АМА́ЦІ (Amati),

італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКА́ ((Broca) Поль) (28.6.1824, Сент-Фуа-ла-Гранд, дэпартамент Дардонь, Францыя — 9.7.1880),

французскі анатам і антраполаг; адзін з заснавальнікаў сучаснай антрапалогіі. Ініцыятар стварэння Антрапал. навук. т-ва ў Парыжы (1859). Аўтар прац па параўнальнай анатоміі прыматаў, пытаннях агульнай антрапалогіі, расавых тыпах сучаснага і стараж. насельніцтва Францыі. Распрацаваў дапаможнік па антрапаметрыі і краніяметрыі (1865), пабудаваў шкалы для вызначэння афарбоўкі вачэй, валасоў і скуры, стварыў шэраг антрапаметрычных інструментаў.

Тв.:

Рус. пер. — Общие инструкции для антропологических исследований и наблюдений // Изв. Имп. о-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. М., 1865. Т. 2.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,

бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл. Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.

Г.​Г.​Круглоў.

Бетонная глухая гравітацыйная плаціна: 1 — верхавая (напорная) грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),

лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс. км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІ ((Libby) Уілард Фрэнк) (17.12.1908, г. Гранд-Валі, штат Каларада, ЗША — 9.9.1980),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1931), дзе і працаваў. З 1940 у Калумбійскім ун-це (з 1943 праф.), з 1945 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага), з 1959 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес), у 196276 дырэктар Ін-та геафізікі і фізікі планет. Асн. навук. працы па радыяхіміі, ядз. хіміі, касмахіміі. Удзельнічаў у распрацоўцы газадыфузійнага спосабу абагачэння прыроднага урану ізатопам ​235U. Распрацаваў метад радыевугляроднага датавання (вызначэння ўзросту) у археалогіі, геалогіі, геафізіцы (1947). Нобелеўская прэмія 1960.

У.Лібі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

рака на Пд Канады. Утвараецца ад сутокаў рэк Норт-С. і Саўт-С., якія пачынаюцца ў Скалістых гарах. Даўж. 544 км (ад вытоку р. Саўт-С. — 1928 км), пл. бас. 385 тыс. км². Цячэ па Вялікіх і Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Разводдзе ў чэрв.—жн., межань ад снеж. да сакавіка. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады 780 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння ў вярхоўях. Вадасх. Гранд-Рапідс у ніжнім цячэнні. Суднаходная на асобных участках. На р. Саўт-С. — г. Саскатун, на р. Норт-С. — гарады Эдмантан і Прынс-Альберт.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́НЗАС (Arkansas),

рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл. бас. 416 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),

іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.​Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.​Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.​Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.​Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.​Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.

М.Кабалье.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРКЛЕ́ (Darclée; сапр. Харыклі-Хартулары; Haricly Hartulari) Харыклея

(10.6.1860, г. Брэіла, Румынія — 10.1.1939),

румынская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Музыцы вучылася ў Вене, Бухарэсце, удасканальвалася ў Парыжы. У 1888 дэбютавала ў т-ры «Гранд-Апера» (Парыж) у партыі Маргарыты («Фауст»), падрыхтаванай пад кіраўніцтвам Ш.​Гуно. Гастраліравала ў многіх краінах. Валодала моцным прыгожым голасам мяккага тэмбру, дасканалай тэхнікай, яркім сцэн. дараваннем. Дыяпазон яе голасу дазваляў выконваць партыі лірыка-каларатурнага і мецца-сапрана: Дэздэмона, Віялета («Атэла», «Травіята» Дж.​Вердзі), Эльза («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мімі, Тоска, выкананая ўпершыню («Багема», «Тоска» Дж.​Пучыні), Валянціна («Гугенот Дж.​Меербера), а таксама напісаныя для яе гал. партыі ў операх Леанкава («Заза»), П.​Масканьі («Ірыс»), А.​Каталані («Валі»).

Х.Даркле.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)