РО́БЕРТ БРУС, Роберт I Брус (Robert Bruce; 11.7.1274—7.6.1329),

кароль Шатландыі [1306—29]. Узначаліў барацьбу шатл. народа за незалежнасць ад Англіі. У 1314 у бітве пры Банакберне разграміў англ. армію, у 1322 адбіў новае ўварванне англічан у Шатландыю і заключыў перамір’е з Англіяй. У 1328 дамогся ад Англіі прызнання незалежнасці Шатландыі.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Іванавіч) (1460 ? — 1530),

военачальнік, дзярж. дзеяч ВКЛ. Гетман найвышэйшы ВКЛ (з 1497), кашталян віленскі (з 1511), ваявода трокскі (з 1522), член Рады ВКЛ. З роду Астрожскіх. Кіраваў паходамі на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы 1500 быў разбіты маскоўскімі войскамі, трапіў у палон, з якога ўцёк у 1507. У Аршанскай бітве 1514 перамог маскоўскія войскі, актыўны абаронца праваслаўя. Меў вял. маёнткі на Валыні, у Літве, на Беларусі, у т. л. Дзятлава, Тураў, Копысь з Раманавым, Гальшаны, Глуск, Смалявічы, Жыцін, Шашолы, Свіраны, Смаляны, Суша. У 1528 быў другім па колькасці падданых землеўладальнікам у ВКЛ (пасля віленскага ваяводы А.​Гаштольда). З усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных воінаў.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі. Мн., 1992.

К.І.Астрожскі. Партрэт невядомага мастака. 1-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (25.9.1771, С.-Пецярбург — 28.9.1829),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1813). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (гл. ў арт. Другі падзел Рэчы Паспалітай), задушэння паўстання 1794, Персідскага паходу 1796. У 1797—1805 у адстаўцы, з 1805 зноў у арміі. Удзельнік рус.-пруска-франц. 1806—07, рус.швед. 1808—09, рус.-тур. 1806—12 войнаў. У вайну 1812 камандаваў 7-м пях. корпусам, вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (23 ліп., каля Магілёва), Смаленскай бітве 1812, Барадзінскай бітве 1812, пад Малаяраслаўцам і Красным. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14 (бітвы пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Парыжам). У 1815—24 камандаваў 3-м і 4-м карпусамі. З 1824 у адстаўцы. Чл. Дзярж. Савета з 1826.

Літ.:

Почко Н.А. Генерал Н.​Н.​Раевский. М., 1971.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАТЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (каля 1510 — 12.6.1573),

рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭ́ЦЫЙ (Флавій) (Flavius Aëtius; каля 390, г. Сілістра, Балгарыя — 21.9.454),

палкаводзец Зах. Рымскай імперыі. З 425 патрыцый, неаднаразова выбіраўся консулам. Пад яго камандаваннем у 451 у бітве пры Каталаунскіх палях рым. войскі і іх саюзнікі разграмілі гунаў пад кіраўніцтвам Атылы. Забіты імператарам Валенцініянам III, які баяўся ўмацавання ўлады і аўтарытэту Аэцыя.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯЗІ́Д I Маланкавы

(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),

турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСДРУБА́Л Hasdrubal; ?—24.6.207 да н.э.), карфагенскі палкаводзец. Сын Гамількара Баркі, брат Ганібала. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) камандаваў карфагенскімі сіламі ў Іспаніі, атрымаў шэраг перамог над рымлянамі. У 207 да н.э. павёў войскі на дапамогу Ганібалу ў Італію, загінуў у бітве на р. Метаўр (Метаўра).

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ, Андрэй Полацкі (1325—99),

князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял. кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ, Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.),

правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)