адклады солей кальцыю ў скуры Узнікае пры гіперкальцыяміі з прычыны выхаду кальцыю з дэпо і паніжаным выдаленні яго з арганізма, парушэнні эндакрыннай рэгуляцыі абмену кальцыю і мясц. парушэннях метабалізму ў скуры ці падскурнай клятчатцы. Найчасцей бывае ў жанчын і дзяцей груднога ўзросту. На скуры твару, ягадзіц пальцаў з’яўляюцца бязболевыя шчыльныя вузлы і бляшкі, якія размякчаюцца і раскрываюцца з выдзяленнем малочна-белай крошкападобнай масы, з утварэннем язваў, якія доўга не загойваюцца. Лячэнне хірургічнае, дыета, лячэнне язваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ АЎТААГРЭГА́ТНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1944 у г. Баранавічы як маторарамонтны з-д. У 1946 пабудаваны ліцейны і механазборачны цэхі. Рэканструяваны ў 1959—64 і ў 1986. У 1960—66 з-даўтамаб. агрэгатаў, з 1966 сучасная назва. У 1960-я г. асвоіў выпуск аўтамаб. агрэгатаў: гідраўлічных дамкратаў, рулявых механізмаў, рычажных і тэлескапічных амартызатараў да аўтамабіляў МАЗ, прыводных шківаў да трактароў «Беларусь». З 1975 у ВА«БелаўтаМАЗ». Асн. прадукцыя (1995): вузлы і дэталі да велікагрузных і запасныя часткі да легкавых аўтамабіляў, тавары шырокага ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),
запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯў дзяцей, псеўдафурункулёз,
хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),
пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.
Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭГРА́Л»,
бел. навукова-вытворчае аб’яднанне па вытв-сці і распрацоўцы электронных кампанентаў. Як аб’яднанне прадпрыемстваў электронікі дзейнічае з 1971. У яго ўваходзяць: з-ды імя Дзяржынскага, «Транзістар», «Электроніка», «Элмаш» (усе ў Мінску), «Колератрон» (Брэст), «Камертон» (Пінск); н.-д. канструктарска-тэхнал. прадпрыемства «Белмікрасістэмы», спец. канструктарскія бюро «Няміга» (Мінск) і «Захад» (Брэст). Асн. прадукцыя: інтэгральныя мікрасхемы, паўправадніковыя прыборы, вадкасна-крышт. экраны і панэлі, спец.тэхнал. абсталяванне, выліч. тэхніка, вузлы і блокі для вырабаў быт. і прамысл. электронікі, тэлеф. апараты, пластыкавыя карткі, прыстасаванні для электронных сістэм рэгістрацыі даных і безнаяўных разлікаў, мед. прылады, электронныя і мех. гадзіннікі, электронныя гульні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУЗАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі кукурузы на зерне, сілас і зялёны корм. Зразае сцёблы кукурузы, адрывае ад сцёблаў катахі і ачышчае іх ад абгорткі (або абмалочвае), здрабняе сцёблы з лісцем, выгружае катахі (зерне) і здробненую масу ў трансп. сродкі.
Самаходны К.к. — 6-радковы, забяспечвае ўборку кукурузы ў катахах або з іх абмалотам. Мае жняяркі ручаёвага тыпу, 2 зменныя рабочыя вузлы (пры абмалоце катахоў замест катахаачышчальніка манціруюць малатарню), транспарцёры і інш. Прычапны К.к. — 2-радковы, агрэгатуецца з трактарам, убірае кукурузу ў ачышчаных катахах. можа пераабсталёўвацца для ўборкі кукурузы на сілас. Для ўборкі кукурузы і інш. культур толькі на сілас выкарыстоўваюць сіласаўборачны камбайн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПРЫЁМНІК,
прылада для вылучэння, пераўтварэння і выкарыстання энергіі радыёхваль. Адрозніваюць Р. прамога ўзмацнення і супергетэрадзінныя радыёпрыёмнікі; радыёвяшчальныя і прафесійныя, пераносныя і стацыянарныя.
Радыёвяшчальныя Р. служаць для прыёму моўных, муз. і тэлевіз. праграм; прафесійныя — для работы на лініях радыёсувязі (сувязныя Р.), спец. сістэмах радыёкіравання, радыёлакацыі, радыёнавігацыі, радыётэлеметрыі і інш.Асн. элементы і вузлы Р. — частотна-селектыўныя эл. ланцугі (вагальныя контуры, эл. фільтры і інш.) для вылучэння сігналаў пэўнай радыёстанцыі, узмацняльнікі эл. ваганняў, дэтэктар, сродкі ўзнаўлення інфармацыі (напр., гучнагаварыцель, кінескоп); супергетэрадзінныя Р., акрамя таго, маюць пераўтваральнікі частаты і ўзмацняльнікі прамежкавай частаты. Р. часта канструктыўна аб’ядноўваюць з электрафонам (радыёла), магнітафонам (магнітола) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГЛІІ (ад грэч. ganglion вузел),
нервовыя вузлы, анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.