ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),

французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.​Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),

японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.​Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп. т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.​Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЁРЭ́НТЭ ((Llorente) Хуан Антоніо) (30.3.1756, Рынкан-дэль-Сота, каля г. Калаора, Іспанія — 5.2.1823),

іспанскі гісторык інквізіцыі. Святар, доктар кананічнага права. У 1785—1801 на розных пасадах ва ўстановах інквізіцыі, у 1793—94 распрацаваў план яе рэарганізацыі. За спачуванне ідэям Асветніцтва звольнены з пасады сакратара інквізіцыі. У час франц. акупацыі (1808—14) падтрымліваў Жазефа Банапарта. Пасля скасавання інквізіцыі (1808) узначаліў яе архіў. У 1814 эмігрыраваў у Парыж, дзе апублікаваў «Крытычную гісторыю іспанскай інквізіцыі» (т. 1—4, 1817—18). У 1822 за публікацыю працы «Палітычныя партрэты пап ад св. Пятра да Пія VII» (1822) высланы з Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Критическая история испанской инквизиции. Т. 1—2. М., 1936.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТКЕР (Барыс Якаўлевіч) (28.10.1902—31.1.1983),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Вучыўся ў Харкаўскай драм. школе (1918—19). Скончыў драм. студыю ў Маскве пры б. т-ры Корша (1922) Працаваў у розных трупах, з 1933 у МХАТ. Акцёр вострай і яркай характарнасці, бліскуча валодаў мастацтвам эпізадычнай ролі: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля) і інш. Сатыру спалучаў з мяккай камедыйнасцю, сумнай іроніяй. Побач з дакладным псіхал. малюнкам, вял. ўвагу звяртаў на знешнюю выразнасць: Адвакат («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Гросман («Плады асветы» Талстога), Брыдуазон («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), Доктар («Усё скончана» Э.​Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗА ((Groza) Петру) (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл. Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял. нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАНО́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (13.3.1853, в. Вял. Лес Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1901),

філолаг-славіст. Скончыў Варшаўскі ун-т (1876). Магістр філалогіі (1882). У 1886—88 прыват-дацэнт Казанскага ун-та, у 1889—1901 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та. Аўтар прац па літ.-знаўстве, лінгвістыцы, палеагеаграфіі, гісторыі слав. моў: «Меркаванне праасвяшчэннага Парфірыя пра кірыліцу і глаголіцу» (1877), «Нататкі пра славенскую мову XV—XVI ст.» (1878), «Харвацкія летапісы ХV—XVI стст.» (1881), «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), «Разгляд дысертацыі П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і інш. Даследаваў сербскія, харвацкія, візант. і інш. помнікі як гіст. крыніцы.

Літ.:

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн

(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),

амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.​Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.​Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.​Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.

т. 9, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́ВА (Барыс Яўгенавіч) (24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.​Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.​Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.​Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.​Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎСКАЯ (Марыя Паўлаўна) (30.5. 1910, Рыга — 10.4.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1938). У 1919—34 працавала ў цырку і на эстрадзе (г. Растоў-на-Доне, Кіеў, Мінск). З 1938 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвала ролі травесці, маладых гераінь, характарныя. Сярод лепшых работ: Данілка («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Марына («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Аўдоля («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Малання і Уліта («Мінулася кату масленіца» і «Лес» А.​Астроўскага), Кума («Улада цемры» Л.​Талстога), Рэгіна («Здані» Г.​Ібсена), Марыяна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), Анеля («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Драга («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Джэма («Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч).

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Ігар Фёдаравіч) (н. 26.10.1931, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1979). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Ленінградзе (1967). Паставіў маст. фільмы: «Асабістае жыццё Кузяева Валянціна» (1967, пры ўдзеле І.​Авербаха), «Гоншчыкі» (1972), «Пад каменным небам» (1975, сумесна з К.​Андэрсанам, Нарвегія), «Сентыментальны раман» (паводле В.​Пановай, 1976), «Яраслаўна, каралева Францыі» (1978), «Зімовая вішня» (1985), «Зімовая вішня-2» (1990), «Цемра» (1991) і інш.; тэлефільмы: «Шэрлак Холмс і доктар Ватсан» (1979) і «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1980—86; абодва паводле апавяданняў А.​Конан-Дойла), «Пікавая дама» (паводле А.​Пушкіна, 1982), серыял «Зімовая вішня» (1995).

Л.​В.​Календа.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)