ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

перавышэнне натуральных узроўняў утрымання радыеактыўных рэчываў у навакольным асяроддзі; форма фізічнага забруджвання. Уяўляе асаблівую небяспеку з прычыны згубнага ўплыву іанізуючай радыяцыі на арганізм чалавека, жывёл і раслін, здольнасці радыеактыўных рэчываў назапашвацца ў жывых арганізмах (гл. Акумуляцыя забруджвальных рэчываў) і выклікаць адмоўныя змены (мутацыі) у іх генет. апараце. Асн. крыніцы Р.з. — выпрабаванні ядз. зброі, вытв-сць атамнай энергіі ў мірных і ваен. мэтах, выкарыстанне радыенуклідаў у нар. гаспадарцы, перапрацоўка і захаванне радыеактыўных адходаў. Глабальнае Р.з. ўзнікла пераважна пры выпрабаваннях ядз. зброі (1945—80-я г.), у выніку якіх ў атмасферу трапіла вял. колькасць разнастайных радыенуклідаў; індывід. эфектыўная доза на 40—50° паўн. ш. каля 0,009 мЗв (0,9 бэр); асн. ўклад цэзію-137 (1996). Лакальнае Р.з. можа быць пры аварыях на ядз. рэактарах, сховішчах радыеактыўных адходаў, у радыеізатопных лабараторыях і інш. На Беларусі найб. экалагічную значнасць мае Р.з., якое ўзнікла ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Каля 85% агульнага выкіду — радыенукліды з перыядам паўраспаду да аднаго месяца, 13% — некалькі месяцаў, каля 1% — каля 30 гадоў і каля 0,001% — больш за 50 гадоў. Пасля распаду кароткажывучых нуклідаў Р.з. абумоўлена цэзіем-137, стронцыем-90, плутоніем-238, -239, -240. Пл. 46,45 тыс. км² (каля 23% тэр. краіны) падверглася забруджванню цэзіем-137 (узровень больш за 37 кБк/м²), амаль па ўсёй тэр. адзначаюцца ўзроўні Р.з. цэзіем-137, якія перавышаюць значэнні да катастрофы. На пл. 21,1 тыс. км² (каля 10% тэр.) адзначана Р.з. стронцыем-90 (узровень больш за 5,5 кБк/м²); у Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл. — 29 кБк/м², у Гомельскай вобл.: у Веткаўскім р-не — 137 кБк/м², у Хойніцкім р-не — 1800 кБк/м². Каля 4 тыс. км² (2% тэр.) ахоплівае Р.з. ізатопамі плутонію (узровень больш за 0,37 кБк/м²), найб. забруджаны Брагінскі, Добрушскі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі, Хойніцкі (узровень больш за 111 кБк/м²) р-ны Гомельскай вобл. і Чэрыкаўскі р-н.

М.​Л.​Жэмжураў.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАБІЁТЫКІ (ад грэч. xenos чужы + ...біёз),

злучэнні, чужародныя для арганізмаў і біясферы: пестыцыды, прэпараты быт. хіміі, лек. сродкі, пластмасы і інш. Пры пападанні ў навакольнае асяроддзе ў значных колькасцях могуць выклікаць гібель арганізмаў, парушаць нармальны ход прыродных працэсаў у біясферы. Ператварэнні К. шляхам іх дэтаксікацыі і дэградацыі ў арганізмах і ў знешнім асяроддзі вывучаюць і выкарыстоўваюць для арганізацыі сан.-гігіенічных мерапрыемстваў, мер па ахове прыроды. Гл. таксама Забруджвальнікі, Забруджванне антрапагеннае, Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,

прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі,

ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,

прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́ТНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

сістэма водазабеспячэння на прадпрыемствах, пры якой адбываецца шматразовы абарот вады ў тэхнал. працэсе пры абмежаваным яе скідванні ў вадаёмы (да 3%) ці інш. водапрыёмнікі. Перад паўторным выкарыстаннем адпрацаваную ваду ачышчаюць, ахалоджваюць і апрацоўваюць залежна ад мэтаў вытв-сці ў адкрытых вадаёмах, градзірнях, басейнах пырскальных, ачышчальных устаноўках. Выкарыстанне абаротнага водазабеспячэння замест праматочнага змяншае расход вады, эксплуатац. выдаткі, забруджванне навакольнага асяроддзя.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЮТА́НТЫ,

рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),

раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫЛ у атмасферы,

сукупнасць завіслых у паветры дробных (10​−2—10​−4 см) цвёрдых часцінак. Паступае ў атмасферу пры выветрыванні горных парод (асабліва ў пустынных абласцях), вулканічных вывяржэннях, ветравой эрозіі ворных зямель, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў і транспарту. У паветры знаходзяцца таксама цвёрдыя часцінкі касм. і біял. (пылок раслін, споры, мікраарганізмы і інш.) паходжання. Асн. колькасць П. засяроджана ў слоі паветра да выш. 500 м. Зменьвае празрыстасць і цеплавыя ўласцівасці атмасферы, у вял. канцэнтрацыях можа садзейнічаць утварэнню смогу. Барацьба з вытворчым П. (пераважна ў гарадах і прамысл. раёнах) — важная ч. аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання (гл. таксама Забруджванне атмасферы).

т. 13, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)