хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),
He, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў 4He (99,999862%) і 3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.Жансэнам і Н.Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27∙10−4% па аб’ёме (4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры 4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім 4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі 3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКІЯ ЎГНАЕ́ННІ,
водныя растворы ці суспензіі мінер. і некаторых арган. угнаенняў. Найб. пашыраны азотныя і комплексныя вадкія ўгнаенні. Азотныя вадкія ўгнаенні: вадкі (бязводны) аміяк; аміячная вада; аміякаты і плавы (растворы аміячнай салетры і мачавіны); вуглеаміякаты. Выкарыстанне ўскладняецца неабходнасцю перавозкі і захоўвання ў герметычных (ціск да 1,9 МПа) умовах. У Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытв. аб’яднанні «Азот». Комплексныя вадкія ўгнаенні акрамя азоту маюць фосфар, калій, мікраэлементы. Колькасць пажыўных рэчываў 27—30%, у суспензіраваных — 45—54%. Найб. перспектыўныя азотна-фосфарныя вадкія ўгнаенні (растворы фасфатаў амонію): маюць нізкую т-ру крышталізацыі (-18 °C), доўга захоўваюць свае фіз.-хім. ўласцівасці, аснова для вытв-сці інш. комплексных вадкіх угнаенняў. Прыдатныя для ўсіх с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕО́Н (лац. Neon),
Ne, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 10, ат. м. 20,179, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 20—22; найб. колькасць па аб’ёме 20Ne (90,92%). У атмасферы 1,82∙10−3% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 разам з крыптонам, назва ад грэч. neos — новы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tпл −248 52 °C, tкіп −245,93 °C, шчыльн. 0,89994 кг/м (пры нармальных умовах). Хімічна інертны; атрыманы толькі клатраты (напр., Ne∙6H2O). Вылучаюць пры рэктыфікацыі вадкага паветра. Выкарыстоўваюць у газаразрадных крыніцах святла (чырвонае свячэнне), вадкі — як холадагент у тэхніцы нізкіх тэмператур, неонава-геліевую сумесь — як рабочае асяроддзе ў газавых лазерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСА́ДКІ,
1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.
П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш.Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РАў тэхніцы,
1) дапаможныя сплавы, якія выкарыстоўваюцца для ўвядзення легіруючых элементаў у вадкі метал (гл.Легіраванне).
Засваенне легіруючага элемента з Л. больш высокае і ўстойлівае, чым пры ўвядзенні яго ў чыстым выглядзе. Л. атрымліваюць сплаўленнем кампанентаў, што ўваходзяць у яе састаў, або ўзнаўленнем іх з руд, канцэнтратаў ці аксідаў. У якасці Л. выкарыстоўваюць медзь, ртуць (гл.Амальгама) і інш. Л. наз. таксама металы, якія ўводзяцца ў высакародныя металы для надання цвёрдасці, зніжэння іх кошту і інш. Колькасць Л. ў сплаве вызначаецца пробай. Для манет рэкамендуецца Л., найб. устойлівая да зношвальнасці. Напр., да золата і серабра дабаўляюць медзь; аптымальныя суадносіны для золата 9:1 (900-я проба), для серабра 5:1 (833-я проба).
2) У паліграфіі 2 злучаныя паміж сабой (злітыя) літары на адной ножцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАТЭРМІ́Я (ад алюміній + грэч. thermē цяпло),
від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.
Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬЮ́АРА ПАСУ́ДЗІНЫ (ад прозвішча Дж. Дзьюара),
пасудзіны з падвойнымі сценкамі, паміж якімі ствараецца высокі вакуум (з ціскам да 1,3 мПа). Служаць для цеплаізаляцыі рэчываў, што змяшчаюцца ў іх пры нізкай або высокай т-ры.
Невял. пасудзіны робяць з высокатрывалага шкла, значнага аб’ёму для прамысл. выкарыстання — з металу. З-за высокага вакууму паміж сценкамі практычна адсутнічае канвекцыйны цеплаабмен. Прамянёвы цеплаабмен памяншаюць паліраваннем і пакрыццём унутр. сценак тонкім слоем серабра, выкарыстаннем матэрыялаў з малым каэф. цеплаправоднасці. Пасудзіны для вадкага гелію і вадароду маюць экран, які ахаладжаецца вадкім азотам або паветрам. Дз.п. выкарыстоўваюць для захоўвання і перавозкі звадкаваных газаў, захоўвання рэчываў (тэрмасы), у крыягеннай тэхніцы (крыястаты), у электроніцы і навук. даследаваннях.
Дзьюара пасудзіны: а — шкляная лабараторная; б — металічная прамысловая для вадкага гелію або вадароду (1 — адсарбцыйная камера, 2 — вакуумная шматслойная ізаляцыя, 3 — вадкі азот для ахаладжэння, 4 — экран, 5 — вакуумная прастора).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,
інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЬ,
вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.