ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГІЛІ́ЗМ,

сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.​Ніцшэ, зах. філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.​Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл. Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс, А.​Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)