БІЯГЕ́РМ (ад бія... + грэч. herma падводная скала),
простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.
Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, страматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную або пач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім. сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗО́ЛЫ, метылфенолы,
арганічныя злучэнні, CH3C6H4OH.
Існуюць 3 ізамеры: 2-метылфенол (орта-К.; t 30,9 °C, tкіп 191 °C); 3-метылфенол (мета-К.; tпл 11 °C, tкіп 202,8 °C); 4-метылфенол (пара-К.; tпл 31,8 °C, tкіп 201,9 °C). Бясколерныя крышталі або вадкасці. Раствараюцца ў вадзе, растворах асноў, этаноле, эфіры, хлараформе, бензоле, ацэтоне. Сумесь ізамераў вылучаюць з кам.-вуг. ці сланцавай смалы, раздзяляюць дыстыляцыяй. Выкарыстоўваюць у вытв-сці крэзола-альдэгідных смол, дэзінфекцыйных сродкаў; асобныя ізамеры — у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, антыаксідантаў. К. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў, выклікаюць кан’юнктывіты. ГДК 0,1—0,5 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВО́ЎСКА-ВАЛЫ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
У Львоўскай і Валынскай абласцях Украіны; паўд.-ўсх. замыканне Люблінскага вугальнага бас. (Польшча). Пл. прамысл. вугляноснасці 3,2 тыс. км². Кам.-вуг. адклады на тэр. басейна складаюць Львоўскую мульду (магутнасць 630—1250 м); вугляносныя адклады візейскага, намюрскага і башкірскага ярусаў і тэрыгенна-карбанатныя бязвугальныя турнейскага яруса. Маюць адпаведна 1, 10 і 4 рабочыя пласты вугалю магутнасцю 0,7—1,2 м. Глыб. залягання 250—750 м. Геал. запасы вугалю 2,1 млрд. т. Вуглі маркі Д, Г, ГЖ і Ж. Цеплыня згарання каля 21,5 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1954 шахтавым спосабам. Асн. цэнтры здабычы: гарады Новавалынск, Чырванаград, Сакаль, Белз.
т. 9, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЛЯ́РЫІ (Sigillariaceae, Sigillariales),
сямейства (або парадак) выкапнёвых дрэва- і дзеразападобных раслін. Трапляюцца ў адкладах кам.-вуг. і пермскага перыядаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Былі пашыраны ў тропіках, месцамі дамінавалі ў ландшафтах.
Выш. 10—12 (да 30) м. Ствол прамы, калонападобны, неразгалінаваны або дыхатамічна разгалінаваны ўверсе. Ствол і галіны ўкрытыя правільна размешчанымі чаргаванымі лускападобнымі рубцамі ад апалага лісця. Драўніна слабаразвітая, кара магутная. Спараносныя шышкі буйныя, развіваліся на канцы ствала. Знізу ствол пераходзіў у галінастыя карані (стыгмарыі). Лісце вузкае. Ствалы С. адыгралі важную ролю ў працэсах утварэння каменнага вугалю. Па выкапнёвых рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 14, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ПЕЛ (ням. Tripel, ад назвы г. Трыпалі ў Паўн. Афрыцы),
рыхлая або слабасцэментаваная танкапорыстая лёгкая асадкавая крамяністая горная парода.
Утвораны з глабулярных цельцаў дыям. 1—2 мкм, якія складаюцца з апалавага крэменязёму (гл. Апал) і прымесей гліністага, карбанатнага рэчыва, зерняў глаўканіту, кварцу, палявога шпату. Паводле фіз.-хім. уласцівасцей аналагічны дыятаміту, але амаль без арган. рэшткаў. Колер ад белага, шараватага да бурага, чырвонага, чорнага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1,2—2,5 г/см³, порыстасць 50—70%, трываласць 30—35 кг/см². Паходжанне, магчыма, біяхімічнае. Трапляецца сярод кам.-вуг., мелавых, палеагенавых і неагенавых парод марскога паходжання. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, цеплаізаляцыйных, буд., фільтравальных, паліравальных і інш. матэрыялаў.
т. 16, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ХЕН (Aachen),
горад у ФРГ, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1-га ст. нашай эры як рымскае пасяленне Акве-Грані (пазней Аквісгранум) каля мінер. лячэбных крыніц. У канцы 8 — пач. 9 ст. — адна з рэзідэнцый Карла Вялікага. 239 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр кам.-вуг. басейна. Машынабудаванне (у т. л. цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), тэкст. (шарсцяная), хім., шкляная, харч. прам-сць. Бальнеалагічны курорт. Гарачыя тэрмальныя крыніцы (да 75 °C) мінер. водаў вядомы яшчэ з дарымскіх часоў. Адраджэнне і росквіт курорта прыпадаюць на 17—19 ст. Мінер. воды эфектыўныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і перыферычнай нерв. сістэм, суставаў, скуры. Арх.-гіст. помнікі 8—16 ст. Тэхн. ун-т. Музеі. Цэнтр міжнар. турызму.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАСЛА́ЎСКІ (Świętosławski) Войцех Алаізій (3.7.1881, в. Кірыёўка Жытомірскай вобл., Украіна — 29.4.1968),
польскі фізікахімік, заснавальнік школы тэрмахімікаў. Чл. Польскай АН (1952). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1906). З 1910 у Маскоўскім ун-це. З 1918 у Польшчы: праф. Варшаўскага політэхн. ін-та (1918—39, 1946—51) і Варшаўскага ун-та (1918—29, 1947—60). У 1935—39 міністр вышэйшай адукацыі Польшчы. У 1940—46 у ЗША. У 1955—61 дырэктар Ін-та фіз. хіміі Польскай АН. У 1928—32 і 1934—40 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі. Навук. працы па тэрмахіміі арган. злучэнняў, тэорыі працэсаў каксавання і перапрацоўкі кам.-вуг. смалы. Распрацаваў шэраг каларыметрычных метадаў. Сканструяваў адыябатычны каларыметр (1913), эбуліяметр для хуткага вызначэння малекулярнай масы (эбуліяметр С.; 1924).
т. 14, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы серы, злучаныя з атамамі вугляроду непасрэдна або праз гетэраатамы, найчасцей атамы кіслароду і азоту. Да С.з. адносяцца тыолы (меркаптаны), сульфакіслоты, сульфіды арганічныя, сульфаты арганічныя, сульфоніевыя злучэнні (гл. Оніевыя злучэнні) і інш., а таксама гетэраараматычныя злучэнні, найважн. з іх — тыяфен і тыазол. Разнастайнасць С.з. абумоўлена спецыфічнымі ўласцівасцямі серы, якая з’яўляецца адным з асн. арганагенаў. С.з. пашыраны ў прыродзе: амінакіслоты — цыстэін, цысцін і метыянін, вітаміны — тыямін, біяцын, ліпоевая кіслата, ёсць у высокасярністай нафце, кам.-вуг. і сланцавых смолах, прыродным газе некат. радовішчаў. Выкарыстоўваюць у прам-сці як фарбавальнікі, экстрагенты, манамеры, антыаксіданты, растваральнікі і інш., многія прыродныя і сінт. як лек. прэпараты (напр., антыбіётыкі пеніцылін і цэфаласпарын, сульфаніламідныя прэпараты). Я.Г.Міляшкевіч.
т. 14, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЖА, тэхнічны вуглярод,
высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.
Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.
Літ.:
Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;
Сюняев З.И. Нефтяной углерод. М., 1980.
т. 14, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)