БЕ́ЛІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1777—1852, у Магілёўскай (да 1796 і з 1802) і Беларускай губ. Утвораны паводле Указа імператрыцы Кацярыны II ад 22.3.1777 у адказ на прашэнне ўладальніка Гомеля графа П.​А.​Румянцава-Задунайскага аб перанясенні пав. цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала сяло Беліца, якому з гэтай нагоды нададзены статус горада. У 1786 пав. адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны для гэтага г. Новая Беліца. Новы ўладальнік г. Гомеля кн. І.​Ф.​Паскевіч-Эрыванскі дамогся ў 1852 пераводу пав. цэнтра зноў у Гомель (гл. Гомельскі павет).

М.​І.​Камінскі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я,

вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.

Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.​Г.​Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧЫЁЛІ ((Caraccioli) Луі Антуан) (1721, Парыж — 29.5.1803),

французскі літаратар. Паходзіў з італьян. роду, аселага ў Францыі. З 1739 чл. каталіцкай кангрэгацыі аратарыянцаў. Падарожнічаў па Італіі і Германіі. У 1754—61 у Рэчы Паспалітай, выхавацель сыноў кароннага гетмана польскага Вацлава Жавускага. Аўтар твораў «Лісты, адрасаваныя знакамітай нябожчыцы, што нядаўна памерла ў Польшчы» (1770, 1771), «Польшча, якая яна была, якая ёсць і якая будзе» (1775), «Жыццё графа Вацлава Жавускага, вялікага генерала і першага сенатара Польшчы» (1782), у якіх даў звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай, апісаў свае асабістыя ўражанні ад падарожжаў па краіне, сустрэч з вядомымі дзярж. дзеячамі.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ГАЛЬСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. ў в. Латыгаль Вілейскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1771 як уніяцкая па фундацыі графа Салагуба. Складаецца з 2 амаль квадратных у плане зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам, які ўтварае невял.

трохвугольныя навісі ў месцы прымыкання зрубаў. Гал. фасад завершаны трапецападобным франтонам з дэкар. шалёўкай і вял. лучковым аконным праёмам у цэнтры. Франтон увянчаны чацверыковай вежачкай з галоўкай. Такая ж галоўка над алтаром. Па баках алтарнага зруба невысокія квадратныя сакрысціі. У архітэктуры спалучаюцца рысы традыц. нар. дойлідства і стылю барока.

Т.​В.​Габрусь.

Латыгальская Мікалаеўская царква.

т. 9, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛЬСКІ (Антоній) (сапр. Пяроўскі Аляксей Аляксеевіч; 9.7.1787, Масква — 21.7.1836),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (з 1829). Пабочны сын графа А.​К.​Разумоўскага. Скончыў Маскоўскі ун-т (1807). З 1820 член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці. Аповесць «Лафертаўская макоўніца» (1825) пра жыццё мяшчан. На ўкр. этнагр. матэрыяле напісаны цыкл рамант. аповесцей і апавяданняў «Двайнік, або Мае вечары ў Маларосіі» (1828), раман «Манастырка» (1830—33). Аўтар рамана «Магнетызёр» (1830, не завершаны), аповесці-казкі для дзяцей «Чорная курыца, ці Падземныя жыхары» (1829, аднайм. фільм 1980). Пісаў вершы.

Тв.:

Избранное: Проза. Стихотворения. М., 1988;

Двойник: Избр. произв. Киев, 1990;

Волшебные повести. М., 1992.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),

рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.​С.​Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.​Р.​Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАМЧУГО́ВА (сапр. Кавалёва) Праскоўя Іванаўна

(31.7.1768, в. Беразіно Яраслаўскай вобл., Расія — 7.3.1803),

руская актрыса, спявачка (сапрана). Прыгонная графа Н.​П.​Шарамецева, у 1798 атрымала вольную, у 1801 стала яго жонкай. Спевам вучылася ў Л.​Сандуновай. У 1779—97 выступала ў шарамецеўскім т-ры. Валодала моцным гнуткім голасам прыгожага цёплага тэмбру і вял. дыяпазону, драм. талентам. У яе рэпертуары (каля 50 роляў) найб. вылучаліся партыі трагедыйнага плана: Эліяна, Люсіль («Самніцкія шлюбы», «Люсіль» А.​Грэтры), Луіза, Аліна («Дэзерцір», «Аліна, каралева Галкондская» П.​А.​Мансіньі), Зелміра («Узяцце Ізмаіла» В.​Казлоўскага) і інш.

Літ.:

Маринчик П.Ф. Недопетая песня: Необычайная жизнь П.​И.​Жемчуговой. Л.;

М., 1965.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КІН (Гаўрыіл Якімавіч) (Іаакімавіч; 6.4.1812, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.​Дз.​Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МНІК (Rîmnic),

рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр, войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)