ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),

балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар. арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.

Літ.:

Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;

Бикс Р. Н.Гяуров в големия театър на идеите. София, 1985.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),

праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш. бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎРАЎ (Мікалай Васілевіч) (1830, Масква — 16.5.1904),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл. Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-я г.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.

Літ.:

Н.В.Неврев: [Альбом]. М., 1964.

В.Д.Бабровіч.

М.Неўраў. Торг. 1866.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГУ́ТНЫ БО́ЖА»,

міжнародны фестываль духоўнай музыкі. Праводзіцца з 1993 штогод у Магілёве. Засн. па ініцыятыве Бел. каталіцкага т-ва і рымска-каталіцкай парафіі. Назва ад духоўнага гімна М.Равенскага «Магутны Божа» на вершы Н.Арсенневай, які стаў муз. эмблемай фестывалю. Мае на мэце аб’яднанне пры дапамозе музыкі прадстаўнікоў розных хрысц. канфесій, захаванне і развіццё традыцый сусв. і бел. духоўнай музыкі. У фестывалі ўдзельнічаюць прафес. і аматарскія, прыходскія хар. калектывы і вак. ансамблі розных складаў, салісты. Праводзяцца конкурсы вакалістаў, у т. л. на лепшае выкананне гімна «Авэ Марыя», канцэрты хар., вак. і арганнай музыкі і інш. У рэпертуары творы сусв. духоўнай класікі і бел. кампазітараў, у т. л. М.Шчаглова, В.Селяха-Качаноўскага, В.Панфілавай і інш. Сярод лаўрэатаў фестывалю: Дзярж. акад. нар. хор імя Г.І.Цітовіча, магілёўскі мужчынскі камерны хор «Унія», актэт «Чысты голас», камерны хор «Гродзенскай капэлы», Гомельскі дзіцячы хор правасл кафедральнага сабора Пятра і Паўла (Беларусь), Бранскі муніцыпальны акад. хор, Казанскі муніцыпальны мужчынскі хор «Кафедра» (Расія); акад. Галіцкі хор «Еўшан», салісткі Л.Дарэнская, Г.Хасцян (Украіна). Сярод чл. журы В.Роўда, Г.Каржанеўская, Л.Каспорская, В.Скорабагатаў.

С.У.Вераценнікава.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.

Літ.:

Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;

Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.І.Ермаловіч.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)