Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),
канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай або інш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.
К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАНІ́ТЫ,
воданапоўненыя пластычныя выбуховыя рэчывы на аснове аміячнай салетры і тратылу. Цеплата выбуху каля 4,6 МДж/кг. Малаадчувальныя да мех. ўздзеяння. Выкарыстоўваюць у шахтах і рудніках, бяспечных па газе і пыле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНА́ЛЫ,
група выбуховых рэчываў; разнавіднасць аманітаў. Асн. кампаненты: аміячная салетра, нітразлучэнні, дысперсны алюміній, які рэзка павышае энергію выбуху і фугаснае дзеянне. Выкарыстоўваюцца для ўзрывання парод павышанай трываласці ў вільготных і абводненых свідравінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТРА́ЎМА
(ад бара... + траўма),
пашкоджанне органа слыху, лёгкіх, прыдатачных пазухаў носа, кішэчніка пры рэзкім перападзе атм. ціску. Найчасцей бывае ў лётчыкаў, парашутыстаў, вадалазаў, падводнікаў. Здараюцца баратраўмы ў артылерыстаў і масавыя баратраўмы ў людзей, што пацярпелі ад ядз.Выбуху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМПРАФІ́Р,
жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАГЕ́Н,
цыклатрыметылентрынітрамін, высокабрызантнае выбуховае рэчыва C3H6N6O6. Бясколерны крышт. парашок, tпл 204,5—205 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1816 кг/м³. Водаўстойлівы. Цеплата выбуху 5440 кДж/кг, скорасць дэтанацыі каля 8,4 км/с, т-ра ўзгарання каля 230 °C. Атрымліваюць уздзеяннем на уратрапін (гексаметылентэтрамін) канцэнтраванай азотнай к-ты. Выкарыстоўваюць для начынкі боепрыпасаў як кампанент прамысл. выбуховых рэчываў (скальны аманіт, тэрмаўстойлівыя выбуховыя рэчывы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ, фульмінат ртуці,
ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш.мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.
Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 1048 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбухуцэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАВЫРАТАВА́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,
галіна горнай справы, якая займаецца даследаваннямі, распрацоўкай тэхнікі і тэхналогіі, арганізацыяй работ па выратаванні людзей, ліквідацыі аварый у шахтах, рудніках і інш. горных прадпрыемствах. Найб. небяспечныя аварыі — падземныя выбухі, пажары, раптоўныя выкіды вугалю і руднічнага газу (гл.Горны ўдар), самаадвольнае абвальванне парод, прарывы ў горныя вырабаткі падземных вод і плывуноў. Горнавыратавальнай справай займаюцца спец. горнавыратавальныя часці (ГВЧ), яна кантралюецца органамі горнага надзору. Дзеянні ГВЧ па выратаванні людзей і ліквідацыі аварый падпарадкаваны агульнаму плану ліквідацыі аварыі, распрацаваным на прадпрыемстве пры ўдзеле ГВЧ.
ГВЧ ваенізаваны, іх першасная аператыўная адзінка — узвод (3—9 аддзяленняў звычайна па 7 чал.), які абслугоўвае групу блізка размешчаных шахтаў, руднікоў. ГВЧ аснашчаны спец. абсталяваннем (руднічнымі рэспіратарамі, вогнетушыцелямі, пенагенератарамі, парагазагенератарнымі ўстаноўкамі, сродкамі сувязі і інш.). Участкі, дзе ўзнік пажар, ізалююць перамычкамі; пры небяспецы выбуху вугальнага пылу выкарыстоўваюць пылавыбуховую ахову (з інертнага пылу, які ўзрываецца і перашкаджае пашырэнню выбуху). Горныя выпрацоўкі расчышчаюць ад парод і падземных плывуноў звычайнымі горнымі машынамі і механізмамі, спец. горнапраходчымі ўстаноўкамі і інш.