ГРЫП (франц. grippe ад gripper схопліваць),

вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.

Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я, бактэрыяльная зброя,

зброя масавага паражэння, дзеянне якой засн. на хваробатворных уласцівасцях мікраарганізмаў — узбуджальнікаў хвароб людзей, жывёл і раслін. Аснова паражальнага дзеяння біялагічнай зброі — бактэрыі, вірусы, грыбы і таксічныя прадукты іх жыццядзейнасці, якія выкарыстоўваюцца ў ваен. мэтах праз жывых заражаных пераносчыкаў захворванняў (насякомых, грызуноў і інш.) або ў выглядзе парашкоў. У якасці біялагічнай зброі могуць выкарыстоўвацца ўзбуджальнікі чумы, тулярэміі, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сапу, халеры, сыпнога тыфу, натуральнай воспы, яшчуру, іржы пшаніцы, фітафторы бульбы і інш. Хваробныя мікробы і таксіны ў сумесі з вадкімі і сухімі рэчывамі могуць распырсквацца ці распыляцца з дапамогай спец. ракет, авіяц. бомбаў і кантэйнераў, артыл. снарадаў (мін) і інш. боепрыпасаў, а таксама дыверсантамі. Высокая эфектыўнасць біялагічнай зброі — у яе малой інфіцыравальнай дозе, магчымасці скрытага выкарыстання, цяжкасці індыкацыі, выбіральнасці дзеяння, моцным псіхал. уздзеянні, вял. аб’ёме і складанасці работ па ахове людзей і ліквідацыі наступстваў. Бяспека насельніцтва дасягаецца арганізацыяй калект. і індывід. засцярогі ад біялагічнай зброі (гл. Засцярога ад зброі масавага знішчэння).

Забарона выкарыстоўваць на вайне яды вядома са старажытнасці. Афіцыйна біялагічная зброя забаронена ў Дадатку да 4-й Гаагскай канвенцыі 1907 (Законы і звычаі вайны) і ў Жэнеўскім пратаколе 1925. У 1-ю сусв. вайну Германія першая зрабіла спробу выкарыстання біялагічнай зброі (заражэнне коней узбуджальнікам сапу). Перад 2-й сусв. вайной яна разам з Японіяй вяла падрыхтоўку да выкарыстання такой зброі. У пасляваен. перыяд стварэннем біялагічнай зброі займаліся пераважна краіны з таталітарнымі рэжымамі У 1972 ААН прыняла Канвенцыю аб забароне біялагічнай зброі (набыла сілу ў 1975).

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́ са шкоднікамі і пустазеллем,

метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.​Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.​І.​Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).

На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв. біялагічнай зброі.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТКА,

элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл. Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн. ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.

А.​С.​Леанцюк.

Раслінная (А) і жывёльная (Б) клетка: 1 — клетачная сценка; 2 — хларапласт; 3 — мітахондрыі; 4 — комплекс Гольджы; 5 — вакуолі; 6 — клетачная мембрана; 7 — ядро; 8 — ядзерка; 9 — ядзерная мембрана; 10 — храмасомы; 11 — эндаплазматычны рэтыкулум; 12 — рыбасомы; 13 — цытаплазма; 14 — лізасома; 15 — цэнтрыёлі.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ, полінуклеатыды,

біяпалімеры, якія маюць у сабе фосфар і універсальна распаўсюджаны ў жывой прыродзе. Адкрыты швейц. біяхімікам І.​Ф.​Мішэрам (1868) у клетках, багатых ядзерным матэрыялам (напр., лейкацыты, сперматазоіды ласося). Лінейныя малекулы Н.к. утвораны нуклеатыдамі, а эфірныя сувязі паміж вугляводам аднаго нуклеатыду і фасфатам другога ўтвараюць іх вугляводна-фасфатны шкілет. Высокапалімерныя ланцугі Н.к. маюць ад некалькіх дзесяткаў да сотняў млн. нуклеатыдных астаткаў, іх малекулярная маса 10​5—10​10. Звычайна Н.к. маюць астаткі дэзоксі- або рыбануклеатыдаў у якасці манамераў. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць дэзоксірыбануклеінавыя кіслоты (ДНК) і рыбануклеінавыя кіслоты (РНК). Малекулы ДНК маюць 2 ланцужкі, РНК пераважна адналанцужковыя. Першасная структура Н.к. — паслядоўнасць нуклеатыдаў у неразгалінаваным полінуклеатыдным ланцужку. Спецыфічная паслядоўнасць азоцістых асноў функцыянальна значная і унікальная для кожнай Н.к., абумоўлівае вял. разнастайнасць індывід. малекул ДНК і РНК і адначасова — відавую спецыфічнасць (Н.к. кожнага віду маюць пэўны нуклеатыдны склад). Другасная структура Н.к. — прасторавае размяшчэнне нуклеатыдных звёнаў — узнікае ў выніку міжплоскасных узаемадзеянняў суседніх асноў і ў выпадку т.зв. камплементарнага спарвання вадародных сувязяў паміж процілеглымі асновамі ў паралельных ланцугах. Адрозненні ў структуры манамерных звёнаў вызначаюць розныя хім. ўласцівасці і макрамалекулярную (прасторавую) структуру абодвух тыпаў палімераў. У склад клетачных арганізмаў уваходзяць ДНК і РНК, вірусы маюць Н.к. аднаго тыпу. Біял. роля Н.к. заключаецца ў захаванні, рэалізацыі і перадачы спадчыннай інфармацыі, якая «запісана» ў паслядоўнасці нуклеатыдаў (генетычны код). Структурныя кампаненты Н.к. выконваюць функцыі каферментаў, уваходзяць у іх склад, прымаюць удзел у абмене рэчываў, акумуляванні, пераносе і трансфармацыі энергіі. Параўнальны аналіз Н.к. у розных групах арганізмаў выкарыстоўваецца ў даследаваннях па сістэматыцы і эвалюцыі (ступень падабенства ў будове Н.к. вызначае ўзровень філагенетычнай блізкасці арганізмаў). Вывучае Н.к. малекулярная генетыка і малекулярная біялогія.

Літ.:

Шабарова З.А., Богданов А.А. Химия нуклеиновых кислот и их компонентов. М., 1978;

Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ. М., 1976;

Уотсон Дж., Туз Дж., Курц Д. Рекомбинантные ДНК: Пер. с англ. М., 1986;

Зенгер В. Принципы структурной организации нуклеиновых кислот: Пер. с англ. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.​Р.​Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусывірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.​Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.​Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.​Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, С.​Райт, Ф.​Г.​Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)