ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.Ахрэмчык, І.Давідовіч).
Т.В.Габрусь.
Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт
(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),
гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ (Уладзіслаў) (каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),
бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНО́ВА (Тамара Барысаўна) (н. 29.7.1950, г. Брэст),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1979). Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1972). З 1972 працуе ў Гродзенскім дзярж. ун-це. Даследуе гісторыю каталіцкай царквы і ордэна езуітаў на Беларусі ў 16 — пач. 19 ст.
Тв.:
Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Езуіцкі музей у Полацку // Мастацтва. 1993. № 3;
Иезуитские библиотеки в Беларуси // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1996. N° 8.
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап. сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛІ́НІ (Каэтан) (1748, Італія — 1816),
архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬТА ((Volta) Алесандра) (18.2.1745, г. Кома, Італія — 5.3.1827),
італьянскі фізік, хімік і фізіёлаг. Вучыўся ў школе езуітаў. Працаваў ва ун-тах Павіі (1779—1815) і Падуі (1815—19). Вынайшаў (1799) т.зв. вольтаў слуп — першую крыніцу пастаяннага эл. току. Адкрыў кантактную рознасць патэнцыялаў. Сканструяваў шэраг эл. прыбораў (кандэнсатар, электраскоп, электрометр і інш.). Выявіў і даследаваў уздзеянне электрычнасці на жывыя тканкі жывёл і чалавека. Яго імем названа адзінка эл. напружання — вольт.