АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО

(Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),

італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.

Літ.:

Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬТДОРФЕР (Altdorfer) Альбрэхт

(каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНО́Н (Agnon; сапр. Чачкес) Шмуэль Іосеф

(17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),

ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.

Ш.І.Агнон.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЛА́МАЎ Канстанцін Аляксандравіч

(23.5.1848, С.-Пецярбург — 15.8.1915),

рускі акцёр. Сын А.Я.Варламава. На сцэне з 1867, з 1875 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Камедыйны акцёр-імправізатар, спалучаў традыцыі буфанады з псіхал. распрацоўкай вобразаў. Меў багаты па дыяпазоне голас. Сыграў каля 1000 роляў, большасць у вадэвілях. З класічнага рэпертуару: Варавін, Мурамскі («Справа», «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп, Яічніца («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Бальшакоў, Кураслепаў («Свае людзі — паладзім», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера). Варламава называлі «царом рус. смеху».

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЛО́ (Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ

(Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),

французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Опасные связи. М.; Л., 1965.

А.В.Хадановіч.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІНАГЕ́НАЎ Аляксандр Мікалаевіч

(4.4.1904, г. Скопін Разанскай вобл., Расія — 29.10.1941),

рускі драматург. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1924). Для ранніх твораў характэрны меладраматызм, спрошчанасць і схематызм вобразаў. Вастрынёй праблематыкі, глыбінёй псіхал. аналізу вызначаюцца п’есы, створаныя ў 1920—30-я г. («Дзівак», «Страх», «Далёкае», «Салют, Іспанія!» і інш.). Развіваў жанр сац.-псіхал. драмы і лірычнай камедыі. Яго стыль адметны спалучэннем публіцыстычнасці і лірызму. У п’есах «Маці сваіх дзяцей» (паст. 1939), «Машачка» і «Напярэдадні» (паст. 1941) сац.-філас. і маральна-этычныя праблемы.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАГУ́РАЎ Эдуард Аляксеевіч

(н. 27.11.1947, г. Бабруйск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працуе пераважна ў жанрах тэматычнай карціны і партрэта. Работы адметныя псіхал. выразнасцю вобразаў, кампазіцыйным майстэрствам, дакладнасцю малюнка. Асн. творы: «Асенні крос» (1975), «Пачатак вясны» (1976), «Дзеці вайны», «Партрэт бацькоў» (абодва 1978), «Сямейны партрэт», «Вяртанне» (абодва 1980), «Хірургі. Аперацыя», «Красавіцкія інтэрв’ю» (абодва 1981), «Дыялог» (1982), «Трансфармацыя» (1988), «Час цішыні» (1991), «І была раніца» (1992), «Памяць бацькі» (1993), «Падзеі на фоне ранішняга пейзажу» (1994), «Залаты яблык» (1995) і інш.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ Ганна Браніславаўна

(5.12.1908, Масква — 13.11.1986),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла курсы «Кіно-Поўнач» у Ленінградзе (1929). Сцэн. дзейнасць пачала ў тэатрах Масквы. З 1937 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драм. вобразаў. Сярод лепшых роляў: Ларыса і Агудалава («Беспасажніца» А.Астроўскага), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі), Ганерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра), цётухна Руца («Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ), Надзея Пятроўна («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.Петрашкевіча). Аўтар успамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).

Г.Б.Абуховіч.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ Віталь Анатолевіч

(н. 17.11.1957, г. Сінельнікава, Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Днепрапятроўскае маст. вучылішча (1977), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1990). Выкладае ў Бел. АМ (з 1990). Сярод твораў: «Дарога на Крывічы» (1987), «Хутар» (1989), дыптых «Алегорыя сну» (1990), «Дзяўчына з папугаем» (1992), «Сівы дзьмухавец» (1993), «Прывідны звон», «Царства ціхіх гукаў» (абедзве 1994), «Блакітная птушка» (1996) і інш. Своеасаблівая колеравая гама, экспрэсія, фактурная плоскаснасць палотнаў сведчаць пра пошукі дакладнай псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў.

Літ.:

Русские ботаники: Биографо-библиогр. словарь. Т. 2. М., 1947.

Л.Ф.Салавей.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОН (John) Агастэс Эдвін

(4.1.1878, г. Тэнбі, Вялікабрытанія — 31.10.1961),

англійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Слэйда ў Лондане (1894—98). З 1903 член «Новага англійскага мастацкага клуба». Прэзідэнт Каралеўскага т-ва жывапісцаў-партрэтыстаў (1948—53). Буйны майстар рэаліст. партрэта (Б.Шоу, каля 1913—14; Т.Гардзі, 1923, і інш.), аўтар жанравых карцін («Жанчына, якая ўсміхаецца», 1910; «Жабракі», каля 1912—14, і інш.), а таксама дэкар. кампазіцый, афортаў і літагравюр. Творам Дж. ўласцівы глыбокая характарнасць і псіхал. насычанасць вобразаў, упэўненая тэмпераментная манера пісьма.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)