ПАРЛАМЕНЦЁР (франц. parlementaire ад parier гаварыць),
афіцыйная асоба, упаўнаважаная адным з ваюючых бакоў уступіць у перагаворы з другім бокам. Звычай пасылкі П. вядомы са старажытнасці. Прававы статус П. вызначаны Палажэннем да 4-й Гаагскай (1907) канвенцыі аб законах і звычаях сухап. вайны. П. абавязкова павінен мець адметны знак — найчасцей белы флаг. Ён і асобы, што яго суправаджаюць (трубач, гарніст або барабаншчык, перакладчык і той, хто нясе флаг), карыстаюцца правам недатыкальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗОТФІКСА́ЦЫЯ (ад азот + лац. fixatio замацаванне) біялагічная, звязванне малекулярнага азоту атмасферы ў азотзмяшчальныя злучэнні. Ажыццяўляецца азотфіксавальнымі бактэрыямі (найб. актыўныя клубеньчыкавыя). Першы стабільны прадукт у выніку азотфіксацыі — аміяк, сінтэз якога каталізуе нітрагеназа. Вызначаны структура і лакалізацыя генаў азотфіксацыі. Адыгрывае важную ролю ў прыродным кругавароце азоту, абагачэнні глебы і вадаёмаў звязаным азотам. Азотфіксавальныя мікраарганізмы ў спалучэнні (сімбіёзе) з раслінамі, напр. лубінам, гарохам, вікай, могуць абагаціць 1 га глебы на 200—500 кг азоту за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел.рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЖЫ́ЛАЎ (Валянцін Валянцінавіч) (18.5.1910, г. Люблін, Польшча — 14.6.1987),
расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад.АНСССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі фіз.-мех.ін-т (1931). Працаваў у розных НДІ, з 1945 у Ленінградскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па тэорыі пругкасці і пластычнасці, разліку абалонак і трываласці карабельных канструкцый. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны статыстычныя і дынамічныя метады разліку суднаў, вызначаны нормы іх трываласці. Ленінская прэмія 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ТВА,
1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЕРНЫ СПОРТ,
спартыўныя гонкі на буерах па лёдзе ці сушы з роўнай паверхняй. Узнік у канцы 18 — пач. 19 ст. ў ЗША. З 1875 дзейнічаюць правілы спаборніцтваў па буерным спорце, вызначаны класы буераў. У 1931 створаны Еўрап. буерны саюз. Першыя спарт. спаборніцтвы ў Расіі праведзены ў 1890 у Пецярбургу, з 1946 праходзілі чэмпіянаты СССР. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, Амерыкі, з 1964 — свету. Гонкі на буерах па лёдзе папулярныя ў ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Балтыі, Скандынавіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЫТ,
следчае або судовае дзеянне, якое заключаецца ў атрыманні ад сведкі, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага або падсуднага вуснага паказання пра вядомыя яму акалічнасці дадзенай справы. Адзін з спосабаў набыцця і замацавання доказаў судовых. Правілы Д. вызначаны працэсуальным заканадаўствам. Д. правамоцны праводзіць толькі работнікі органаў дазнання і папярэдняга следства, пракуроры і суд, а ў цывільным працэсе — таксама істцы і адказчыкі ці іх прадстаўнікі. Вынікі Д. фіксуюцца ў адпаведных следчых або суд. пратаколах, Д. можа суправаджацца аўдыё- або відэазапісам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. interpellatio перапыненне прамовы, скарга),
своеасаблівы від запытання члена парламента да ўрада пра яго агульную паліт. лінію ці дзеянні асобных міністраў. Ад звычайных запытанняў адрозніваецца тым, што патрабуе адказу асобы, да якой звернута, у вызначаны тэрмін, абмеркавання і прыняцця парламентам рэзалюцыі. Напр., у 1922—30 правам унясення І. шырока карысталіся дэпутаты пасольскіх клубаў Беларускай сялянска-рабочай грамады і «Змагання».
Літ.:
Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм 1922—1926 гг.Мн., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНАЯ ЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ,
найпрасцейшы від матэматычнай залежнасці; суадносіны віду
, дзе C1, C2, ..., Cn — лікі, з якіх хоць бы адзін не роўны нулю, а u1, u2, ..., un — матэм. аб’екты, для якіх вызначаны аперацыі складання і множання на лік. Паняцце «Л.з.» выкарыстоўваецца ў многіх раздзелах матэматыкі. Напр., Л.з. можа мець месца паміж вектарамі, паміж функцыямі ад адной ці некалькіх пераменных, паміж элементамі лінейнай прасторы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,
судовы зборнік Наўгародскай феадальнай рэспублікі 15 ст. Яе юрыд. крыніцамі былі асобныя артыкулы Рускай праўды і мясц. права больш позняга паходжання. Асобныя нормы Н.с.г. пераклікаюцца з некаторымі нормамі Пскоўскай суднай граматы і суд. парадкамі Паўн,Усх. Русі. Н.с.г. прысвечана судаводству і суд. ладу ў Вял. Ноўгарадзе. У ёй вызначаны кампетэнцыі суда архіепіскапа, пасадніка, тысяцкага, велікакняжацкага намесніка і цівуна, названы памеры суд. пошлін, разгледжаны розныя суд. казусы. Н.с.г. стала адной з крыніц Судзебніка 1497.