КУТШЭ́БА ((Kutrzeba) Станіслаў) (15.11.1876, г. Кракаў, Польшча — 7.1.1946),
польскі гісторык. Чл. Польскай АН у Кракаве (1918). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1898), з 1908 праф. гісторыі права ў ім. У 1926—39 ген. сакратар, у 1939 прэзідэнт Польскай АН у Кракаве. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагера Заксенгаўзен (1939—40), арганізатар падп. ун-та ў Кракаве (1942). Чл.Краёвай Рады Нарадовай (1945), удзельнік міжнар. канферэнцыі ў Маскве, у выніку якой створаны Часовы ўрад нац. адзінства. Даследаваў гісторыю дзяржавы і права Польшчы і Рэчы Паспалітай. Аўтар прац: «Суды земскія і гродскія ў сярэднія вякі» (1901—02), «Нарыс гісторыі дзяржаўнага і грамадскага ладу Польшчы» (т. 1—4, 1905—17), «Старажытнае польскае судовае права» (т. 1—2, 1921), «Гісторыя крыніц старажытнага польскага права» (т. 1—2, 1925—26). Выдаў зб. дакументаў: «Акты уніі Польшчы з Літвой 1385—1791» (1932, з У.Сямковічам), «Польскія вайсковыя палажэнні і артыкулы з XV да XVIII ст.» (1937) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),
польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязеньфаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксама сатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.Арлоў.
Тв.:
Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;
Бел.пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;
Рус.пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЧЫ́НСКІ ((Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс) (23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),
польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязеньфаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, С.Дзяргай, М.Лужанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),
бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-рслав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел.к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).
Літ.:
Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРЭ́НКА (Аляксей Васілевіч) (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр.ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.Сухарава паводле «Прапановы» А.Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус.пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус.пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус.пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус.пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус.пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус.пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус.пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш.Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.
Тв.:
Рус.пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Літ.:
Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (Алесь Феафілавіч) (18.10.1906, в. Зарудзічы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.5.1934),
бел. паэт, літаратуразнавец, публіцыст. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1927), БДУ (1931). У Зах. Беларусі далучыўся да дзейнасці Бел. сялянска-работніцкай грамады. Быў вязнем (1924, 1927) віленскіх астрогаў. У 1928 нелегальна перайшоў польска-сав. мяжу, жыў у Мінску. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1924 у газ. «Жыццё беларуса», «Наша праўда», час. «Маланка» ( падпісваўся часта Лявон Чачотка), у газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя рэвалюцыі» і інш. У Мінску выдаў зб. вершаў «Лукішкі» (1929). Асн. тэмы яго творчасці — барацьба за сац. і нац. вызваленні, гал. герой — вязень-рэвалюцыянер У літ.-знаўчых («Паэзія рэвалюцыйнага падполля Заходняй Беларусі», 1931; «Мастацкая літаратура «Грамады», 1933) і публіцыст. працах (некат. з В.Таўлаем) спрабаваў вызначыць кірункі развіцця л-ры Зах. Беларусі, дапускаў сацыялаг. ацэнкі. Збіраў фальклор, нар. лексіку, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Яго «Лукішскі дзённік» часткова апубл. ў 1961.
Тв.:
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.
Літ.:
Калесніку. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ.«Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.