ДЭМА́РШ (франц. demarche літар. выступленне),

пратэст, просьба або перасцярога па якім-н. пытанні, заява ўрада ці ведамства замежных спраў адной дзяржавы іншай дзяржаве. Можа быць выказаны ў ноце, мемарандуме і інш.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮ́Т (франц. début літар. пачатак),

1) першае выступленне на якім-н. полі дзейнасці (напр., артыста на сцэне).

2) Пачатковая стадыя шахматнай, шашачнай партыі. У значэнні Д. ужываюцца тэрміны «абарона», «партыя», «гамбіт» і інш.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛБАНДЗЯ́Н (Дзмітрый Аркадзевіч) (15.9.1906, Тбілісі — 1993),

савецкі жывапісец. Нар. маст. СССР (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Тбіліскую АМ (1929). У натуралістычнай манеры пісаў карціны на рэв. і гіст. тэмы, парадныя партрэты: «Выступленне С.​М.​Кірава на 17-м з’ездзе партыі» (1935), партрэт І.​В.​Сталіна (1945, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Улада Саветам — мір народам» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951), «У.​І.​Ленін у 1919 годзе» (1957), «У.​І.​Ленін на 9-м з’ездзе партыі» (1969), «Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі» (1970—73), «Малая зямля, Новарасійск» (1975), «Выступленне Л.​І.​Брэжнева ў Хельсінкі» (1976) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (А.​Ісаакяна, 1940; «Вернатаўн», 1973—74, і інш.), пейзажаў і нацюрмортаў. Ленінская прэмія 1982.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923,

узброенае выступленне левых сіл пад кіраўніцтвам Э.Тэльмана ў г. Гамбург 23—25 касір, ў час рэв. крызісу ў Германіі. Планавалася камуністамі як сігнал да агульнагерм. паўстання, аднак апошняе не адбылося. Дрэнна ўзброеныя паўстанцы (у асноўным рабочыя) пасля барыкадных баёў разбіты сіламі парадку.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАГА ПЕРАСЫ́ЛЬНАГА ПУ́НКТА ПАЎСТА́ННЕ 1916,

найбольшае на Беларусі і Зах. фронце выступленне салдат у 1-ю сусв. вайну. Адбылося каля Гомеля пад уплывам рэв. прапаганды чл. Палескага к-та РСДРП(б) і салдат-бальшавікоў. Росту незадаволенасці садзейнічалі ваен. паражэнні, разруха ў тыле, здзекі над салдатамі. Паўстанню папярэднічалі хваляванні салдат 15 крас., 20 мая, 10 ліпеня. У адказ на арышт казака М.​Ф.​Башкіна 4.11.1916 паўстала каля 4 тыс. салдат і матросаў. Яны абяззброілі варту, вызвалілі 800 арыштаваных і знішчылі ў канцылярыі гаўптвахты ўсе абвінаваўчыя дакументы. Выкліканыя камандаваннем каравульныя роты паўстанцы сустрэлі ружэйным агнём. Аднак зброі ў паўстаўшых было мала і іх выступленне задушылі. 8.11.1916 паўстанне аднавілася: каля 200 салдат разагналі атрад паліцэйскіх, разам з перасыльнымі яны абяззброілі варту і вызвалілі арыштаваных. Да іх далучыліся яшчэ 1000 чал. Паўстанне задушылі ўзбр. сілай. 16 найб. актыўных удзельнікаў былі асуджаны, 9 з іх — да пакарання смерцю.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.​Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,

выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́МАР (ад лац. numerus лік),

1) парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных.

2) Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку.

3) Жэтон, планка, ярлык і да т.п. з адбіткам або малюнкам лічбы.

4) Размер адзення, абутку і інш. 5) Асобны пакой у гасцініцы, лазні і да т.п.

6) Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і да т.п.).

7) Баец гарматнага, кулямётнага і да т.п. разліку.

т. 11, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.​К.​Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.

В.​І.​Мялешка.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАБА́НЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—90,

узброенае выступленне супраць аўстр. панавання (з 1714) у бельг. правінцыях. Пачалася ў Брабанце пад уплывам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ходзе ваен. дзеянняў арміі бельг. валанцёраў супраць аўстр. войск і нар. паўстанняў у Бруселі і інш. гарадах (кастр.снеж. 1789) вызвалена амаль уся тэр. Бельгіі і абвешчана незалежнасць Злучаных штатаў Бельгіі (11.1.1790). Барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі, якія ўзначальвалі рэв. рух, аслабіла ўнутрыпаліт. становішча. Задушана аўстр. ўладамі ў снеж. 1790.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)