КРЭМА́ЦЫЯ (ад лац. crematio спальванне),

трупаспаленне. Звычай К. быў шырока распаўсюджаны ў старажытнасці. Існавала мноства яе разнавіднасцей, найчасцей трапляецца змяшчэнне рэшткаў К. ў пахавальную урну. У наш час К. адбываецца ў крэматорыі.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗЬКАВА́ННЕ,

у беларусаў звычай аддаваць дзяцей шляхты на выхаванне ў сялянскую сям’ю. Быў пашыраны ў канцы 16—18 ст. і выкліканы жаданнем выхаваць у дзяцей станоўчыя фіз. і духоўныя якасці простага народа: працавітасць, сілу, вынослівасць, непераборлівасць у ядзе і адзенні, любоў да зямлі.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСТ (перс.),

у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,

маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст. н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.

Залатая маска пахавальная. Мікены, 16 ст. да н.э.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАДРАВА́ННЕ,

у беларусаў і інш. славянскіх народаў традыцыйны звычай хадзіць на шчадрэц па хатах. Звычайна група моладзі са «шчодрай» — прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне, на галаву надзявалі папяровы вянок з рознакаляровымі стужкамі, хадзіла па хатах, дзе выконвала шчадроўкі — песні, што ўслаўляюць гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей і гаспадарку.

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗАГА́МІЯ (ад экза... + ...гамія),

характэрны для першабытнаабшчыннага ладу звычай, які забараняў шлюб паміж членамі адной родавай групы. Нярэдка Э. вызначала шлюбы паміж членамі пэўных грамадскіх груп (напр., у звычаі левірату). Родавая Э. найчасцей спалучалася з эндагаміяй племя. З распадам першабытнаабшчыннага ладу Э. замянілася забаронай шлюбу паміж кроўнымі родзічамі.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКА́Н,

у рымскай міфалогіі бог разбуральнага і ачышчальнага полымя (адсюль звычай спальваць у яго гонар зброю пераможанага ворага). Вулкан меў свайго жраца — фламіна і свята Вулканалій (адзначалася 23 жн.). Пазней шанавалі як бога, што абараняў ад пажараў. Разам з Вулканам услаўлялі багіню Маю, якой 1 мая фламін прыносіў ахвяру. Адпавядае грэч. Гефесту.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУРНА́ЛІІ (лац. Satumalia),

у Старажытным Рыме штогадовыя святы ў гонар бога Сатурна. Наладжваліся пасля збору ўраджаю ў час зімовага сонцастаяння. Суправаджаліся карнавалам, у час якога рабы «ўраўноўваліся» са сваімі гаспадарамі і нават абслугоўваліся імі, бедным грамадзянам раздаваліся грошы. Рытуал С., у т. л. звычай рабіць адзін аднаму падарункі, захаваўся ў калядах і абрадах хрысц. свята Божага нараджэння.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗУС (ад лац. usus выкарыстанне, звычай) у мовазнаўстве, агульнапрынятае ўжыванне моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма) у адрозненне ад яго часовага ці індывідуальнага (аказіянальнага, гл. Аказіяналізм) ужывання (напр., неалагізмы не з’яўляюцца узуальнымі адзінкамі мовы). Паняцце У. цесна звязана з паняццямі норма моўная і сістэма мовы. Звычайна узуальнае выкарыстанне моўных адзінак фіксуецца ў слоўніках (тлумачальных, фразеалагічных, арфаграфічных, арфаэпічных і інш.).

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),

магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)