ВАЮ́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),

грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел. цэнтр. рады. Старшыні БККА М.​Шчорс (1951—57), І.​Касяк (1957—89), Р.​Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час. «Беларуская думка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ ДАПАМО́ГАВЫ КАМІТЭ́Т,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. Засн. ў 1948 у г. Саўт-Рывер. Першы старшыня — І.Ермачэнка. На пач. дзейнасці дапамагаў беларусам у пошуках працы, вывучэнні англ. мовы, адаптацыі да новых умоў пражывання, садзейнічаў заснаванню час. «Беларус у Амерыцы», «Беларускае слова ў Амерыцы», газ. «Беларуская трыбуна», з 1960 друкаванню час. «Беларуская думка». Вядзе шырокую сац., культ. і адукац. дзейнасць.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

спецыфічны від грамадскай свядомасці, уласцівы вял. колькасці людзей (масам). Складваецца пад уплывам непасрэдных умоў жыцця людзей, падзей і працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, пануючай ідэалогіі і інш. Уключае пашыраныя ў грамадстве ідэі, погляды, уяўленні, сац. пачуцці людзей і характарызуецца статычнасцю, супярэчлівасцю, размытасцю межаў, раптоўнымі зменамі ў адных выпадках і пэўным акасцяненнем (стэрэатыпамі) — у іншых. Стан М.с. адлюстроўвае грамадская думка, настрой і дзеянні мас. Гл. таксама Масавая культура.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),

старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «I боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.​Г.​Янчанка.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́КШЫН (Сямён Аляксандравіч) (н. 8.3.1931, г. Гомель),

бел. філосаф і гісторык-медыявіст. Д-р філас. н. (1987), канд. гіст. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). З 1960 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Даследуе гуманіст. рух і рэліг.-царк. жыццё Беларусі 14—17 ст., гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, праблемы культуры, філасофіі і гісторыі, нац. самасвядомасці бел. народа. Стварыў цэласную гісторыю станаўлення і развіцця рэнесансава-гуманіст. думкі Беларусі, вызначыў спецыфічныя рысы айч. Адраджэння і гуманізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), прац «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты, даведнік, каментарыі» (1989), «Скарына і яго эпоха» (1990), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974;

Франциск Скорина. М., 1981;

Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Унія. Дзяржаўнасць. Культура: (Філас.-гіст. аналіз). Мн., 1998;

Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. Мн., 2000 (разам з С.​Ф.​Сокалам).

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 7.4.1952, г.п. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1976—78). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1982). Працаваў у час. «Нёман» (1979—88). З 1991 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1974. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесці «Насенне» (1979), раманаў «Цвіценне каліны» (1987), «На кругі свае» (1990), «Расплата» (1993). Яго проза адметная грамадз. адказнасцю, публіцыстычнасцю, уменнем паказаць жыццё ў самых істотных праявах. Вядомы як публіцыст (кн. «Цёплае лісце таполяў», 1984).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,

грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.​Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.​Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.

М.​В.​Анцыповіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім. ф-т БДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)