ПРОТАДЫЯ́КАН,

першы або галоўны дыякан у епархіі, звычайна пры кафедральным саборы. Званне П. можа прысвойвацца і як узнагарода.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНІ́СТЫЯ КЛЕ́ТКІ, склераіды,

парэнхімныя па форме, мёртвыя клеткі, якія маюць патоўшчаныя слаістыя адраўнелыя абалонкі. Звычайна насычаны солямі кальцыю ці крэменязёму і пранізаны поравымі канальцамі. Надаюць моцнасць тканкам. Бываюць кароткія, размяшчаюцца групамі (канкрэцыямі) у мякаці пладоў (груша, айва), карэнішчах (півоня, ветраніца), каранях (хрэн), лубе (дуб, бук), радзей ствараюць суцэльны слой (перыкарпій арэха, костачкі слівы, вішні); падоўжаныя К.к. звычайна знаходзяцца ў насеннай абалонцы (фасоль). Адзіночныя маюць зорчатую форму, умацоўваюць сцёблы, лісце (жоўты гарлачык, чай).

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р НАДВО́Р’Я,

запіс змен надвор’я па метэаралагічных і феналагічных даных, які праводзіцца ў храналагічнай паслядоўнасці. Звычайна выражаецца ў графічнай форме.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,

мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.

Вісмут самародны.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНО́ЧАК кветкі,

унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРТ,

1) кароткае апавяданне пра смешнае здарэнне, займальны выпадак; жанр фальклору. У параўнанні з анекдотам. які высмейвае і сац.-палітычныя з’явы, у Ж. звычайна пацяшаюцца з асобных рыс і якасцей людзей, бытавых здарэнняў. Вызначаецца аднаэпізадычнасцю, нечаканай іранічнай развязкай.

Часта мае форму дыялогу.

2) Кароткая (аднаактовая) камічная п’еса, звычайна бытавога характару («Прымакі» Я.​Купалы, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча і інш.).

Публ.:

Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;

Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;

Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.​С.​Фядосік.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),

глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.

Вялікі Каньён.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙ,

невялікі, звычайна адасоблены ад асн. масіву, участак лесу, які складаюць дрэвы лісцевых парод (бяроза, дуб і інш.), часцей аднаго ўзросту.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭЛЯ́БР (франц. candelabre ад лац. candela свечка),

вялікі падсвечнік з разгалінаваннямі на некалькі свечак ці эл. лямпачак (звычайна ў выглядзе свечак).

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПЕРЫ́ЗМ (ад лац. pauper бедны),

збядненне значнай або пераважнай часткі насельніцтва; становішча галечы. Звычайна з’яўляецца вынікам жорсткай эксплуатацыі або масавага беспрацоўя.

т. 12, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)