ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),

рускі фізік і электратэхнік. Акад. Пецярб. АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф. пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.

Літ.:

Елисеев А.А. В.​В.​Петров. М.; Л., 1949.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.

Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.

На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.

С.​Я.​Кілін.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ АРХЕАЛО́ГІЯ, гідраархеалогія,

галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем стараж. аб’ектаў, затопленых вадой. Узнікла ў сярэдневякоўі з мэтай пошуку затанулых караблёў. Першыя ў Расіі даследаванні па П.а. праведзены ў 1905 у бухце г. Феадосія ў Чорным моры. У 1930 пад кіраўніцтвам праф. К.​Э.​Грыневіча вадалазы даследавалі рэшткі пабудоў стараж./v-abbr>-грэч./v-abbr> калоніі Херсанес. З 1937 пад кіраўніцтвам акад. Р.​А.​Арбелі вяліся даследаванні антычнага г. Ольвія. Далейшае развіццё П.а. звязана з вынаходствам у 1943 франц. даследчыкам Ж.А.Кусто і Э.​Ганьянам акваланга, што дало магчымасць свабодна працаваць на глыбінях да 50 м. На Беларусі больш за 100 гідраархеал. помнікаў: капішчы, стараж. масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны і інш. У 1907 у р. Ясельда каля в. Жабер Драгічынскага р-на вёўся пошук гармат, затопленых у 17 ст. (знойдзена 8 гармат). У 1920-я г. падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка Барысаўскага р-на. Планавыя падводныя пошукі археал. помнікаў пачаліся ў 1979. Археал. даследаванні праводзіліся каля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Зах. Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў, у р. Свіслач у Мінску, у р. Лукомка каля в. Лукомль, у воз. Іказнь каля сцен замка і інш.

Л.​У.​Дучыц.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Франц Вікенцьевіч) (1864, в. Клесель Рэчыцкага пав. — 10.6.1933),

бел. хірург. Д-р медыцыны (1900). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1889). З 1914 урач у бальніцах Гомеля, Мазыра. Працы па даследаванні хвароб органаў брушной поласці, па клінічнай хірургіі і арганізацыі хірург. дапамогі.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРЛ ((Curl) Роберт) (н. 23.8.1933, г. Аліс, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1957). З 1958 ва ун-це У.​М.​Райса (г. Х’юстан; з 1967 праф.). Навук. працы па даследаванні адкрытых ім фулерэнаў (1985). Нобелеўская прэмія 1996 (з Г.Крота, Р.Смелі).

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛО́МЕТР (ад грэч. nephelē мутнасць + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння ступені мутнасці вадкасцей і газаў па інтэнсіўнасці рассеянага імі святла. Дзеянне Н. засн. на параўнанні светлавых патокаў, рассеяных выпрабаваным і эталоннымі ўзорамі. Бывае візуальны і фотаэлектрычны. Выкарыстоўваецца ў нефеламетрыі пры даследаванні дысперсных сістэм.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,

навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.

На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.​К.​Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.​А.​Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.​І.​Пераход, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік, Д.​І.​Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел. тэхнал. ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, у запаведніках.

Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁВА СЛАБАДА́,

паселішча днепра-дзяснінскай культуры (8—7-е тыс. да н. э) каля в. Каралёва Слабада Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Бярэзіна. Пры даследаванні выяўлены агнішчы, крамянёвыя прылады працы: разцы, скрабкі, вастрыі, скоблі, укладышы, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы, нуклеусы, сякеры.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Эдвард Калвін) (8.3.1886, г. Саўт-Норуалк, ЗША — 4.5.1972),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Калумбійскі ун-т (1910). З 1952 у Прынстанскім ун-це. Навук. працы па даследаванні гармонаў кары наднырачнікаў. Адкрыў картызон. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Т.Рэйхштэйнам, Ф.Хенчам).

Э.Кендал.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭРД, Бёрд (Byrd) Рычард Эвелін (25.10.1888, г. Уінчэстэр, штат Віргінія, ЗША — 12.3.1957), амерыканскі палярны даследчык, лётчык. Адмірал. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1912) і авіяц. школу (1918). 9 5.1926 першы праляцеў над Паўн. полюсам. Кіраўнік 4 амер. экспедыцый у Антарктыку (1928—30, 1933—35, 1939—41, 1946—47), якія правялі метэаралагічныя і геагр. назіранні, геал. даследаванні ў гарах Дронінг-Модс-Ф’ель, сейсмалагічныя даследаванні Ледзянога бар’ера Роса, аэрафотаздымку ўзбярэжжа Зах. Антарктыды і яе ўнутр. раёнаў; адкрылі плато Рокфелер, хр. Гросенар, хр. Эдсел-Форд, ледавік Амундсена, Зямлю Мэры Бэрд (1929), горы Хорлік (1934), Бераг Хобса, хр. Колер, Бераг, Усшгрына, Флетчэр (1940), плато Амерыкан-Хайленд (1947). У ліст. 1929 Б. праляцеў над Паўд. полюсам. Імем Бэрда названа амер. антарктычная навук. станцыя.

Тв.:

Рус. пер. — Над Южным полюсом. Л., 1935;

Снова в Антарктике. Л., 1937.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)