БУЛАВА́,

1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.

2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял. кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».

3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.

Булава 10—13 ст. з Гродна.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),

старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс. н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс. н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Да арт. Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЭ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура кельцкіх плямён, якія ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. насялялі тэр. Еўропы ад Атлантыкі і Брытаніі да паўд. схілаў Альпаў і зах. схілаў Карпат (Украіна). Назва ад мяст. Латэн у Швейцарыі. Насельніцтва Л.к. стварыла своеасаблівую цывілізацыю, уплыў якой адчуваўся ва ўсёй Еўропе. Ён прывёў да стварэння т.зв. латэнізаваных археал. культур Еўропы: пшэворскай культуры, зарубінецкай культуры, Паянешты-Лукашоўка, ясторфскай і інш. культур. Ад Л.к. атрымаў назву асобны перыяд жал. веку Еўропы латэн (5—1 ст. да н.э., паміж гальштатам і рымскім часам). Імпарты з арэалу Л.к. і іх мясц. імітацыі знойдзены на тэр. Усх. Еўропы, у т. л. на Беларусі (фібулы, бранзалеты і інш.).

А.​М.​Мядзведзеў.

Тыповыя рэчы латэнскай культуры: 1,2 — жалезныя мячы; 3, 4 — фібулы; 5, 6 — посуд; 7—9 — бронзавыя бранзалеты; 10 — бронзавая шыйная грыўня; 11, 12 — фрагменты залатых шыйных грыўняў.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.

Літ.:

Гуревич Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;

Штыхов Г.В. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 2. Мн., 1971;

Поболь Л.Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎЛЯ́НЕ,

племянное аб’яднанне ўсх. славян у 8—10 ст., якое жыло на правабярэжжы Прыпяці ў міжрэччах Гарыні, Ужа, Цецерава, Дняпра. Назва паходзіць ад лясной мясцовасці. На У межавалі з палянамі, на З — валынянамі (па Случы) і бужанамі, на Пн з дрыгавічамі. Самыя стараж. помнікі Д. — курганныя могільнікі з трупаспаленнем, у канцы 10 ст. з’яўляюцца курганы з трупапалажэннем на гарызонце, у насыпе або ў яме галавой на З. Пахавальны інвентар: пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя нажы і інш. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам, ткацтвам, апрацоўкай жалеза. Жылі ў паўзямлянках. Гал. гарады: Уручый (Оўруч), Горадск; у Іскарасцені (Корасцень) жыў князь і старэйшыны з мясц. знаці. У 9—10 ст. мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Пры княгіні Вользе (сярэдзіна 10 ст.) землі Д. далучаны да Кіева і ператвораны ва ўдзельнае княства з цэнтрам у г. Уручый. Апошні раз упамінаюцца пад 1136.

Літ.:

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙКІ чыгуначныя,

стальныя бэлькі спец. профілю, асн. элемент верхняй будовы чыгуначнага пуці. Утвараюць рэйкавую каляіну для руху чыг. рухомага саставу, паяздоў метрапалітэна, трамваяў, прамысл. транспарту, грузападымальных кранаў (падкранавыя пуці).

Да шпал, рам, пліт прымацоўваюцца з дапамогай кастыльнага, клямарнага, спружыннага і інш. мацаванняў. Адна рэйка-бэлька выкарыстоўваецца ў манарэйкавай дарозе, як ездавая бэлька — у кран-бэльцы. Драўляныя Р. пачалі выкарыстоўвацца ў сярэднія вякі для руху ваганетак на горных вырабатках, пазней — для грузавога і пасажырскага коннага транспарту. Для павышэння зносаўстойлівасці іх пакрывалі жалезнымі палосамі і чыгуннымі накладкамі. Першыя метал. Р. выраблены ў Вялікабрытаніі ў 1767, у Расіі ў 1788. З 1820-х г. пашырыліся качаныя жалезныя, з 1860-х г. — качаныя стальныя Р. Вырабляюцца пракатам зліткаў высокавугляродзістай сталі. Даўжыня Р. шырокакалейных 25 м, вузкакалейных 8—12,5 м, трамвайных 15—18 м.

Мацаванні рэек чыгуначных: а — прамежкавае кастыльнае (1 — падкладка, 2 — кастылі); б — паасобнае (1 — гайка, 2 — прамежкавая клема, 3 — кастыль, 4 — падкладка); в — з двухгаловымі накладкамі (1 — накладка, 2 — кастыль); г — спружыннага тыпу (1 — спружына, 2 — падкладка).

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКАЎСКІ КАСЦЕ́Л СЭ́РЦА ІСУ́СА,

помнік архітэктуры неараманскага стылю ў в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1903 з цэглы на невялікім узгорку. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з апсідай, трансептам і сакрысціямі. Гал. фасад сфарміраваны 2 высокімі 5-яруснымі вежамі з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невял. фасаднай плоскасцю цэнтр. нефа паміж імі. Сцены прарэзаны паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над гал. уваходам і на фасадных плоскасцях трансепта размешчаны вял. вокны-ружы. Сцены раскрапаваны ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаны з дэкар. аркбутанамі. Уваходы ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі. Вял. маст. каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі дзвярэй касцёла, выкананыя мясц. кавалём. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца, што сведчыць пра свабодную імправізацыю майстра. Арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзвярэй цэнтр. ўвахода, вырашаныя як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, якія паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй.

С.​Г.​Багласаў, М.​М.​Яніцкая.

Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Уваходны партал.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА,

комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж. г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.
Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРСЦЁНАК,

упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Залаты пярсцёнак 12 ст. з Полацка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)