здольнасць раслін самаадвольна выраўноўваць восевыя органы ад залішняга выгіну, выкліканага якім-н. вонкавым уздзеяннем. Напрыклад, выраўноўванне сцяблоў злакаў, якія палеглі ад дажджу, ветру, або галін раслін ад снегу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ (ад лац. intellectus пазнанне, розум),
здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.Піяжэ, В.Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».
Літ.:
Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;
Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ.М., 1995;
Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;
Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.
Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл.Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).
На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар.т-ва Н.с. (г. Брэст).
Літ.:
Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАКСІ́НЫ (ад ана... + таксіны),
бактэрыяльныя таксіны, якія ў выніку спец. апрацоўкі (напр., фармалінам, цяплом) страцілі ядавітыя ўласцівасці, але захавалі здольнасць стымуляваць імунітэт. Выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку і інш. інфекцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКАСЦЬ,
здольнасць металаў і сплаваў паддавацца коўцы і інш. відам апрацоўкі ціскам (валачэнню, пракатцы, прасаванню, штампоўцы). Характарызуецца пластычнасцю і супраціўленнем дэфармацыі. У коўкіх металаў адносна высокая пластычнасць спалучаецца з нізкім супраціўленнем дэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫЯТЫ́ВА (франц. initiative ад лац. initium пачатак),
пачын, першы крок у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным падахвочваннем да новых форм дзейнасці; вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях; здольнасць да самаст. актыўных дзеянняў, прадпрымальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,
здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл.рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.
Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ САМААЧЫШЧЭ́ННЕ,
здольнасцьбіяцэнозаў нейтралізаваць шкоднае ўздзеянне тэхнагенных, быт. і інш. антрапагенных рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Адбываецца бесперапынна з удзелам жывых арганізмаў у цеснай сувязі з кругаваротам рэчываў у прыродзе. Засн. пераважна на паглынанні і раскладанні забруджвальнікаў мікраарганізмамі-рэдуцэнтамі і залежыць ад іх колькасці і фізіял. актыўнасці. Поўнае ачышчэнне навакольнага прыроднага асяроддзя ад арган. забруджвальнікаў настае пасля іх мінералізацыі, ад шэрагу неарган. рэчываў — у выніку хім. рэакцый. Здольнасць асяроддзя да біялагічнага самаачышчэння залежыць ад колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р паветра і глебы, наяўнасці ў асяроддзі акісляльнікаў. У адносінах да стойкіх забруджвальнікаў біялагічнае самаачышчэнне блізкае да нуля. З’ява біялагічнага самаачышчэння шырока выкарыстоўваецца пры ачыстцы сцёкавых і пітных водаў.