ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе эл. поле ў рэчыве; тое, што электрычная індукцыя.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,

1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай E = dΦ dS , дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла E = ( I cosα / r2 ) , дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІ — люкс.

2) Асветленасць энергетычная — фіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ДО́ЗА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

фізічная велічыня, якая вызначаецца па іанізацыі паветра дадзеным іанізавальным выпрамяненнем. Гл. ў арт. Дозы выпрамянення.

т. 18, кн. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТУ́ДА ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ (ад лац. magnitudo велічыня),

умоўная велічыня, якая характарызуе колькасць энергіі, што выдзелілася ў ачагу землетрасення. Прапарцыянальная лагарыфму адносін макс. амплітуды зрушэння глебы да адпаведнага перыяду сейсмічнай хвалі, запісанай сейсмографам на адлегласці 100 км ад эпіцэнтра землетрасення. Максімальная М.з. каля 9, што адпавядае энергіі 10​19 Дж. Паміж магнітудай і інтэнсіўнасцю (вымяраецца па 12-бальнай шкале) землетрасенняў існуюць суадносіны па функцыі адлегласці ад эпіцэнтра і глыбіні гіпацэнтра землетрасення. На Беларусі адчуваюцца землетрасенні (амаль у 5 балаў), якія адбываюцца пад гарамі Уранча ў Румыніі (макс. магчымая магнітуда каля 7,5).

Г.​І.​Каратаеў.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІСК,

фізічная велічыня, што характарызуе напружаны стан суцэльнага асяроддзя або інтэнсіўнасць нармальных (перпендыкулярных да паверхні сіл), з якімі адно цела дзейнічае на паверхню другога; адзін з асн. параметраў стану вадкасці і газу.

Пры раўнамерным размеркаванні нармальнай сілы F на паверхні Ц. p на любую частку паверхні роўны p = F/S, дзе S — плошча гэтай часткі; пры нераўнамерным размеркаванні велічыня F/S вызначае сярэдні Ц. на дадзеную плошчу. Рознасць Ц. вымяраюць манометрамі, абс. (у прыватнасці атм.) — барометрамі, хуткапераменлівы — разнастайнымі эл. датчыкамі. Адзінка Ц. ў СІ — паскаль, пазасістэмныя адзінкі — міліметр вадзянога слупа і міліметр ртутнага слупа.

т. 17, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВІВАЛЕ́НТНАЯ ДО́ЗА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

фізічная велічыня, уведзеная для вызначэння радыяцыйнай небяспекі хранічнага абпрамянення іанізавальным выпрамяненнем адвольнага саставу. Гл. ў арт. Дозы выпрамянення.

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬКАСЦЬ РЭ́ЧЫВА,

фізічная велічыня, якая вызначаецца лікам структурных элементаў (атамаў, малекул, іонаў і інш. часціц або спецыфікаваных груп часціц). Адзінка К.р. ў СІ — моль.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́МАНТ СІ́ЛЫ,

фізічная велічыня, якая характарызуе вярчальны эфект сілы пры ўздзеянні яе на цвёрдае цела; адно з асн. паняццяў механікі.

Адрозніваюць М.с. адносна цэнтра (полюса) і адносна восі. М.с. адносна цэнтра O выражаецца вектарным здабыткам M→ = r→ × F→ , дзе r→ — радыус-вектар, праведзены з цэнтра O у пункт прыкладання сілы F→. М.с. адносна восі z — скалярная велічыня, роўная праекцыі на z вектара M→, вызначанага адносна любога пункта восі z. Калі сістэма сіл мае раўнадзейную, яе момант адносна полюса роўны геам. суме момантаў складальных сіл, адносна восі — алг. суме адпаведных праекцый момантаў гэтых сіл. Адзінка М.с. ў СІ — ньютан-метр. Гл. таксама Вярчальны момант, Вярчальны рух.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́МЕТР (ад грэч. parametros які адмервае, супастаўляе) у матэматыцы, велічыня, значэнні якой служаць для адрознення элементаў якога-н. мноства адзін ад аднаго. Напр., у дэкартавых каардынатах ураўненне (x − a)​2 + (y − b)​2 = 1 вызначае ўсе акружнасці адзінкавага радыуса з цэнтрам у пункце (a,b). Калі надаць, напр., значэнні a = 3 і b = 4, то будзе выдзелена пэўная акружнасць з зададзенага мноства, г.зн. лікі a і b з’яўляюцца П. разгляданага мноства. П. наз. таксама дапаможная пераменная велічыня, якая ўводзіцца для параметрычнага прадстаўлення функцый. Напр., эліпс x​2/4 + y​2/9 = 1 задаецца таксама параметрычным ураўненнем x = 2cost, y = 3sint, дзе 0 ≤ t ≤ 2.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕ́РТНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, якая характарызуе дынамічныя ўласцівасці цела. Уваходзіць у другі закон Ньютана і з’яўляецца мерай інертнасці цела. Роўная гравітацыйнай масе. Гл. таксама Маса, Ньютана законы механікі.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)