РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Мярэя, на аўтадарозе, якая злучае Л. з г. Горкі. Да 1918 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і племзавода. За 17 км на ПнУ ад г. Горкі, 103 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 1955 ж., 506 двароў (1999).

Упамінаецца ў Дагаворнай грамаце 1523 аб перамір’і паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ. У 1529 яе купіў кн. Астрожскі і перадаў у пасаг сваёй дачцэ, якая выйшла замуж за Х.​М.​Радзівіла. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. З 1647 мястэчка, 56 двароў, фальварак, царква, вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскай прав., потым Аршанскага пав. З-за адмовы ўладальніка К.​Радзівіла прысягнуць імператрыцы Кацярыне II мястэчка ў 1773 перададзена ў казну, а ў 1774 падаравана кн. Дандуковым-Корсакавым. 8.11.1812 тут размяшчалася гал. кватэра М.​І.​Кутузава. У 1897 мястэчка, 958 ж., царква, 2 малітоўныя дамы, гарбарны і клеяварны з-ды, 7 кузняў, царк.-прыходская школа, нар. вучылішча, фельчарскі пункт, пошта, 21 крама, карчма; 4 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР (да 1930), з 1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў 1943 вёску спалілі ням.-фаш. захопнікі, загубілі 186 жыхароў. 12—13.10.1943 у баі за вёску ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай дывізіі імя Т.​Касцюшкі. У 1972—730 ж., 210 двароў.

Жыллёва-камунальная гаспадарка, швейны цэх. Горацкае педвучылішча, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс, які ўключае Музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкія магілы сав. і польскіх воінаў.

В.​М.​Князева.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы пры манастырах. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Індыі пры будыйскіх манастырах. Пасля пашырэння хрысціянства распаўсюдзіліся на Б. Усходзе і ў Зах. Еўропе пры мужчынскіх манастырах. Падзяляліся на 3 тыпы: для падрыхтоўкі белага духавенства, для будучых манахаў, для навучання грамаце свецкіх юнакоў. У стараж.-рус. княствах манахі выкладалі ў М.ш. дзецям заможных гараджан асновы пісьма і чытання. У 11 ст. М.ш. адкрыты пры епіскапскіх кафедрах у Ноўгарадзе, Полацку, Тураве і інш. У 12 ст. яны ўзніклі і пры некат. жаночых манастырах, у т. л. ў Полацку. У ВКЛ вял. кн. Ягайла ў 1387 заснаваў М.ш. пры кляштары ў Вільні. Іх колькасць значна павялічылася ў 16 ст. Яны існавалі пры правасл. манастырах у Брэсце, Вільні і інш. У 1522 М.ш. адкрыты ў мяст. Гайна Барысаўскага пав., у 1545 — у мяст. Мядзведзічы Слуцкага пав. З 17 ст. пач. школы працавалі пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мазалаве, Мсціславе. Вядучае месца сярод М.ш. Рэчы Паспалітай займалі школы і калегіумы ордэнаў езуітаў і піяраў, якія ў 1740 мелі адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў адбылося агульнае скарачэнне М.ш., былыя пазіцыі захавалі толькі піяры. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі мясц. ўлады пачалі перабудову свецкай сістэмы адукацыі, створанай Адукацыйнай камісіяй. У 1797 12 свецкіх вучылішчаў перададзены каталіцкім манаскім ордэнам і базыльянам. У 1824 з 47 павятовых вучылішчаў Віленскай навуч. акругі 37 належалі манахам. Пасля паўстання 1830—31 рас. ўрад пачаў ліквідацыю М.ш. у зах. губернях. У 1832—35 яны зачынены ці пераўтвораны ў свецкія гімназіі, павятовыя вучылішчы для дваран і мяшчан, семінарыі, ніжэйшыя духоўныя вучылішчы і царк.-прыходскія школы.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.

Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус. грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.​Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.

Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш. мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.

Літ.:

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;

Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.

23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля I-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.​А.​Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс. чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш. Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).

У.​У.​Бянько.

Герб Крычава. 1633.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШЫНЁЎ (Chişinău),

горад, сталіца Малдовы, на р. Бык (прыток Днястра).

Чыг. станцыя. Аэрапорт. 718,2 тыс. ж. (1998; з населенымі пунктамі, падпарадкаванымі гар. адміністрацыі, 752,1 тыс. ж.). Прам-сць: машынабудаванне (с.-г. машыны, гандл. і харч. абсталяванне, халадзільнікі, эл.-вымяральныя прылады, тэлевізары, эл.-быт. тэхніка і інш.), харчасмакавая (вінаробныя, пладоваагароднінакансервавыя, табачныя вырабы), лёгкая (гарбарна-абутковая, трыкатажная і інш.), хім., дрэваапр., у т. л. мэблевая.

Упершыню згадваецца як сяло ў даравальнай грамаце малд. гаспадара Стэфана III Вялікага баярыну Влайкулу (1466). Быў вотчынай баяр, з 1641 — Яскага манастыра. З 1712 горад. З пач. 16 ст. да 1812 пад уладай Турцыі. Неаднаразова разбураны (у канцы 17 ст. татарамі, у 1739, 1787, 1791 туркамі). У рус.-тур. вайну 1735—39 тут адбылося антытур. паўстанне. На рубяжы 18—19 ст. ў К. 22 гарбарныя, 18 свечачных, 5 фаянсавых і інш. майстэрняў. З 1812 у складзе Расіі, з 1818 цэнтр Бесарабскай вобл. (з 1873 губерні). У 1820—23 у К. адбываў ссылку А.​С.​Пушкін, які зблізіўся тут з дзекабрыстамі М.​Ф.​Арловым, У.​Ф.​Раеўскім, П.​С.​Пушчыным і інш., што ўваходзілі ў мясц. ўправу «Саюза працвітання». У пач. 19 ст. К. — адзін з цэнтраў па падрыхтоўцы антытур. паўстання на Балканах лад кіраўніцтвам А.Іпсіланці. У 1813 у К. адкрыта духоўная семінарыя, у 1833 гімназія і абл. друкарня. Развіццю прам-сці (у 1903 каля 60 прадпрыемстваў) садзейнічала буд-ва чыгункі (1870—80-я г.). У студз. 1918 К. акупіраваны войскамі Румыніі. З 1940 у складзе СССР, сталіца Малд. ССР. У 2 ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (ліп. 1941 — жн. 1944). З 1991 сталіца Рэспублікі Малдова.

К. падзяляецца на Ніжні горад з сярэдневяковай планіроўкай і Верхні горад з рэгулярнай планіроўкай (генплан 1834). Сярод помнікаў: царква Раства Маці Божай («Мазаракіеўская»; 18 ст.), кафедральны сабор (1830—35, арх. А.​І.​Мельнікаў), трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі; 1840, арх. І.​Заушкевіч) і інш. У 1918—40 К. забудоўваўся невял. асабнякамі з цэглы і вапняку. У Вял. Айч. вайну моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1947 (кіраўнік А.​Шчусеў) рэканструяваны цэнтр горада, пракладзены праспект Моладзі і бульвар Негруцы, узведзены адм. будынкі, забудавана Вакзальная пл. У 1955—80 створаны добраўпарадкаваныя жылыя раёны (Рышканаўка, Батаніка, Баюканы) са свабоднай планіроўкай і 4—5-павярховай забудовай, прамысл. цэнтры (Новыя Чэканы, Скулянка). Найб. значныя пабудовы: аэравакзал (1974), гасцініцы «Інтурыст» (1978) і «Космас» (1983), Дом выдавецтваў (1980), будынак рэзідэнцыі прэзідэнта Малдовы (1989). Помнікі: А.​С.​Пушкіну (1885, скульпт. А.​Апякушын), Стэфану Вялікаму (1925, скульпт. А.​М.​Пламадзяла), мемар. комплекс у гонар воінаў, што загінулі пры вызваленні Малдовы (1975, скульпт. А.​Ф.​Майко). АН Малдовы, 7 ВНУ, у т. л. ун-т, 5 т-раў, 9 музеяў, у т. л. Музей Р.​І.​Катоўскага і С.​Лазо, Дом-музей Пушкіна, Нац. музей гісторыі Малдовы, Маст. музей.

Літ.:

История Кишинева (1466—1966]. Кишинев, 1966;

Лисецкий А.М. Кишинев в годы Великой Отечественной войны. Кишинев, 1975;

Кишинев: Энцикл. Кишинев, 1984.

Трыумфальная арка ў Кішынёве.
Кішынёў. Дзяржаўны мастацкі музей.
Будынак рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Малдова ў Кішынёве.

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧАТКО́ВАЯ ШКО́ЛА,

агульнаадукацыйная навучальна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якая дае пач. адукацыю. Разлічана пераважна на дзяцей 6—10-гадовага ўзросту. Тэрмін навучання ў розных краінах ад 4 да 8 гадоў. На Беларусі ўзніклі ў 11 ст. як манастырскія школы граматы. Вядома іх дзейнасць пры епіскапскіх кафедрах у Полацку і Тураве. У 12 ст. П.ш. з’явіліся пры некаторых жаночых манастырах, у т. л. пры манастыры Св. Спаса, заснаваным Ефрасінняй Полацкай, дзе існавала школа для навучання грамаце. Рыхтавалі клірыкаў для службы ў цэрквах і манастырах, а таксама давалі элементарную адукацыю дзецям заможных гараджан. У ВКЛ доўгі час развівалася ў выглядзе манаскіх школ. У 1387 вял. кн. Ягайла заснаваў школу пры каталіцкім кляштары ў Вільні. У 1522 у мяст. Гайна Барысаўскага павета і ў 1545 у мяст. Мядзведзічы Слуцкага павета адкрыты П.ш. пры мясц. каталіцкіх кляштарах. Дзейнічалі П.ш. і пры праваслаўным Святадухаўскім манастыры ў Вільні (засн. ў пач. 16 ст.), а таксама пры манастыры ў Брэсце. З 17 ст. пачалі працаваць П.ш. пры уніяцкіх манастырах у Беразвеччы, Мсціславе, Мазалаве. Да П.ш. належала большасць брацкіх школ. Пануючае месца ў асветніцкай справе Рэчы Паспалітай займалі каталіцкія манаскія ордэны езуітаў і піяраў, якія ў 1740 трымалі пры сваіх кляштарах адпаведна 67 і 27 навуч. устаноў. Станаўленне свецкай П.ш. адбылося ў 2-й пал. 18 ст., што звязана з забаронай ордэна езуітаў (1773) і стварэннем Адукацыйнай камісіі. Новыя П.ш. дзейнічалі пры свецкіх акруговых і падакруговых вучылішчах (па колькасці яны саступалі манаскім школам, якія былі амаль пры кожным кляштары).

На бел. землях у складзе Рас. імперыі свецкая сістэма адукацыі, створаная Адукацыйнай камісіяй, ліквідавана, а школы зноў перададзены ордэнам. Падобнага падыходу прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі. У 1824 сярод больш як 380 П.ш. свецкіх практычна не было. Паводле школьнага статута 1828 П.ш. падзяляліся на прыходскія вучылішчы і павятовыя вучылішчы, якія маглі існаваць асобна ці пры гімназіях. Акрамя выхаваўчых мэт П.ш. актыўна ўдзельнічалі ў русіфікацыі Беларусі. У 1864 і 1874 зацверджаны статуты пач. нар. вучылішчаў. Паралельна са свецкімі П.ш. існавалі і царкоўнапрыходскія школы, якія падпарадкоўваліся Св. Сіноду. З канца 19 ст. ствараліся і прыватныя П.ш. У пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 17 тыпаў П.ш. (больш за 6 тыс. навуч. устаноў). Асобнае месца сярод іх займалі гарадскія вучылішчы (павышаны тып П.ш.) і прафесійна-тэхн. школы. У 1917 усе школы сталі дзяржаўнымі. У выніку аддзялення царквы ад дзяржавы (з 1918) школы сталі цалкам свецкімі. Тэрмін навучання ў П.ш. з 1918—5 гадоў, з 1923 (у сувязі з увядзеннем у сістэму адукацыі 7-гадовай школы) — 4 гады. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена абавязковая пач. адукацыя (у Зах. Беларусі з 1939).

Пасля ўпарадкавання структуры школьнай адукацыі (1934) П.ш. стала часткай (1-й ступенню) адзінай агульнаадук. школы. Тэрмін навучання з 1970—3, з 1986—4 гады. Навуч. праграмы адзіныя. Прымаюцца дзеці з 6 гадоў (з 1998). Выкладаюцца бел. і рус. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, выяўл. мастацтва, спевы, фіз. культура, прац. навучанне, замежныя мовы і інш. Адраджаецца сістэма прыватных П.ш. У 1999/2000 навуч. г. ў падрыхтоўчых і 1—4-х класах усіх школ Рэспублікі Беларусь займалася 588,9 тыс. вучняў.

Літ.:

Чехов Н.В. Народное образование в России с 60-х гг. XIX в. М., 1912;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)