КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-тграмадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ПРЫВА́ТНАЯ РУ́СКАЯ О́ПЕРА,
оперны тэатр у Маскве ў 1885—88 і 1896—1904. Адкрыты С.Мамантавым, існаваў на яго сродкі. Меў розныя назвы: у 1885—88 Т-р Кроткава, у 1896—99 Т-р Вінтэр (па прозвішчах дырэктараў), у 1900—04 «Т-ва прыватнай оперы». На яго сцэне ўпершыню (ці ўпершыню ў Маскве) выкананы многія оперы рус. кампазітараў, у т. л. М.Рымскага-Корсакава. У т-ры дырыжыравалі С.Рахманінаў, М.Іпалітаў-Іванаў, спектаклі афармлялі мастакі В. і А.Васняцовы, М.Урубель, І.Левітан, В.Паленаў і інш. Сярод спевакоў: Н.Забела, В.Пятрова-Званцава, А.Секар-Ражанскі, А.Цвяткова, Ф.Шаляпін. Пасля закрыцця т-раасн. частка трупы перайшла ў Оперны тэатр Зіміна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел. мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЭЛРО́,
першы перспектыўны план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Савецкай Расіі на аснове электрыфікацыі. Складзены Дзярж. камісіяй па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на чале з Г.М.Кржыжаноўскім, разгледжаны VII (снеж. 1920) і зацверджаны IX (снеж. 1921) Усерас. з’ездамі Саветаў. План прадугледжваў буд-ва 30 раённых электрастанцый (20 ЦЭС і 10 ГЭС) і рэканструкцыю дзейных. Намячалася давесці сумарную гадавую выпрацоўку электраэнергіі да 8,8 млрд.кВт∙гадз (супраць 1,9 млрд.кВт∙гадз, якія выпрацоўваліся ў Расіі ў 1913). Прадугледжвалася тэхн. пераўзбраенне ўсіх галін нар. гаспадаркі на базе макс. выкарыстання электраэнергіі. На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення плана ГОЭЛРО ў 1927 пачалося буд-ваБеларускай ДРЭС. План ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў, у асноўным выкананы ў 1931 і да 1935 перавыкананы больш як у 2 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.Хадкевічам.
Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫРЫ́КСКІЯ КУРГАНЫ́,
група вял. курганоў (магілы родавых ці племянных правадыроў) ва ўрочышчы Пазырык на правым беразе р.Вял. Улаган у Рэспубліцы Алтай (Расія). Даследаваліся ў 1929, 1947—49. У П.к. выяўлены прамавугольныя ямы глыб. да 4 м і пл. каля 50 м², у якіх стаялі пахавальныя камеры (зрубы з бярвення) выш. да 2 м. Дзякуючы значнай вышыні Пазырыка, асаблівасці клімату і канструкцыі курганоў пад імі ўзнікла шматгадовая мерзлата, якая забяспечыла добрую захаванасць пахавальнага інвентару і бальзаміраваных нябожчыкаў (мужчына мангалоід, мужчына і жанчына еўрапеоіднага тыпу, мужчынскія целы пакрыты татуіроўкай). Захаваліся вырабы з дрэва, тканін, лямцу, футра і скуры, у т. л. ворсавы дыван, танюткія шарсцяныя тканіны, а таксама вышытыя кітайскія шаўковыя тканіны. Шматлікія творы мастацтва выкананы ў т.зв.звярыным стылі.
Да. арт.Пазырыкскія курганы. Наверша з дрэва. 5 ст. да н.э.