«ГРАМАДА́»,
бел. нелегальнае выдавецкае т-ва. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—07. Выдавала агітацыйную л-ру (арыгінальную і перакладную) рэв. зместу. Дзейнасць т-ва забаронена царскай цэнзурай. Захавалася 6 брашур, у т. л. «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» (лацінкай і кірыліцай), «Чы будзе для ўсіх зямлі?», «Што такое свабода?» Сігава (пер. з укр.), «Забастоўка» (лацінкай), «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць».
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 142, 154—155.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІКІ,
катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).
Я.К.Анішчанка.
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),
грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУЛЬГЕ́НЦЫЯ (ад лац. indulgentia паблажлівасць, літасць),
папская грамата, пасведчанне пра поўнае або частковае адпушчэнне грахоў, якая выдавалася за грошы або за асаблівыя заслугі перад каталіцкай царквой. Абгрунтоўвалася багасловамі тым, што каталіцкая царква мае запас добрых спраў, якія здзейснілі Ісус Хрыстос, Дзева Марыя і святыя, і імі можна пакрываць грахі людзей. Продаж І. пачаўся з 12—13 ст., што выклікала пратэст гуманістаў. Адмена І. была ў ліку асн. патрабаванняў Рэфармацыі. У пераносным сэнсе — даць дазвол на якія-н. дзеянні, учынкі.
т. 7, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШКО́ЎСКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (1864, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл. — 12.6.1925),
руская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Скончыла Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1888). З 1888 у Малым т-ры. Яркая камедыйная актрыса, іграла ролі свецкіх «драпежніц», какетак, інтрыганак: Глафіра, Лідзія Чабаксарава («Ваўкі і авечкі» і «Шалёныя грошы» А.Астроўскага) і інш. Тонкім гумарам, абаяннем было прасякнута яе выкананне ролей Дыяны («Сабака садоўніка» Лопэ дэ Вегі), Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра) і інш., стварала таксама драм. вобразы сучасніц.
т. 9, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
т. 1, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (20.11.1880, С.-Пецярбург — 9.7.1942),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). Пачаў прафес. дзейнасць у 1901 у правінцыяльных т-рах, з 1904 у маскоўскім Т-ры Корша, з 1909 (з перапынкамі) у Малым т-ры. Творчасць вызначалася высокай прафес. культурай, характарнасцю ў выкананні камедыйных і сатыр. роляў: Цяляцеў, Лыняеў, Дудукін, Гарадулін («Шалёныя грошы», «Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Земляніка («Рэвізор» М.Гогаля). Здымаўся ў фільмах.
т. 8, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,
спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел. т-ра.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧ у праве,
прадмет знешняга (матэрыяльнага) свету, які знаходзіцца ў натуральным стане ў прыродзе або створаны працай чалавека і з’яўляецца асн. аб’ектам у маёмасных праваадносінах. У цывільным праве Р. прызнаюцца таксама грошы і каштоўныя паперы. Р. падзяляюцца на вызначаныя родавымі прыкметамі і індывідуальна-вызначаныя, падзельныя і непадзельныя, выкарыстоўваемыя і невыкарыстоўваемыя. Адрозніваюцца таксама галоўная Р. і яе прыналежнасць (Р., якая служыць гал. Р. і звязана з апошняй агульным гасп. прызначэннем). Кожны з пазначаных падзелаў мае пэўныя юрыд. вынікі (гл. Рэчавае права).
т. 14, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)