АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН Васіль Васілевіч

(26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),

рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.Л.Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].

Тв.:

Избр. письма. М., 1981.

Літ.:

Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;

Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Верещагин. М., 1988.

А.В.Кашкурэвіч.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.А.Чаплыгін, савецкія С.А.Хрысціяновіч, А.А.Дарадніцын, Л.І.Сядоў, ням. Л.Прандтль, Т.Маер, англ. Дж.І.Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.Я.Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)