БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл. ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз. танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.
М.І.Камінскі.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,
наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.
Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.
Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).
У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.
А.С.Харэбін.
т. 3, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКА-ІВАНГАРО́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914,
абаронча-наступальная аперацыя рускіх войск Паўд.-Зах. (каманд. ген. М.І.Іваноў) і Паўн.-Зах. (ген. М.У.Рузскі) франтоў супраць герм.-аўстр. арміі 28 вер. — 8 ліст. ў 1-ю сусв. вайну.
Пасля паражэння аўстр. войск у Галіцыйскай бітве 1914 герм. камандаванне, каб абараніць Сілезію і Познань і памагчы аўстр. войскам, якія адступалі, 28 вер. пачало наступленне на Івангорад і Варшаву сіламі 1-й аўстр. і 9-й герм. армій (каманд. ген. П. фон Гіндэнбург, нач. штаба ген. Э.Людэндорф). 18 кастр. рус. войскі нанеслі па герм.-аўстрыйскіх двайны ўдар з фронту Івангорад—Сандамір 4, 5 і 9-й арміямі і ад Варшавы 2-й арміяй. У баявых дзеяннях з двух бакоў удзельнічала каля 900 тыс. чал. За 21 дзень баёў герм.-аўстр. войскі адкінуты з вял. стратамі на 120 км.
В.С.Паваліхіна.
т. 4, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну.
Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Прыбалт. фронту (створаны 10.10.1943). Дзейнічаў на паўн.-зах. напрамку. Камандуючыя: ген. арміі М.М.Папоў (кастр. 1943 — крас. 1944), ген. арміі А.І.Яроменка (крас. 1944 — люты 1945), Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў (люты—сак. 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Л.З.Мехліс (кастр.—снеж. 1943), ген.-лейт. М.А.Булганін (снеж. 1943 — крас. 1944), ген.-лейт. У.М.Багаткін (крас. 1944 — сак. 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 23.8.1944 ген.палк. Л.М.Сандалаў (кастр. 1943 — сак. 1945), ген.-палк. М.М.Папоў (сак. 1945). У яго склад увайшлі арміі: 11-я, 20-я, 22-я агульнавайск., 3-я ўдарная, 6-я і 11-я гв. і 15-я паветр.; у розны час у склад фронту ўваходзілі 42-я і 51-я агульнавайск., 1-я і 4-я ўдарныя, 10-я гв. і 14-я паветр. арміі, 5-ы танк., 3-і гв. кав. і 130-ы латышскі стралк. карпусы. У ліст. 1943 войскі левага крыла фронту ва ўзаемадзеянні з Прыбалтыйскім фронтам першым вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку. У ліп. 1944 войскі фронту правялі Рэжыцка-Дзвінскую аперацыю 1944 і прасунуліся на З да 200 км. У выніку быў прарваны гал. абарончы рубеж ворага «Пантэра», вызвалены раённыя цэнтры Беларусі: 12 ліп. Расоны і Дрыса (з 1962 Верхнядзвінск), 17 ліп. Асвея, інш. населеныя пункты. Пасля вызвалення г. Даўгаўпілс (27 ліп.) войскі фронту наступалі ўздоўж Зах. Дзвіны, удзельнічалі ў вызваленні Рыгі, у кастр. 1944 сумесна з войскамі 1-га Прыбалт. фронту блакіравалі ў Курляндыі групу армій «Поўнач» і да крас. 1945 вялі баі па яе знішчэнні. П.ф.д. расфарміраваны 1.4.1945, яго войскі перададзены ў склад Ленінградскага фронту.
М.І.Камінскі.
т. 13, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́САД (Хафез аль) (н. 7.8.1930, правінцыя Латакія, Сірыя),
сірыйскі дзярж., паліт. і ваенны дзеяч. Ген. арміі (1968). Мае вышэйшую ваен. адукацыю. Камандуючы ВПС (1964—70), адначасова з 1966 міністр абароны. У 1970—71 прэм’ер-міністр. З 1971 прэзідэнт Сірыйскай Арабскай Рэспублікі. Ген. сакратар Партыі араб. сацыяліст, адраджэння (БААС, з 1971).
т. 2, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯДЗІ́НСКІ (Пётр Паўлавіч) (1826, Смаленская губ. — 19.5.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, генерал ад кавалерыі (1878). Скончыў Пажаскі корпус (1843). Удзельнік баёў з горцамі на Каўказе, Крымскай вайны 1853—56. Займаўся ваенна-дыпламат. дзейнасцю, ажыццяўленнем ваен. рэформаў 1860—70-х г. У 1886—70 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У 1874—80 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Разглядаў мясц. памешчыкаў як сац. апору самадзяржаўя, дазволіў выданне і распаўсюджванне кніг на польск. мове, аслабіў ганенні на каталіцкую царкву ў краі. З 1880 варшаўскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Варшаўскай ваен. акругі. З 1881 чл. Дзярж. савета Расіі.
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,
дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял. Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.Іваноўскі (старшыня), Ю.Сабалеўскі (нам. старшыні), К.Гуло, С.Цытовіч, У.Козел, В.Трахімовіч, Ц.Горгенгаймер, І.Душэўскі, Булат, І.Галяк, Н.Абрамава, М.Ганько, К.Рабушка, А.Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ у Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 20.10.1943 у выніку перайменавання Цэнтральнага фронту, дзейнічаў на Гомельска-Бабруйскім напрамку. Камандуючы ген. арміі К.К.Ракасоўскі, чл. ваен. савета ген.-лейт. К.Ф.Цялегін, нач. штаба ген.-палк. М.С.Малінін. Уваходзілі арміі: 3, 10, 11, 47, 48, 50, 61, 63, 65, 69, 70, 16-я паветр. і Дняпроўская ваенная флатылія. Войскі фронту правялі Гомельска-Рэчыцкую аперацыю 1943, Калінкавіцка-Мазырскую аперацыю 1944. 17.2.1944 у сувязі са стварэннем на Ковельскім напрамку Беларускага фронту другога Беларускі фронт перайменаваны ў Беларускі фронт першы. 5.4.1944 у сувязі са скасаваннем 2-га Бел. фронту Беларускі фронт адноўлены. 16.4.1944 зноў перайменаваны ў 1-ы Бел. фронт.
М.І.Камінскі.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АСО́БАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
назва Беларускай ваеннай акругі з 11.7.1940 да пач. Вял. Айч. вайны. У акругу ўваходзілі 3, 4, 10 і 13-я арміі. Камандуючы ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, чл. Ваен. савета карпусны камісар А.Я.Фаміных, нач. штаба ген.-м. У.Я.Клімаўскіх. Штаб знаходзіўся ў Мінску. 22.6.1941 пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙСЕНГО́Ф ((Weyssenhoff) Ян) (1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),
вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.Т.Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.Г.Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.
Тв.:
Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)