ДЗАЦЭНІ́ДЗЕ Георгій Самсонавіч

(23.2.1910, г. Кутаісі, Грузія — 5.5.1976),

грузінскі геолаг. Акад. АН Груз. ССР (1955), акад. АН СССР (1968). Скончыў Тбіліскі ун-т (1929). З 1933 у пед. ін-це Кутаісі. З 1934 у Тбіліскім ун-це (у 1958—59 рэктар). У 1955—58 віцэ-прэзідэнт АН Груз. ССР. Навук. працы прысвечаны праблемам палеавулканалогіі, сувязі магматызму з тэктонікай, вулканагенна асадкавага літагенезу.

Тв.:

Влияние вулканизма на образование осадков. М., 1965.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР (Werner) Абраам Готлаб

(25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗНЯЧУ́К Леанід Мікалаевіч

(5.8.1929, Мінск — 1.2.1981),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных навук (1963). Скончыў БДУ (1950). З 1969 у Ін-це геахіміі і геафізікі (цяпер Ін-т геал. навук) АН Беларусі. Навук. працы па стратыграфіі, палеагеаграфіі, геамарфалогіі і палеапатамалогіі антрапагену. Складальнік найб. дасканалай стратыграфічнай схемы антрапагенавай сістэмы Беларусі (1981). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Літ.:

Санько А.Ф., Фещенко Ф.С. Творческий вклад Л.Н.Вознячука в развитие геологии плейстоцена // Проблемы плейстоцена. Мн., 1985.

А.Ф.Санько.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЕЛЬ, Лаел (Lyell) Чарлз (14.11. 1797, Кінардзі, Вялікабрытанія — 22.2.1875), англійскі геолаг, прыродазнавец. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1871). Скончыў Оксфардскі ун-т (1819). У гал. навук. працы «Асновы геалогіі» (т. 1—3, 1830—33) у процівагу пануючай у той час тэорыі катастроф (гл. Катастроф тэорыя) распрацаваў вучэнне (актуалізм) аб павольных і бесперапынных зменах зямной паверхні пад уздзеяннем пастаянных геал. фактараў (атм. ападкі, цякучыя воды, вывяржэнне вулканаў і інш.). Актыўна падтрымліваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна.

Ч.Лаель.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНАВЕ́НКА Галіна Уладзіміраўна

(н. 18.8.1934, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералаг. навук (1989). Скончыла БДУ (1956). З 1973 у Ін-це геал. навук. Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і карысных выкапнях стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Палеотектоника Белоруссии. Мн., 1983 (у сааўт.);

Кембрий Белоруссии. Мн., 1985 (у сааўт.);

Балтийско-Приднестровская зона перикратонных опусканий. Мн., 1986;

Палеоокеан Япетус и корреляция геологических событий на западе Восточно-Европейской платформы // Літасфера. 1994. № 1.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗРУ́КАЎ Панцеляймон Кандратавіч

(15.2.1909, Масква — 1981),

савецкі геолаг. Чл.-кар. АН СССР (1968). З 1946 у Ін-це акіяналогіі АН СССР. Працы па марской геалогіі і тэорыі асадканамнажэння ў акіянах. Кіраўнік марскіх экспедыцый на н.-д. судне «Віцязь». Вывучаў донныя адклады мораў Д. Усходу, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Тв.:

Донные отложения Охотского мори // Тр. Ин-та океанологии АН СССР. 1960. Т. 32;

Зональность и неравномерность осадконакопления в океане // Проблемы современной географии. М., 1964.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ДЫЯ (Wadia) Дарашаў Ношэрван

(25.10.1893, г. Сурат, Індыя — 15.4.1969),

індыйскі геолаг. Праф. геалогіі (1907—20) у Кашміры. Прэзідэнт навук. геал. т-ва у Індыі. Скончыў Бамбейскі ун-т. Працаваў у Індыі і Шры-Ланцы. Даследаваў геал. будову паўд. схілаў і перадгор’яў Гімалаяў і Салянога Крыжа, удакладніў іх стратыграфію і тэктоніку. Аўтар капітальнай працы па геалогіі Індыі.

Тв.:

Тектоника Северной Индии // Тр. 7 сессии Междунар. геол. конгресса. М., 1939. Т. 2;

Geology of India. 3 ed. London;

New York, 1957.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРУ́САЎ Мікалай Іванавіч

(19.12.1861, Адэса — 27.4.1924),

рускі геолаг і палеантолаг, адзін з заснавальнікаў палеаэкалогіі. Акад. Пецярбургскай АН, чл.-кар. (1910). Праф. Юр’еўскага (1896) і Кіеўскага (1905) ун-таў, Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу (1912). Працаваў у Геал. к-це (Пецярбург). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі неагену Понтакаспійскага бас., тэктоніцы і палеагеаграфіі Альпійскай зоны Еўразіі, выкапнёвых рыфах, арганагенных вапняках. Даследаваў трацічныя адклады Паўн. Каўказа і Закаўказзя. Удзельнічаў у акіянаграфічных экспедыцыях на Чорным (1890) і Мармуровым (1894) морах, у заліве Кара-Багаз-Гол (1897).

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМЕРСЕ́Н Рыгор Пятровіч

(29.9 1803, Дукерсгоф, Эстонія — 3.2.1885),

рускі геолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1850). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1825), Пецярбургскі горны ін-т (1838; у 1865—72 яго дырэктар). Адзін з арганізатараў і з 1882 дырэктар Геал. к-та. Вёў геал. даследаванні на Урале, Алтаі, Сярэдняй Азіі, вывучаў Данецкі і Дамброўскі кам.-вуг. басейны, жал. руды Падмаскоўя, гразевыя вулканы і радовішчы нафты на Таманскім і Керчанскім п-вах і інш. Склаў «Генеральную карту горных фармацый Еўрапейскай Расіі» (1841). Дзямідаўская прэмія 1842.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕМІДО́ВІЧ Леанід Аляксандравіч

(н. 10.7.1937, Казань),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1981), праф. (1989). Скончыў Казанскі ун-т (1959). З 1959 у Бел. геолага-разведачным НДІ (з 1970 нам. дырэктара, у 1975—83 дырэктар). З 1983 у БДУ. Навук. працы ў галіне геалогіі, пошуку і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў. Стварыў схемы класіфікацыі парод-калектараў, стадый і этапаў літагенезу.

Тв.:

Формирование коллекторов нефтеносных комплексов Припятского прогиба. Мн., 1979. Литология и коллекгорские свойства подсолевых девонских отложений Припятского прогиба. Мн., 1980.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)