шведскі інжынер і вынаходнік. Чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1913), Шведскай акадэміі навук і тэхнікі (1919). Скончыў Ін-т Чалмерса ў г. Гётэбарг (1896). Працаваў у шведскіх кампаніях (карбідна-ацэтыленавай, газавых акумулятараў). Даследаваў паветр. турбіны і помпы, кампрэсары. Распрацаваў газавы акумулятар, эфектыўную печ, вынайшаў аўтам. рэгулятар для крыніц святла на маяках і буях (запальвалі ацэтыленавае полымя з наступленнем цемнаты і гасілі на світанні). Нобелеўская прэмія 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ГА (Hugo) Густаў
(1764—1844),
нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,
палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЛЕРФЕЛЬТ (Adlerfelt) Густаў
(1671—9.7.1709),
шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАН (Wiedemann) Густаў Генрых
(2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз.т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ (Hertz) Густаў Людвіг
(22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),
нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл.АНСССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДГЕНС (Gründgens) Густаў
(22.12.1899, г. Дзюсельдорф, Германія — 7.10.1963),
нямецкі акцёр, рэжысёр. Скончыў школу пры Дзюсельдорфскім драм. т-ры (1920). Працаваў у т-рах Гамбурга, Берліна. У 1955—63 кіраўнік Ням.драм. т-ра ў Гамбургу. Вядомы як пастаноўшчык класічных спектакляў «Кароль Лір» (1934) і «Дванаццатая ноч» (1937, іграў ролю Мальволіо) У.Шэкспіра, «Чайка» А.Чэхава (1948; роля Трыгорына) і інш. Сярод роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Фауст («Фауст» І.В.Гётэ), Франц Моар, Валенштайн («Разбойнікі», «Смерць Валенштайна» Ф.Шылера). Паставіў некалькі оперных спектакляў. Здымаўся ў кіно, ставіў фільмы. Жыццё і творчасць Грундгенса ляглі ў аснову рамана К.Мана «Мефістофель» (экранізаваны ў 1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,
вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр.Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.Мільеранам і Р.Вівіяні заснаваў Рэсп.сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН (Vigeland) Адольф Густаў
(11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.