КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),

нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a​2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a​1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Лель («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Саўка («Марынка» Р.​Пукста).

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХО́МЕНКА (Вольга Міхайлаўна) (н. 7.4.1928, Кіеў),

украінская скрыпачка, педагог. Засл. арг. Украіны (1960). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас Д.Ойстраха). У 1953—82 салістка Кіеўскай філармоніі. Выкладала ў Кіеўскай (з 1977 праф.) і Бел. (1982—90, да 1988 заг. кафедры) кансерваторыях. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Г.​Вяняўскага (Познань, 1952), імя М.​Лонг — Ж.​Цібо (Парыж, 1955), імя В.​А.​Моцарта (Зальцбург, 1956). З 1989 жыве за мяжой.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́ЎСКАЯ (сапр. Шульц) Вольга Мікалаеўна

(21.7.1898, Масква — 31.3.1975),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1948). З 1924 у трупе МХАТа. Выконвала пераважна камедыйныя ролі, вызначалася ўменнем ствараць складаныя характары. Сярод лепшых роляў: Сюзанна («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ), лэдзі Тызл («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Здымалася на бел. кінастудыі ў фільмах «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВА (Вольга Васілеўна) (н. 25.5.1925, Мінск),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыла БДУ (1948), з 1951 выкладае ў ім. Даследуе творчасць Я.​Коласа (стылістычныя асаблівасці, вобразы народа і інтэлігенцыі, прыёмы і сродкі тыпізацыі ў трылогіі «На ростанях»), праблемы адлюстравання Вял. Айч. вайны ў творчасці Я.​Купалы, М.​Лынькова, Я.​Брыля (увасабленне гераічнага і трагічнага). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981).

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСА́ДА (Вольга Анатолеўна) (н. 20.1.1953, Мінск),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1999). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1976), з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па імуналогіі запаленчых працэсаў жан. палавых органаў, гомеапатычных метадах лячэння ў акушэрстве і гінекалогіі, этыяпатагенезе і лячэнні генітальнага эндаметрыёзу.

Тв.:

Гомеопатическое лечение акушерских и гинекологических нарушений: Справ. Мн., 1998;

Клинико-статистический анализ заболеваемости эндометриозом в Минске // Здравоохранение. 1998. № 2.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАХО́Д (Вольга Раманаўна) (12.7.1915, г.п. Брагін Гомельскай вобл. — 25.6.1994),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1971), праф. (1972). Скончыла БДУ (1939), дзе і працавала да 1986. Навук. працы па даследаванні малекулярнай, іонаабменнай і ліганднай сорбцыі арган. злучэнняў на іанітах. Прапанавала метады храматаграфічнага раздзялення блізкіх уласцівасцямі злучэнняў і экстракцыйна-фотаметрычнага вызначэння малібдэну і тытану ў сплавах і мінералах з дапамогай амінааксіфуранону.

Тв.:

Химический анализ: Основы методов концентрирования и разделения веществ Мн., 1980.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́НА (сцэн. псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар. арт. Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел. тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял. сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.​Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.​Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел. т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.

Літ.:

Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;

Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.

В.У.Галіна. Партрэт мастака Л.​Рана. 1960.

т. 4, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 24.12.1958, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1978). У ранняй творчасці сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці (серыя з 9 работ «Успамін пра Русь», 1989—90). У творах «Збіральнікі галля» (1994), «Збіральнікі камення» (1995), «Малітва» (1997) і інш. асацыятыўна-філас. трактоўка вобразаў, увасобленая праз нюансавы колеравы лад. Працуе таксама ў плакаце («Не парушаць экалагічную раўнавагу!», «У што веру?»).

А.​І.​Атраховіч.

В.Даманава. Работа з серыі «Успаміны пра Русь». 1989—90.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЖАЕ́ЎСКАЯ (Вольга Іванаўна) (12.11.1904, в. Бязуеў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1981),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-р біял. н. (1974). Скончыла БДУ (1931). З 1949 у Ін-це біялогіі, Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі. Навук. працы па фауне, экалогіі, марфалогіі лускакрылых насякомых (совак) і нематод — шкоднікаў с.-г. культур.

Тв.:

Нематоды главнейшых полевых культур БССР. Мн., 1953;

Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976 (разам з А.​М.​Літвінавай, Р.​У.​Малчанавай).

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)