Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб.глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн.м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн.м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вёска ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Калодзішчы. 2390 ж., 938 двароў (1995).
Стараж. назва паселішча Гарадок, з 19 ст.наз. Астрашыцкім ад в.Астрошыцы, б. цэнтра ўладання. У 1650 мястэчка. У 17—19 ст. існавалі Астрашыцка-Гарадоцкія замкава-палацавыя комплексы. У 1745 — 30 двароў, фальварак, пякарня, бровар, млыны і інш. У 1886 цэнтр воласці Мінскага пав., 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня. 11 крам, 4 млыны; у 1897 — 1115 ж. У 1924—31 цэнтр Астрашыцка-Гарадоцкага р-на, потым вёска ў падпарадкаванні Мінскага гарсавета, з 1935 у Мінскім раёне.
Мэблевая ф-ка, доследна-мех.з-д, рамонтна-буд. ўпраўленне. Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аддз. сувязі. Царква і капліца — помнікі архітэктуры канца 19 ст. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМКАЎ ГАРАДО́К,
вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на. За 14 км на ПнЗ ад Мінска. 171 ж., 73 двары (2001). Клуб. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл Прасвятой Тройцы (2-я пал. 19 ст.).
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. пад назвай Гарадок Саламярэцкі, уласнасць Саламярэцкіх. З 1595 у складзе маёнтка Сёмкава Мінскага пав., з 1755 уласнасць Хмараў, пры якіх пабудаваны касцёл. У 1791 у Заслаўскай парафіі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1800 у Гарадку Хмарыным 141 ж., 12 двароў, млын, корчмы, царква Раства Багародзіцы, дзе ў 1880-я г. вянчаліся бацькі М.Багдановіча. У 1861 тут 368 ж., 117 двароў, вал. ўправа, бровар, піва- і медаварні, цагельны з-д, царква, сінагога, у 1897—305 ж., 53 двары, царква, капліца, нар. вучылішча (адкрыта ў 1865), царк.-прыходская школа. У 1905—06 у маёнтку С.Г. працаваў Я.Купала, у крас.-маі 1922 — Я.Колас. У 1924—60 вёска, цэнтр сельсавета Заслаўскага р-на, з 1959 у Мінскім р-не. У Вял.Айч. вайну 27.6.1941 у ваколіцах С.Г. адбыліся жорсткія абарончыя баі.