АМА́НІ,

назва залатых манет Афганістана, якія выпускаліся ад эпохі феадалізму да 1925 (вартасць 5, 2, 1 і ​1/2 амані). Агульная маса 4,6 г, чыстага золата 4,1 г. Складала 30 рупій.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,

галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.

Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.

У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМЕ́ДЫУМ (лац. remedium сродак супраць чаго-н.),

дазволенае законам адхіленне вагі і пробы манеты ад устаноўленай нормы. Р. прадухіляў псаванне паўнацэнных манет і магчымасць абарачэння манет, у якіх фактычная залатая вартасць адхілялася ад законнай нормы.

т. 14, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ДАХО́Д,

вартасць, нанава створаная за пэўны перыяд часу (звычайна год) нац. эканомікай (галіной); частка валавога ўнутранага прадукту, якая застаецца за вылікам матэрыяльных затрат, зрасходаваных на яго вытв-сць. Н.д. адлюстроўвае ўвесь аб’ём чыстай прадукцыі, створанай у краіне.

т. 11, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ТЫКА (ад грэч. kritikē майстэрства разбіраць, судзіць),

1) абмеркаванне, разбор каго-н. ці чаго-н. з мэтай ацаніць вартасць, выявіць і выправіць недахопы. Напр., Літаратурная крытыка, Тэатральная крытыка.

2) Даследаванне, навук. праверка правільнасці, дакладнасці чаго-н. Напр., К. гіст. крыніц.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКАВА́НАЯ ПРА́ЦА,

складаная праца, праца, якая патрабуе спец. падрыхтоўкі, наяўнасці ў работніка навыку, умення і ведаў для выканання пэўных відаў работ. Стварае за адзінку часу большую вартасць, чым некваліфікаваная (простая) праца. У адпаведнасці з гэтым К.п. аплачваецца вышэй, чым некваліфікаваная. Гл. таксама Заработная плата, Праца.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКВІ́ДНАСЦЬ БА́НКАЎСКАЯ,

здольнасць банка задаволіць патрэбнасць у наяўных сродках для своечасовага і поўнага выканання сваіх абавязацельстваў. Забяспечвае лёгкасць рэалізацыі, продаж, ператварэнне матэрыяльных каштоўнасцей у грашовыя сродкі. Дае магчымасць банку ператварыць свае актывы, захоўваючы нязменнай іх намінальную вартасць, у сродкі аплаты і (або) набыць сродкі на біржавых таргах.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВЫЯ ЗНА́КІ,

знакі вартасці, заканадаўча прызнаныя ў якасці афіц. разліковага і плацежнага сродку, якія выпускаюцца ў абарачэнне цэнтр. банкам або казначэйствам дзяржавы. У выглядзе грашовых знакаў выступаюць банкаўскія і казначэйскія білеты, разменныя манеты. Намінальная вартасць грашовых знакаў выяўляецца ў нац. грашовай адзінцы і значна перавышае выдаткі іх эмісіі.

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТА́К,

1) на Беларусі ў апошняй чвэрці 16 ст. назва паўгроша літоўскага, парытэтнага 5 пенязям; у апошняй чвэрці 17 ст. назва траяка 1570—1620-х г., (вартасць 5 грошаў у медных шэлегах — барацінках).

2) Папулярная назва манеты вартасцю ў 5 капеек на тэр. Беларусі, Украіны, Расіі і інш. з 18 ст.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)