МАРХА́,

рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер.пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЛЯ,

багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас. с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТ,

рака на Украіне, часткова служыць мяжой паміж Малдовай і Румыніяй, левы прыток р. Дунай. Даўж. 967 км, пл. басейна 27,5 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Чарнагора (Усх. Карпаты). Да г. Чарнаўцы цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, ніжэй даліна расшыраецца (да 10 км каля г. Леова). Рэчышча звілістае, месцамі парожыстае. Веснавое разводдзе, частыя летне-асеннія паводкі, павышаны зімовы сцёк (ад адліг і дажджоў). Сярэдні расход вады каля г. Леова 69,2 м³/с. Вадасх. Касцешць-Стынка. Суднаходны да г. Леова. На П. гарады Ярэмча, Каламыя, Снятын, Чарнаўцы, Наваселіца (Украіна), Унгень, Леова (Малдова).

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙМС, Джэмс (James),

назва 2 рэк у ЗША. 1) Рака ў штаце Віргінія. Даўж. каля 550 км, пл. бас. 25,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, перасякае хр. Блу-Рыдж (у цясніне Жалезныя Вароты), плато Підмант, на ўступе якога ўтварае вадаспады, цячэ па Прыатлантычнай нізіне, упадае ў Чэсапікскі заліў Атлантычнага ак. Сярэдні расход вады каля г. Рычманд 210 м³/с. Да гэтага горада рака суднаходная. У вусці — марскі порт Норфалк.

2) Рака ў штатах Паўн. і Паўд. Дакота, левы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1140 км, пл. бас. 57,2 тыс. км². Пачынаецца на плато Місуры, цячэ па шырокай даліне паралельна ўсх. ўступу Вял. раўнін. Кароткачасовае веснавое разводдзе. Высокія летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКА́ННЕ ВЯСНЫ́,

старажытны язычніцкі абрад; першае па часе веснавое свята беларусаў. У асобных месцах пачыналася 1 сакавіка с. ст. (на хрысц. свята Аўдакею), усюды — з 25 сакавіка (на Дабравешчанне). Удзельнікі абраду выходзілі на высокае месца — пагорак, бераг ракі, дзе звычайна збіралася моладзь — раскладалі вогнішча (на Магілёўшчыне палілі ўсякае смецце — ачышчалі зямлю, на Гомельшчыне запаленае кола на плыце пускалі па рацэ — водгалас культу сонца), спявалі вяснянкі, вадзілі карагоды, якія выконвалі магічную функцыю («дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць»). Сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба захаваліся ў печыве, якое рабілі ў выглядзе птушак (гл. Галёпы). Паступова абрад гукання вясны ператварыўся ў прыгожае свята, забаву моладзі і ў такім выглядзе дайшоў да нашых дзён.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 5, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІШЫ́М,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл. бас. 177 тыс. км². Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м³/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАЎНІЦА,

радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш. Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СА,

рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 183 км. Пл. вадазбору 6420 км². Выцякае з воз. Дрысы, цячэ на паўн. ч. Полацкай нізіны, праз азёры Астраўцы, Сіньша і Буза, вусце ў межах г. Верхнядзвінск. Асн. прытокі: Нешчарда, Нішча, Свольна (справа), Шчаперня і Дахнарка (злева). Даліна трапецападобная, месцамі скрынкападобная, ніжэй вусця р. Нішча на асобных участках невыразная, шыр. 200—500 м, у нізоўі — 1,5 км. Пойма нярэдка забалочаная, шыр. 100—500 м. Рэчышча звілістае, шыр. 25—45 м. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак., доўжыцца каля 60 сут. Летне-асенняя межань каля 140 сут. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сак.пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 45,6 м³/с. На рацэ г. Верхнядзвінск.

Рака Дрыса каля вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац. нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.

У.У.Гіль-Радзіёнаў.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),

рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс. км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял. Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)