дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК ((Hooke) Роберт) (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),
англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл.Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,
вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.
Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ,
прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.
Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл.Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ-ЗЫРА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Пашырана ў Рэспубліцы Комі, часткова на Кольскім п-ве, у Ямала-Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўт. акругах Расіі. Дыялекты: прысыктыўкарскі (аснова літ. мовы), ніжневычагодскі, верхневычагодскі, сярэднесысольскі, верхнесысольскі, вымскі, лузкалецкі, іжамскі, пячорскі, удорскі. У адрозненне ад роднаснай ёй комі-пярмяцкай мовы характэрна захаванне гука «л» ва ўсіх дыялектах, націск на 1-м складзе, клічная форма назоўнікаў на -ой. У марфалогіі — адзінае скланенне і спражэнне. У лексіцы шмат аднаскладовых слоў.
Да пач. 20 ст. ў комі-зыран не было адзінай літ. мовы (рэліг.л-ра выдавалася на дыялектах). Літ. мова склалася пасля 1917. Пісьменства створана місіянерам Стафанам Пермскім у 2-й пал. 14 ст. У 17 ст. выцеснена пісьменствам на аснове славяна-рус. графікі. З 1918 выкарыстоўваўся рус. алфавіт, з 1920 — са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г.рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «б».
Літ.:
Современный коми язык. Ч. 1—2. Сыктывкар, 1955—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СЬБІТ ІНФАРМА́ЦЫІ,
матэрыяльны сродак для запісу, назапашвання, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі, а таксама абмену ёю паміж людзьмі або машынамі. Інфармацыя запісваецца шляхам змен фіз., хім. ці мех. уласцівасцей запамінальнага асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гука- і відэазапісу, аўтам. апрацоўкі інфармацыі, інфармацыйна-пошукавых сістэмах і інш.
Асн. паказчыкі: габарытныя памеры, шчыльнасць запісу, часавыя характарыстыкі (працягласць запісу, счытвання і пошуку інфармацыі) і інш. Бываюць з неперарыўным (магн. стужкі, аптычныя і магн. дыскі і інш.) і дыскрэтным (ферытавыя стрыжні і кольцы, перфакарты і інш.) асяроддзем запісу, адна- (аднаразовы запіс інфармацыі і мнагакратнае счытванне) і шматразовыя (мнагакратныя запіс і сціранне інфармацыі на адных і тых жа ўчастках асяроддзя). Адрозніваюць таксама чалавекаарыентаваныя (напр., папяровыя носьбіты рукапіснай, друкаванай і выяўл. інфармацыі) і машынаарыентаваныя Н.і., якія дазваляюць непасрэдна ўводзіць інфармацыю ў ЭВМ, выліч. сістэмы і інш. Праблемай беспапяровай інфарматыкі з’яўляецца наданне юрыд. сілы машынным Н.і.
На Беларусі прававыя асновы (у т. л. аўтарскія правы) выкарыстання электронных дакументаў на машынных Н.і. рэгламентуюцца законам «Аб электронным дакуменце» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.