ГАРО́БЧАНКА (Тамара Яўгенаўна) (н. 22.7.1942, г.Ветка Гомельскай вобл.),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.Бандарчык, Г.Маркінай, В.Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.
Тв.:
Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;
Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г.Ветка Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял.Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).
Літ.:
А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ШЫН (Валерый Іванавіч) (н. 12.8.1939, г.Ветка Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961), дзе і працаваў. З 1974 у аддзеле навукі і навуч. устаноў ЦККПБ. З 1990 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў. З 1994 нач. упраўлення Дзярж.к-та па навуцы і тэхналогіях Беларусі. З 2000 нам. дырэктара Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па фіз. матэрыялазнаўстве, паўправадніковым прыладабудаванні. Распрацаваў тэарэт. асновы фізікі гальвана- і тэнзарэзістыўных працэсаў у паўметалах і сплавах на іх аснове.
Тв.:
Устройства автоматики и робототехники на эффекте Холла. Мн., 1991 (разам з В.Р.Шапялевічам, В.А.Ермаловічам);
Основы фононных и электронных процессов в кристаллах. Гомель. 1999 (разам з В.М.Драко, В.Р.Шапялевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г.Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТНІКАЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 15.1.1935, г.Ветка Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1968). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1958), у 1969—72 выкладаў у ім. У 1961—69 і з 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1977 адначасова выкладае ў Бел.АМ. Даследуе гісторыю бел. сучаснага кіно, эстэтыку маст. вобраза і псіхалогію кінатворчасці. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Жыццё на сцэне» (1964, з У.Няфёдам), «Абавязак памяці» (1983).
Тв.:
История белорусского кино. (Ч. 1—2). Мн., 1969—70 (у сааўт.);
На экране — Великая Отечественная // Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Основы киноискусства. 2 изд. Мн., 1985 (разам з В.Ф.Нячай);
Современная белорусская литература и кино // Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПнЗ Гомельскай вобл. Утвораны 28.6.1939. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 21,3 тыс.чал. (1995); сярэдняя шчыльнасць 15 чал./км²; гарадскога 15,3%. Цэнтр — г.п.Акцябрскі, 77 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Валосавіцкі, Ламавіцкі, Любанскі, Ляскавіцкі, Парэцкі, Пратасаўскі, Чырвонаслабодскі.
Знаходзіцца ў паўн.-ўсх.ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна, месцамі дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць выш. 130—140 м над узр. м., найвыш. пункт 176,4 м. Карысныя выкапні: нафта (Азямлінскае і ч. Вішанскага радовішча), торф (больш за 50 радовішчаў), гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 195 дзён. Рэкі: Пціч з прытокамі Арэса і Нератоўка, Трэмля з прытокам Ветка; Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал (левы прыток Арэсы). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,5 км/км². Глебы пераважна тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Лясы (55% тэр.) хваёвыя і хваёва-шыракалістыя, трапляюцца драбналістыя і дубова-грабавыя. Агульная пл. балот 14 тыс.га. Акцябрскі фауністычны заказнік, заказнік-журавіннік Бабінец.
У эканоміцы раёна гал. роля належыць сельскай гаспадарцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 46,2 тыс.га (33% тэр.), з іх асушаных 29,1 тыс.га. Асн. галіна — жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя, бульбу, кармавыя культуры; з тэхн. — лён-даўгунец. У раёне прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла, спірту), дрэваапр. (лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса), здабыўной (нафта і торф, сапрапелі) прам-сці; раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». На 1.1.1995 было 8 калгасаў і 6 саўгасаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг.ветка Жлобін—Рабкор, аўтадарогі Глуск—Азарычы, Парычы—Капаткевічы. На 1995 у раёне 15 базавых і сярэднеагульнаадук. школ, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, 16 дашкольных, 20 клубных і 25 бібліятэчных устаноў, 3 бальнічныя ўстановы, зоны адпачынку (часткова) Арэса і Пціч. Музей нар. славы. Помнік архітэктуры 19 ст. — брама, помнік сядзібна-паркавага мастацтва — парк канца 19 ст. ў в. Харомцы. Помнік «Беларусь партызанская» ў в. Слабодка. Раённая газ. «Чырвоны Кастрычнік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.
Засн. ў 1978 у г.Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.Р.Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс.асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.Мсціслаўца, 1575, кнігі В.Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.Рагаткіна (іканапіс), М.Свяшчэннікава (чаканка), М.Смірновай (шыццё бісерам), К.Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.
С.І.Лявонцьева.
Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,
наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял.Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.
Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд.ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер.ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.
Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).
У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл.Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял.Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн.чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар.буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.
Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл.Драўлянае дойлідства). Да 3 ст.асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц.буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.
На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл.Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб.стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж.столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;
Да арт.Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г.Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г.Ветка Гомельскай вобл.