АСПЕРГІЛЁЗ, аспергіламікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Выклікаецца плесневымі грыбамі з роду аспергіл. Пашыраны па ўсім свеце. На Беларусі трапляецца спарадычна. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі і стрававальна-кішачны тракт. Да аспергілёзу асабліва ўспрыімлівыя птушкі (качкі, гусі, галубы і інш.), буйн. раг. жывёла, коні, авечкі, сабакі, каты, пчолы. Бывае і ў людзей, занятых перапрацоўкай с.-г. сыравіны, заражанай спорамі грыба. Праяўляецца ў запаленні скуры, слізістых абалонак, органаў дыхання і стрававання.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫДЫЯІДО́З, какцыдыедамікоз какцыдыёідамікоз,

хвароба чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычным грыбам Coccidioides immitus. Прыродны рэзервуар грыба — глеба. Бывае ў раёнах пустынь і паўпустынь. Заражэнне адбываецца аэрагенным шляхам, праз пашкоджаную скуру ці слізістую абалонку. Адрозніваюць К. першасны і другасны. Найчасцей пашкоджваюцца лёгкія, скура (глыбокія інфільтраты), абалонка рота, косці, нерв. сістэма, унутр. органы. К. нагадвае грып, рэўматызм і інш. з павышэннем т-ры. Лячэнне: хірургічнае, антыбіётыкі, вонкавая тэрапія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯІДО́З (ад грэч. mēlis сап + eidos від), сап несапраўдны, хвароба Стэнтана,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека з утварэннем абсцэсаў у тканках і органах. У чалавека бывае рэдка. Узбуджальнік — грамадмоўная палачка псеўдамонас, носьбіты ўзбуджальніка — грызуны (пацукі, мышы), таксама свойскія жывёлы. Заражэнне адбываецца аліментарна, аэрагенна, праз скуру. Часцей хварэюць пацукі, мышы, радзей каты, сабакі, трусы, авечкі, коні, свінні. Пры ўзнікненні М. хворых жывёл ізалююць і прымаюць меры, каб не адбылося заражэння людзей.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТАДО́ЗЫ,

гельмінтныя хваробы чалавека, жывёл і раслін, якія выклікаюцца нематодамі. У чалавека паразіты лакалізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, мышцах, органах дыхання, нырках, печані і інш. Заражэнне адбываецца пры заглынанні спелых яец ці лічынак нематодаў з вадой, прадуктамі харчавання і інш. На Беларусі пашыраны аскарыдоз і энтэрабіёз. Лячэнне тэрапеўтычнае. Да Н. жывёл адносяцца амідастамоз, метастрангілёз, мюлерыёз, трыхінелёз і інш. хваробы. Гл. таксама Гельмінтозы, Нематодныя хваробы раслін.

А.​А.​Астапаў.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСТЫ́КТА (Phyllosticta),

род недасканалых грыбоў сям. шаравідкавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя Ф.: грушавая (Ph. pirina), лубінавая (Ph. lupinicola), яблыневая (Ph. mali) і інш. Паразіты, узбуджальнікі хваробы раслін пераважна сям. ружавых і бабовых.

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Пладовыя целы (пікніды) чорныя, шарападобныя, утвараюцца на бураватых плямах. Канідыі аднаклетачныя, бясколерныя, яйцападобныя. Выходзяць наверх склееныя сліззю ў выглядзе жгута або стужкі. З дапамогай канідый можа адбывацца другаснае заражэнне расліны.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТЫЦЭРКО́З,

хвароба, выкліканая паразітаваннем у тканках жывёл і чалавека цыстыцэрка, адзін з гельмінтозаў. У чалавека ўзбуджальнік Ц. — лічынка свінога цэпня. Заражэнне праз харч. прадукты і ваду, якія забруджаны яйцамі паразітаў. З крывёю і лімфай лічынкі распаўсюджваюцца па арганізме. Узбуджальнік паразітуе ў розных органах, часцей у галаўным мозгу і ў воку. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на Ц. хварэюць дробная і буйн. раг. жывёла, коні, свінні, сабакі, ваўкі, некаторыя віды грызуноў (прамежкавыя гаспадары).

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРКАСПАРО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі з роду цэркаспора. Пашкоджваюць буракі, бульбу, вінаград, інжыр і інш. пладовыя і ягадныя культуры. Праяўляюцца плямістасцю на лісці, радзей на чаранках, сцёблах, пладах. Плямы акруглыя або прадаўгаватыя, разнастайных памераў і афарбоўкі, аблямаваныя. Пры моцным пашкоджанні раслін адмірае лісце, ападаюць плады. Заражэнне адбываецца ўлетку. Развіццю хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е. Узбуджальнікі Ц. зімуюць у расл. рэштках у выглядзе скопішчаў патоўшчаных гіфаў міцэлію.

Т.​У.​Шэндрык.

т. 17, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНТЫДЫЁЗ, балантыдыяз,

інвазійная хвароба свіней, буйной рагатай жывёлы, трусоў і чалавека, якая пашкоджвае сценкі тоўстага кішэчніка. Узбуджальнікі — паразітычныя інфузорыі з роду Balantidium. Рэгіструецца ўсюды, у т. л. на Беларусі. Найчасцей хварэюць парасяты і падсвінкі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы. Заражэнне адбываецца праз ежу, кармы, ваду, гной, ад брудных рук. Заглынутыя цысты ў кішэчніку ператвараюцца ў інфузорый, якія выклікаюць запаленне кішэчніка з утварэннем язваў, з’яўляецца панос з дамешкамі слізі і крыві, знясіленне. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Дызентэрыя.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХО́З,

гельмінтозная прыроднаачаговая хвароба жывёл і чалавека; выклікаецца трэматодай апістархам кашэчым з сям. апістархідаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Ачагі апістархозу на Беларусі пераважна ў бас. рэк Дняпро, Прыпяць, Нёман, Зах. Буг, Браслаўскіх азёраў. Характарызуецца пашкоджаннем печані, жоўцевага пузыра, падстраўнікавай залозы, алергічнымі рэакцыямі. Заражэнне адбываецца пры спажыванні сырой, недастаткова праваранай і прасоленай рыбы. Развіццё ўзбуджальніка адбываецца з удзелам прамежкавага (малюск бітынія) і дадатковага (рыба) гаспадароў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Да арт. Апістархоз. Цыкл развіцця апістарха кашэчага.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,

хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)