснасці і аб’ектыўнай логікай разважання або суб’ектыўнымі фактарамі: жаданнямі, імкненнямі, грамадскімі і асабістымі мэтамі, намерам чалавека і інш. У мове практычнае значэнне рэчаў фіксуецца, замацоўваецца і захоўваецца ў значэнні слова.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМ (лац. minimum найменшае),

1) найменшая колькасць, найменшае значэнне якой-н. велічыні ў шэрагу даных.

2) Сукупнасць ведаў па навуч. прадметах, абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых прадметах.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАДЖЭ́ННЕ ў квантавай механіцы,

уласцівасць некаторых фізічных велічынь, што апісваюць фіз. сістэму (атам, малекулу і інш.), мець аднолькавае значэнне для розных станаў сістэмы. Колькасць станаў сістэмы, якім адпавядае адно і тое ж значэнне пэўнай фіз. велічыні, наз. кратнасцю выраджэння дадзенай фіз. велічыні. Напр., калі не ўлічваць эл.-магн. і слабыя ўзаемадзеянні («выключыць» іх), то ўласцівасці пратона і нейтрона будуць аднолькавыя і іх можна разглядаць як 2 станы адной часціцы (нуклона), якія адрозніваюцца толькі эл. зарадам.

Найб. важнае выраджэнне ўзроўняў энергіі: сістэма мае пэўнае значэнне энергіі, але пры гэтым можа быць у розных станах. Напр., свабодная часціца мае бясконцакратнае выраджэнне энергіі: энергія вызначаецца модулем імпульсу, а напрамак імпульсу можа быць любым. Пры руху часціцы ў знешнім сілавым полі выраджэнне можа поўнасцю або часткова здымацца, напр., у магн. полі выяўляецца залежнасць энергіі ад напрамку магн. моманту часціцы: пры ўзаемадзеянні з полем часціцы атрымліваюць дадатковую энергію і ўзроўні энергіі «расшчапляюцца» (гл. Зеемана з’ява). Расшчапленне ўзроўняў энергіі часціц у знешнім эл. полі гл. ў арт. Штарка з’ява.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНЫЯ РЫ́БЫ,

рыбы, характэрныя толькі для іхтыяфауны азёраў. На Беларусі да азёрных абарыгенных відаў належаць рапушка, корушка, гальян азёрны, да акліматызаваных — сіг чудскі, умоўна пелядзь, сомік амерыканскі. Большасць мае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРАТУ́РА (ад лац. quadratura наданне квадратнай формы),

1) значэнне плошчы дадзенай фігуры, выражанае ў квадратных адзінках.

2) Пабудаванне квадрата, роўнавялікага (па плошчы) дадзенай фігуры.

3) Вылічэнне плошчы або інтэграла (гл. Інтэгральнае злічэнне).

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛА ў біялогіі,

палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.​Рышэ (1899) і ням. вучоным М.​Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́КЦЫЯ (ад лац. dictio вымаўленне),

вымаўленне, ступень выразнасці ў вымаўленні слоў і складоў пры дэкламацыі, спяванні. Добрая Д. (выразнае і дакладнае вымаўленне) мае асабліва важнае значэнне для акцёра, спевака, дыктара, настаўніка, лектара і інш.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКТ (ад лац. pactum дагавор, пагадненне),

тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рознага роду дагавораў міжнародных, як правіла, тых, што маюць вял. паліт. значэнне па пытаннях узаемнай або калектыўнай бяспекі, узаемадапамогі, ненападу і да т.п.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)