ГІРДЫМА́Н,
старажытнае княства на тэр. Албаніі Каўказскай, паміж рэкамі Аракс і Кура ў 4—8 ст. Спрыяльнае геагр. становішча на месцы перасячэння гандл. шляхоў адыгрывала важную ролю ў развіцці Гірдымана. У 5—6 ст. Гірдыман залежаў ад Сасанідаў. У канцы 6 — пач. 7 ст. пры кіраўніках з дынастыі Мехранідаў адбылося ўзвышэнне Гірдымана: пабудавана крэпасць Гірдыман, якая стала сталіцай княства, потым далучаны г. Барда і туды перанесена сталіца. Значны след у гісторыі Гірдымана пакінуў кн. Джаваншыр (638—670). Яго нашчадкі насілі тытул араншахаў. У пач. 8 ст. Гідыман заваяваны араб. халіфатам.
т. 5, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМГА́ЛЫ, земігола,
старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас. р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Г.В.Штыхаў.
т. 7, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),
старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІ́ ФІЛІ́П (Louis Philippe; 6.10.1773, Парыж — 26.8.1850),
французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.
т. 9, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЭ́Ш, Кінза,
старажытны горад, які існаваў на р. Аронт (каля сучаснага г. Хомс, Сірыя). Вядомы з 16 ст. да н.э. паводле іерагліфічных (егіп.) і клінапісных крыніц; быў цэнтрам аднайм. дзяржавы Кадэш, населенай семітамі. У 15 ст. да н.э. заваяваны егіпцянамі. З пач. 14 ст. да 1200 да н.э. пад уладай Хецкага царства. У канцы 14 — пач. 13 ст. да н.э. каля сцен К. адбылася бітва паміж егіпцянамі на чале з царом Рамсесам II і хетамі на чале з царом Муваталу. З пач. 12 ст. да н.э. зруйнаваны т.зв. «народамі мора» (плямёны, якія прыйшлі з Балканскага п-ва або з М. Азіі). Зноў згадваецца ў дакументах 565 да н.э. як цэнтр аднайм. акругі Новававілонскага царства.
т. 7, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЛІ,
гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШМІ́Р,
гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э. тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст. н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км²) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км²) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).
т. 8, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАРА́НЕ,
група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл. Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.
т. 12, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́ЙСКІ СУЛТАНА́Т,
феадальная дзяржава ў Індыі ў 1206—1526. Засн. ў Паўн. Індыі пасля заваявання яе мусульм. дзяржавай Гурыдаў (канец 12 ст.). Заснавальнік — Кутб-ад-дзін Айбак, які абвясціў сябе султанам Паўн. Індыі. Сталіца — г. Дэлі. Д.с. быў феад. манархіяй, заваёўнікі і іх нашчадкі заснавалі дынастыі Гулямаў (13 ст.), Хільджы (13—14 ст.), Туглакідаў (14—15 ст.), Саідаў (15 ст.), Лодзі (15—16 ст.). Найб. магутнасці дасягнуў у часы Ала-ад-дзіна Хільджы [1296—1316], На тэр. Д.с. дзярж. рэлігіяй стаў іслам, на важныя дзярж. пасады прызначалі мусульман, былі ўзведзены мусульм. культавыя будынкі. З сярэдзіны 14 ст. пачалося аслабленне Д.с. Пасля паходу Цімура на Індыю (1398—99) ад Д.с. адпалі Гуджарат, Малва і інш. ўладанні. У 1526 заваяваны Вялікімі Маголамі.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)