прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г.п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВАН (Sullivan),
адно з буйнейшых калчадана-поліметалічных радовішчаў свету ў Канадзе (прав.Брыт. Калумбія, каля г. Кімберлі). Адкрыта ў 1892, распрацоўваецца з 1900. Агульныя запасы 44 млн.т руды, з сярэднім утрыманнем волава 4,4%, цынку 6,1%, серабра 35 г/т. Руды пірацінавыя масіўныя і пірацін-сфалерыт-галеніт-пірытавыя палосчатыя. Паклады пластавыя ў верхнепратэразойскай дыслацыраванай тоўшчы метамарфізаваных парод. Здабыча падземным спосабам, спадарожна здабываюцца медзь, золата, свінец, кадмій, стыбій і сера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬТЫ́ЛЬЁ (Saltillo),
горад на ПнУ Мексікі. Адм. ц. штата Кааўіла. Засн. ў 1575 іспанцамі. Каля 500 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна здабычы волава і серабра. Прам-сць: каляровая металургія, цяжкое і с.-г. машынабудаванне, хім., тэкст., шарсцяная (выраб пледаў-сарапе), харчовая. Злучаны трубаправодамі з раёнамі нафтагазавай прам-сці на ўзбярэжжы Мексіканскага зал. 2 ун-ты, у т. л. Міжамерыканскі. Арх. помнікі 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНУАЛ (Cornwall),
паўвостраў на ПдЗ Вялікабрытаніі. Даўж. каля 150 км, шыр. 80 км. Абмываецца прал. Ла-Манш і Брыстольскім залівам. Берагі пераважна скалістыя, невысокія, моцна парэзаныя неглыбокімі залівамі. Пераважаюць пласкагор’і выш. да 621 м (Дартмур) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. Радовішчы волава і медзі. Клімат умераны, акіянічны. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк. Шыракалістыя лясы (дуб, бук), верасоўнікі, тарфянікі. Жывёлагадоўля. Агародніцтва, кветкаводства. Зімовыя курорты. Порт Плімут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,
мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОС (Jos),
плато ў Зах. Афрыцы, паміж рэкамі Нігер і Бенуэ, у цэнтр. ч.
Нігерыі. Сярэднія выш. 1200—1400 м, найб. 1735 м (г. Шарэ). Паверхня слабахвалістая; ізалявана ўзвышаюцца гранітныя пікі, плоскавяршынныя ўзгоркі і конусы патухлых вулканаў. Складзена з дакембрыйскіх гнейсаў, сланцаў, кварцытаў, даламітаў, магматытаў, гранітаў. Клімат экватарыяльны мусонны; ападкаў больш за 1500 мм за год. Расліннасць — другасная высакатраўная саванна. Горна-рудны раён Нігерыі. Агульныя запасы волава 280 тыс.т. Буйнейшыя ў свеце радовішчы ніобію. Распрацоўваюцца танталавыя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Т, ніабіт,
мінерал падкласа складаных аксідаў (Fe, Mn)Nb2O6, крайні чл. ізаморфнага раду К. — танталіт (Fe, Mn)Ta2O6. Змяшчае Nb2O5 да 80% і 20% FeO, прымесі тытану, волава, урану, вальфраму і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, пласціністыя, прызматычныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер чорны, буравата-чорны. Бляск металападобны. Цв. 6. Шчыльн. 5,2—6 г/см³. Радыеактыўны. Трапляецца ў магматычных пародах, пегматытавых жылах і ў россыпах. Радовішчы ў Нігерыі, Бразіліі, ЗША, Аўстраліі і інш. Руда ніобію.